Беларусь працягвае рэалізоўваць патэнцыял Канстытуцыі, абапіраючыся на замацаваныя ў ёй асноўныя каштоўнасці, і стаяць на абароне свайго народа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Чалавеку вельмі важна давяраць сваёй дзяржаве. Таму хачу запэўніць вас, беларускі народ, што мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць усіх, хто ўносіць дастойны ўклад у справу пабудовы моцнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Нам не патрэбны ўзрушэнні і рэвалюцыі, і мы не дапусцім у краіне якога-небудзь экстрэмізму. Нашы людзі могуць спакойна жыць, вучыцца і працаваць. Дзяржава і ў далейшым працягне ствараць умовы для свабоднага і дастойнага развіцця асобы, забяспечваць законнасць і правапарадак», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што стабільнасць краіны забяспечваецца ў першую чаргу моцнай уладай і яе вялікай падтрымкай абсалютнай большасцю людзей.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што дата сустрэчы з суддзямі выбрана невыпадкова, паколькі сёлета мы адзначаем 20-годдзе Канстытуцыі Беларусі. «Для нашай зусім яшчэ юнай дзяржавы Асноўны Закон стаў зыходным дакументам фарміравання нацыянальнай прававой сістэмы, гарантыяй захавання правоў і законных інтарэсаў грамадзян», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, вынікі рэспубліканскага рэферэндуму ў 1996 годзе забяспечылі ўмацаванне сістэмы дзяржаўнай улады, стварэнне эфектыўных грамадскіх і палітычных інструментаў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняцце Канстытуцыі з наступнымі змяненнямі мела першараднае значэнне для станаўлення Беларусі на шлях суверэннага развіцця. «За гэты перыяд зроблена нямала. Тыя, хто памятае 1990-я, можа аб'ектыўна параўнаць ажыццёўленыя ў краіне перамены і адзначыць развіццё нашай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэты год з'яўляецца юбілейным і для Канстытуцыйнага Суда. 20-гадовы перыяд яго станаўлення і развіцця паказаў, што ён па праве заняў дастойнае месца ў сістэме дзяржаўных органаў краіны, адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў 2008 годзе роля Канстытуцыйнага Суда была ўзмоцнена шляхам пашырэння яго паўнамоцтваў, надзялення функцыямі па папярэднім кантролі канстытуцыйнасці законаў. У гэтым годзе заканадавец уручыў яму найважнейшы юрыдычны інструмент — закон «Аб канстытуцыйным судаводстве». Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да суддзяў, адзначыў, што хацеў бы пачуць аб'ектыўную ацэнку дзейнасці Канстытуцыйнага Суда: «Знутры ж прасцей убачыць канкрэтныя праблемы і прычыны, якія, магчыма, перашкаджаюць паўнацэннаму функцыянаванню». Прэзідэнт дадаў, што чакае ад суддзяў прапаноў па дадатковых прававых рашэннях для ўстаранення праблемных момантаў, калі гэта неабходна.
Важна
меркаванне кожнага
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што просіць выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Прэзідэнт адзначыў, што дзейным скліканнем дасягнуты добрыя вынікі. «Але жыццё не стаіць на месцы, яшчэ вельмі многае трэба зрабіць. Таму вельмі важна, хто заўтра стане дэпутатам і далей працягне стваральную працу на карысць нашай краіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«У дні галасавання ў нашых грамадзян ёсць магчымасць самастойна адказаць на гэта пытанне. І таму я звяртаюся да нашых людзей і прашу прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой усвядомлены выбар. Для нас важнае меркаванне кожнага чалавека», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выбары павінны прайсці ў спакойнай абстаноўцы. «І я запэўніваю вас, што мы забяспечым бяспеку ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Сіл і сродкаў для гэтага ў нас дастаткова», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.