Каб атрымаць крэдыт на нерухомасць, можна прадставіць у разлік нават бабуліну пенсію
Гэтымі днямі яшчэ адна камерцыйная фінустанова — БПС-Ашчадбанк — пасля доўгага перапынку аднавіў свае праграмы фінансавання нерухомасці. На афіцыйным сайце
банка паведамляецца, што цяпер пазычыць грошай на куплю або будаўніцтва жылля тут можна на 20 гадоў пад стаўку да 45,5% гадавых.
Такі крэдыт, «Класічны», будуць даваць і на набыццё зямельных участкаў на аўкцыёне ці на другасным рынку зямлі. Мінімальная сума крэдыту складае 10 млн рублёў, а максімальная — залежыць ад спосабу забеспячэння па крэдыце. Калі кліент адшукае сур'ёзных паручыцеляў (фізічныя або юрыдычныя асобы), то можна разлічваць на памер да 80% ад кошту жылля, але не больш за 150 тысяч долараў у эквіваленце.
Пры закладзе маёмасці ці маёмасных правоў банк прафінансуе да 70% кошту такога аб'екта нерухомасці.
Галоўны плюс такога крэдыту — для разліку максімальнай сумы пазыкі бярэцца не толькі заробак аднаго заяўніка, а сукупны даход усёй сям'і, у тым ліку сваякоў першай лініі (муж ці жонка, дзеці, бацькі і дзядулі з бабулямі). Мінусам тут з'яўляецца зменлівая стаўка па крэдыце, якая «плавае» разам са змяненнем стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі.
Атрымліваецца, што калі вы вырашылі купіць кватэру за 50 тысяч долараў, то максімум, што можна папрасіць у банка, — гэта 40 тысяч долараў, або 395 млн рублёў у эквіваленце. Астатнюю суму прыйдзецца шукаць самастойна. Спецыялісты банка падказалі нам, што для атрымання крэдыту на такую суму сукупны даход сям'і павінен быць не менш за
32 мільёны рублёў у месяц.
Нагадаю, што крыху раней аднавіў крэдытаванне на куплю або будаўніцтва нерухомасці Белгазпрамбанк. Там крэдыт выдаецца на 15 гадоў, калі такімі сродкамі можна пакрыць да 70% кошту жылля. З моманту атрымання грошай і да прадастаўлення ў банк дагавора аб іпатэцы працэнтная стаўка складзе 46,5% гадавых (СР+23 п.п.). Пасля рэгістрацыі ўсіх дакументаў карыстанне грашыма стане танней на адзін працэнтны пункт — 45,5%.
А вось дзяржбанкі крэдытуюць толькі будаўніцтва жылля, прычым самыя танныя пазыкі выдае Беларусбанк. Іх крэдытная лінія можа прафінансаваць да 75% кошту будучай кватэры пад 38,5% гадавых на тэрмін 15 гадоў. У Белаграпрамбанку можна разлічваць на суму ў 90% ад цаны будаўніцтва пад 45% гадавых. Тут максімальны тэрмін крэдытавання — 20 гадоў. Нагадаю, што пры гэтым для разліку максімальнай сумы крэдыту дзяржбанкі бяруць у разлік толькі чысты даход аднаго заяўніка. У Белгазпрамбанку прынцып прыкладна такі ж. Але для павелічэння сумы крэдыту можна прыцягнуць паручыцеляў. Праўда, у разлік возьмуць толькі чвэрць іх даходу.
Сяргей КУРКАЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.