Гадавіну абрання Папы Рымскага Францішка беларускія каталікі адзначылі набажэнствамі ў розных гарадах краіны. У мінскім архікатэдральным касцёле ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі адмысловую імшу ўзначаліў апостальскі нунцый, архіепіскап Клаўдыа Гуджэроці.
Я добра памятаю тыя снежныя сакавіцкія дні, калі падчас канклава ў катэдры панавала хвалюючая атмасфера. Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам пасля імшы вернікі ўважліва сачылі па вялікім экране за тым, як у Ватыкане вось-вось распачнецца галасаванне. У выніку канклава новым папам стаў аргенцінскі кардынал, езуіт Хорхе Марыа Берголья, аматар футболу, прозы Дастаеўскага і Борхеса, які выбраў сабе імя Францішак. Яго рыторыка адразу захапіла тысячы вернікаў па ўсім свеце. Ён адмовіўся жыць у папскіх апартаментах, зарэгістраваўся ў «Фэйсбуку», памяняў браніраваны аўтамабіль на адкрыты, без ваганняў прыняў у абдымкі хворага на нейрафібраматоз, а на сняданак у свой дзень народзінаў запрасіў чатырох жабракоў. Ён актыўна адгукаецца і на палітычныя «выбухі» часу і заклікаў саміт G-20 знайсці мірнае вырашэнне для крызісу ў Сірыі. Цікавіцца Папа і нашай краінай. Між іншым, гэта менавіта ён упершыню за 14 гадоў прызначыў у Беларусі трох новых епіскапаў і даслаў ліст адданай верніцы Ядвізе Пастэрнак з Вілейшчыны... Новы пантыфік — вельмі сціплы чалавек. Падчас набажэнства апостальскі нунцый распавёў адметную гісторыю. У сталовай Дома святой Марты, дзе жыве Папа, Клаўдыа Гуджэроці не ўбачыў стала, за якім раней сядзеў пантыфік. Ён заўважыў Папу за сталом, схаваным за калонай. На здзіўленне нунцыя Францішак адказаў, што «больш не мог там есці, бо ўсе прыходзілі сфатаграфавацца з ім».
— Папа Францішак — чалавек, які хоча служыць Хрысту, — заўважыў ахіепіскап Клаўдыа Гуджэроці.
— Бог заўсёды знаходзіць людзей, якія вядуць Касцёл да нябеснага валадарства. Нават тады, калі мы гэтага не разумеем. Гэтым разам Бог запрасіў чалавека з далёкай краіны. На гэтую зямлю ў свой час прыехалі еўрапейцы, якія амаль усе былі бедныя. Сям'я будучага папы таксама была ў пошуках заробку. Ён прыйшоў, каб сказаць перадусім жыхарам Заходняй Еўропы, што «вы выраслі ў матэрыяльнай забяспечанасці, шукаеце рацыянальнага тлумачэння Боскай таямніцы. Вы забыліся на голад. І калі чалавек галодны, ён мае патрэбу адчуваць сябе асобай, а не чарвяком. І што іншае, як не позірк Айца, яго вочы, якія глядзяць з любоўю, даюць чалавеку адчуваць сябе асобай?». У Беларусь ужо прыйшла вясна, а гэты Папа прынёс вясну ў Касцёл, радасць убачыць сонца.
— Ён толькі год на прастоле, але ўжо прызнаны часопісам «Tіme» чалавекам года, з'яўляецца кандыдатам Нобелеўскай прэміі міру. На яго плячах клопат аб паўсюдным Касцёле, — адзначыў падчас імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч. — Таксама і аб Касцёле Беларусі. У свой час Ісус сказаў святому Францішку: «Адбудуй мой Касцёл». І Папа Францішак гэтыя словы Хрыста адрасуе сабе. Заданні, якія сёння стаяць перад Касцёлам, вельмі важныя, і Папа хоча іх вырашыць. З дапамогай нашай малітвы таксама.
Тарас ШЧЫРЫ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.