Колькі разоў бываў у дзяцінстве ў Крыме не мог падумаць, што ён стане прычынай такіх жорсткіх спрэчак палітыкаў. Аднак самае цікавае ва ўсёй гэтай сітуацыі тое, што кепска сябе адчуваюць абсалютна ўсе.
У самім Крыме людзі пачалі запасацца прадуктамі харчавання, што адразу паўплывала на цэны. Вырас кошт і на паліва. У той жа час на «мацерыковай» Украіне шмат сваіх праблем, дзеля вырашэння якіх новыя ўлады ідуць на меры вельмі жорсткай эканоміі, прычым у першую чаргу ў дзяржаўных арганізацыях. Вырашана абмежаваць зарплаты чыноўнікам, скараціць колькасць службовых аўтамабіляў, «зрэзаць» выдаткі на камандзіроўкі і іншае. Ці дапаможа гэта, пакажа час. Акрамя таго, Украіна не хоча аддаваць Крыму, напрыклад, радовішчы нафты ў Чорным моры, страта якіх таксама не станоўча адаб'ецца на эканоміцы нашай суседкі. У найбліжэйшы час казаць аб «сіле» грыўні наўрад ці прыйдзецца.
На гэтым фоне паміж Расіяй і Еўрасаюзам са Злучанымі Штатамі назіраецца ўзаеманявыгадны абмен уколамі «эканамічных рапір». На гэтым фоне расійскі рубель апускаецца яшчэ ніжэй. Але чэргаў у абменніках не назіраецца. З псіхалагічнага пункту гледжання, гэта тлумачыцца тым, што ўвага расіян адцягнута падзеямі ва Украіне. Вось толькі менавіта яны і з'яўляюцца галоўным фактарам слабасці рубля — усе чакаюць вынікаў рэферэндуму аб статусе Крыма, што адбудзецца ў нядзелю. Можа прыйсці яшчэ адзін «чорны панядзелак», як 3 сакавіка, калі рубель вельмі патаннеў.
Можа падацца, што ў выдатным стане знаходзяцца хаця б долар і еўра. Аднак не. Асабліва «еўрапеец», які пасля нядаўніх заяў кіраўніка Еўрапейскага Цэнтрабанка Марыа Драгі можа пайсці ўніз. Справа ў тым, што ЕЦБ нарэшце звярнуў увагу на ненармальна высокі курс еўра, які пачаў гуляць не на карысць Еўропы.
У Беларусі на валютнай біржы таксама было неспакойна. Еўра то анамальна паднімаўся, то такім жа чынам падаў. У выніку ён падаражэў за тыдзень на 40 рублёў (плюс 0,3%) да 13610. Долар жа падняўся на 30 рублёў (плюс 0,3%) да 9820. Расійскі рубель зноў патаннеў — яшчэ на 2 грашовыя адзінкі (мінус 0,7%) да 268.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.