У Кіеве прагматычна прадумаюць свае крокі і зробяць той выбар, які ацэніць і бізнес, і простыя людзі. Так заявіў журналістам Аляксандр МІХНЕВІЧ, першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, каментуючы магчымы выхад Украіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Дыпламат падкрэсліў, што выхад з гэтага аб'яднання — суверэннае права кожнай дзяржавы-ўдзельніцы. «Ніхто яго не аспрэчвае і не збіраецца аспрэчваць, — патлумачыў ён. — Аднак, разам з тым, нават павярхоўны цвярозы аналіз удзелу Украіны ў Садружнасці паказвае відавочнасць цэлага шэрагу плюсоў: тут і пытанні гандлю, у цэлым знешнеэканамічных сувязяў, і шматлікія фарматы супрацоўніцтва ў сферы транспарту, энергетыкі, сувязі, барацьбы са злачыннасцю...»
Нагадаем, у сродках масавай інфармацыі паведамленні пра такі намер суседняй дзяржавы з'явіліся пасля заявы выканаўцы абавязкаў міністра замежных спраў Украіны Андрэя Дзяшчыцы. Ён падкрэсліў, што арганізацыя і яе ўдзельнікі не рэагуюць на патрабаванні Кіева правесці экстраннае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін СНД па «крымскай праблематыцы».
Аляксандр Міхневіч заўважыў, што Беларусь, у прынцыпе, не выступала супраць неабходнасці абмеркавання сітуацыі ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Мы прапанавалі абмеркаваць зварот Украіны на першым этапе на ўзроўні пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў, — расказаў намеснік міністра замежных спраў. — Пастаянныя прадстаўнікі гэтае пытанне разгледзелі і калектыўна выпрацавалі прапанову аб правядзенні сустрэчы намеснікаў міністраў замежных спраў краін Садружнасці 14 сакавіка гэтага года ў Мінску».
Таксама Аляксандр Міхневіч акцэнтаваў увагу на тым, што, улічваючы глыбіню крызісу, прапанова Украіны сабрацца ў Кіеве была не самай удалай. Па яго словах, першапачаткова можна было меркаваць, што з гэтым наўрад ці будуць згодны ўсе краіны-ўдзельніцы. «Выбар Мінска ўяўляецца найбольш аптымальным, — заўважыў прадстаўнік беларускага дыпламатычнага ведамства. — Мінск з'яўляецца нейтральнай пляцоўкай, якая дазваляе правесці абмеркаванне ў аб'ектыўным і непрадузятым рэчышчы. Тут размешчана штаб-кватэра Садружнасці. Акрамя таго, Беларусь з'яўляецца сустаршынствуючай дзяржавай у СНД».
Прадстаўнік МЗС адзначыў, што рашэнне Украіны аб непрымальнасці для яе ўзроўню ўдзельнікаў сустрэчы было ўспрынята ў беларускім дыпламатычным ведамстве са шкадаваннем. «Як і другія калегі па СНД, мы разглядалі размову на ўзроўні намеснікаў міністраў у якасці аднаго з магчымых фарматаў для абмеркавання сітуацыі, якая складваецца», — падкрэсліў Аляксандр Міхневіч. Па яго словах, МЗС Беларусі па-ранейшаму выступае за сустрэчу ў беларускай сталіцы.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.