Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014
Фонд Алеся Бачылы ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі
Алесь Бачыла (1918 — 1983) — яркае імя ў беларускай паэзіі. Многія яго вершы — адлюстраванне і нашых патаемных перажыванняў. Гэта якраз ён напісаў праніклівыя радкі: “Дзе ж яшчэ ёсць такая на свеце, як ты? / Над якою зямлёй ідучы, / Так праменіцца сонца святлом дабраты, / Шчыра так “калі ласка” гучыць?” Так, радкі пра Радзіму, пра Беларусь нашу…
Нарадзіўся Алесь Бачыла на Пухавіччыне, у маляўнічай вёсачцы Лешніца. “Я ж цябе, быццам матчынай ласкі, трымаюся. / І ў якіх ні блукаў бы далёкіх краях, / Дзе б не быў, а заўсёды ў пачуццях вяртаюся/ да цябе, мая Лешніца, вёска мая”. І далей: “Да сваіх землякоў. З кім быў лёсам заручаны, / Дарагіх успамінаў дзіцячай пары... / Мне і сёння паводкай шуміць Закаблучанка, / Шэпчуць гонкія сосны з высокай гары”.
Першая кніга паэта — “Шляхі” — пабачыла свет у 1946 годзе. Паэт друкаваўся не так ужо і шмат. Але ва ўсе гады імкнуўся працаваць роўна. Мо хіба ў некаторай ступені выключэннем з’яўляюцца 1955, 1958, 1964, 1965 гады. У 1955-м — верш у калектыўным зборніку ўспамінаў пра Янку Купалу і адзін верш у “Чырвонай змене”. У 1964-м была публікацыя ў газеце “Літаратура і мастацтва” — “Юнацкі свет Валодзі Ульянава”. Праўда, крыху друкаваўся ў тым годзе і з перакладамі. Нават з кітайскай паэзіі.
І ўсё ж паэт працаваў даволі інтэнсіўна. Сведчаннем таму — архіў Алеся Мікалаевіча, значная частка якога захоўваецца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Цэнтр гэтай асветніцкай установы знаходзіцца ў вёсцы Блонь, непадалёку ад Мар’інай Горкі. У самой жа Мар’інай Горцы — карцінная галерэя музея. Тут размяшчаюцца яго фонды. Тут і літаратурны пакой Алеся Бачылы. Усе матэрыялы, якія старанна захоўвала жонка Алеся Мікалаевіча — Яўгенія Яфрэмаўна, перададзены ў музей сынам паэта Барысам Аляксандравічам. Адбылося гэта на пачатку 2000-х гадоў. Перадача матэрыялаў і бібліятэкі адбывалася ў некалькі этапаў. Варта заўважыць, што гэты працэс суправаджаўся шэрагам мерапрыемстваў, якія ў памяць пра Алеся Бачылу арганізавалі музей і Пухавіцкая раённая бібліятэка пры падтрымцы Пухавіцкага райвыканкама. Старшыня райвыканкама Фёдар Караленя, намеснік старшыні Таццяна Ішуцінава — надзейныя сябры музея, якія падтрымліваюць многія ініцыятывы па ўшанаванні памяці пра землякоў.
Якія ж каштоўнасці захоўваюцца ў фондах? Многія матэрыялы прадстаўлены ў ксеракопіях. Гэта сведчыць пра тое, што зборы Алеся Бачылы перадаваліся і ў іншыя ўстановы. І ўсё ж “пухавіцкі збор Алеся Бачылы” не можа не ўражваць. Багатая калекцыя фотаздымкаў. Некаторыя з іх вядомыя па публікацыях у кнігах паэта, у пасмяротным 3-томным Зборы твораў. Але большасць — арыгіналы. Гэта датычыць і здымкаў 1940 — 1950-х гг. Вельмі цікавая частка фотаграфічнага збору часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У біябібліяграфічным даведніку “Беларускія пісьменнікі” пра ваенны лёс паэта пазначана наступнае: “…Завочна закончыў Мінскі настаўніцкі інстытут (1939). Восенню гэтага года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў старшым пісарам Прыволжскай ваеннай акругі, намеснікам палітрука роты, батарэі Закаўказскай ваеннай акругі (1939 — 1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай ваны. У 1942-м уступіў у КПСС. Сакратар ваенкама штаба арміі ў Іране, на Крымскім фронце (1941 — 1943), літсупрацоўнік дывізійнай газеты “В бой за Родину!» (Варонежскі, 2-і Беларускі, 1-ы Прыбалтыйскі франты). Пасля дэмабілізацыі з 1946-га працаваў адказным сакратаром “Настаўніцкай газеты”…”
На фронце Алесь Бачыла пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Акрамя ваенных фотаздымкаў Яўгеніі Яфрэмаўны пра той час сведчыць рукапіс яе ўспамінаў — у агульным сшытку і ў блакноце. З франтавой біяграфіяй пісьменніка звязаны і некаторыя фотаздымкі, дзе Алесь Бачыла сярод сяброў па рэдакцыі “дывізіёнкі”, са сваімі франтавымі таварышамі.
Асобнае месца займаюць творы А. Бачылы. Гэта падборка вершаў, рукапіс зборніка “Белы бярэзнік” (з праўкамі аўтара), які з’яўляецца адной з найболей яркіх кніг аўтара “Радзімы маёй дарагой”. Захоўваюцца тут і лібрэта да оперы А. Бачылы “Калючая ружа”, праграма да яе і рукапіс “Калючай ружы”, афіша рэпертуару тэатра оперы і балета на сезон 1961 — 1962 гг., п тпксама іншыя матэрыялы, якія сведчаць пра зацікаўленне паэта тэатрам.
Значную частку архіва складаюць эпісталярныя дакументы. Ёсць лісты рускага паэта Канстанціна Ваншэнкіна, Яўгеніі Яфрэмаўны і самога А. Бачылы да жонкі, тэлеграма ад Я. Судрабкална (1969 год), ліставанне з дачкой беларускага “нашаніўскага” пісьменніка Альберта Паўловіча, славутай дзяячкай беларускага асветніцтва Зоськай Верас (як ксеракопіі лістоў, так і арыгіналы), з якою А. Бачыла актыўна ліставаўся ў звязку з работай над кнігай “Дарогамі Максіма”. Вось што ўспамінала З. Верас у адказ на мае даўнішнія роспыты: “Збіраючы матэрыялы да сваёй кніжкі “Дарогамі Максіма”, Алесь Мікалаевіч не мог не пацікавіцца маімі ўспамінамі з 1916 года, калі мы з Максімам Багдановічам на працягу 5 месяцаў спатыкаліся кожны дзень. І то не на якіх-небудзь пасяджэннях, а зусім прыватна. Ліставаньне ў такім выпадку рэч маланадзейная. Найлепшае — асабістая сустрэча.
І вось Алесь Мікалаевіч летам 1970 года прыехаў у Вільню.
Немала меў клопату, пакуль адшукаў наш лясны дамок, але неяк знайшоў.
Я спаткала яго каля брамкі на панадворку. Знаёмства завязалася хутка, і аднесліся мы адно да другога з поўным даверам. Я з прыемнасцю падзялілася з Алесем Мікалаевічам сваімі ўспамінамі аб М. Багдановічу.
Часу да цягніка, якім Алесь Мікалаевіч ад’язджаў у Менск, заставалася шмат, і А. М. захацеў паглядзець горад і могілкі “Росса”, дзе пахавана нямала беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і дзеячаў… Сын мой ахвотна згадзіўся зрабіць экскурсію па горадзе…
Яны — мой сын і Алесь Мікалаевіч — былі амаль аднагодкі і хутка пасябравалі… Пасьля гэтай першай сустрэчы мы з А. М. пачалі рэгулярна карэспандаваць.
Цікавыя лісты пісаў мне А. М. Бачыла, дзяліўся плянамі на будучыню, прысылаў ўсе свае новыя кніжкі — зборнікі вершаў…
Усё гэта перахоўваю як дарагую памятку. Пару гадзін першай — і, на вялікі жаль, апошняй — сутрэчы, шчырай гутаркі назаўсёды засталіся ў памяці.
Л. Войцік”. (Захаваны правапіс З. Верас.)
Сярод іншых эпісталярый — лісты Пімена Панчанкі, Рыгора Няхая, паштоўка ад Максіма Танка.
Повязь у Алеся Бачылы з Пухавіччынай трывалая. Землякі адзначаюць кожны юбілей паэта. Адна з вуліц Мар’інай Горкі носіць яго імя. Дязкуючы менавіта замове землякоў выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” выпусціла некалькі гадоў назад зборнік А. Бачылы “Радзіма мая дарагая”. Несумненна, развіццю літаратурна-краязнаўчай работы ў асэнсаванні спадчыны Алеся Бачылы і яго месца ў гісторыі і Пухавіччыны, і беларускай літаратуры будзе спрыяць наяўнасць архіва паэта ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі, магчымасць карыстацца ўнікальнымі цікавымі дакументамі. У многім заслуга ў фарміраванні калекцыі дакументаў і кніг Алеся Бачылы належыць дырэктару музея Аляксандру Прановічу.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Алесь Бачыла, сын Барыс і жонка.
Фота з фондаў Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.