Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014
Ганна Сілівончык — таленавітая мінская мастачка. І да таго ж, вельмі крэатыўная. Яе карціны надоўга застаюцца ў памяці, а выразныя вобразы ўздымаюць настрой і прымушаюць задумацца над простымі і важнымі рэчамі. На пачатку першага месяца вясны мастачка адкрыла адразу дзве персанальныя выстаўкі.
Экспазіцыя пад вясёлай назвай “Шуры-муры” размясцілася ў галерэі “Newday”. У легкадумнай, на першы погляд, назве — любімая тэма творчасці Ганны і вечная тэма мастацтва — каханне. пытаннямі. Вобразы ў работах алегарычныя, зразумелыя і не без гумару.
Падчас выстаўкі творца сустракала гасцей у яркім адзенні і добрым настроі. Усіх запрашала частавацца цукеркамі і размаўляла з кожным жадаючым, ахвотна пазіравала для фотаздымкаў. Карэспандэнту “ЛіМа” Ганна паведаміла: “На работы мяне натхняе жыццё. Гэта ўсё выключна жывапіс з натуры: што бачу, тое і пішу,— ніякіх домыслаў. Але з агаворкай — увасабляю ўсё не літаральна, а ў выглядзе розных сімвалаў. З аднаго боку, я пішу карціны пра сябе і пра тое, што бачу навокал, з іншага — не называючы імёнаў і не канкрэтызуючы, прамаўляю агульна і зразумела кожнаму”.
Мастачка таксама прызналася, што ў яе ніколі не было куміраў ні ў жывапісе, ні ў музыцы, ні ў літаратуры. “Я не магу выдзеліць аднаго чалавека, у якога ўся творчасць на найвышэйшым узроўні. Выдатнага існуе шмат, у кожнага мастака можна знайсці нешта любімае для сябе,” — адзначыла Ганна.
Часцей за ўсё творца працуе ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу, але не цураецца і эксперыментаў. Часам выкарыстоўвае тэкстурныя пасты, робіць калажы з фактурных шпалераў, малюе акрылавымі фарбамі, каляровымі алоўкамі, фламастарамі. Г. Сілівончык неаднаразова прымала ўдзел у розных выстаўках, у тым ліку і за межамі Беларусі. Яна з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і мае медаль “Талент і прызванне” міжнароднага альянса “Міратворца”. Яе працы можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў ЗША ды іншых. Карціны мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі і Польшчы.
А ў Італьянска-беларускім цэнтры культурных абменаў “Італьянскі свет” адкрылася яскравая і вясёлая выстаўка “Сакавіцкія зайцы” Ганны Сілівончык. Адкрыццё было такім жа яркім і запамінальным, як і самі карціны. Прыемным сюрпрызам стала выступленне спявачкі Жанет. Ганна Сілівончык таксама забаўляла гасцей: чытала вершы пра зайцоў, праводзіла конкурсы, раздавала падарункі-паштоўкі з выявамі ўласных карцін. Для маленькіх наведвальнікаў праводзіўся майстар-клас па вырабе арыгінальных масак-зайцоў. Да таго ж, усіх прысутных частавалі маркоўным сокам, пірагом з капустай ды іншымі “заечымі радасцямі”.
Кожнаму, хто яшчэ не паспеў адчуць надыход вясны, будзе карысна наведаць выстаўкі Ганны Сілівончык. Яркія карціны з вясёлымі сюжэтамі падымуць настрой нават самаму засмучанаму чалавеку.
Марыя ГАЛУБЦОВА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.