Вы тут

Беларускі шлях Кабзара


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014

Тарас Шаўчэнка і Беларусь — тэма шматаспектная і яскравая. Памыляецца той, хто лічыць, што Шаўчэнка прыйшоў у беларускую культуру пераважна дзякуючы дзейнасці “Нашай Нівы”, што адзіным украінскім кумірам для нашаніўцаў быў Кабзар.

КабзарУкраінская школа

Шаўчэнка сапраўды прыцягваў увагу ўдзельнікаў нашаніўскага руху. Але з яго імем фарміравалася тагачасная ўкраінская дэмакратычная думка, здзяйсняліся пісьменніцкія пошукі і ўкраінскага ўсходу, і ўкраінскага захаду. Нацыятворчыя памкненні ўкраінскіх дзеячаў мастацтва, увага да “маленькага” чалавека, прыгнечанага сацыяльна, нацыянальна, былі блізкімі і тагачаснай беларускай літаратуры. Нашаніўцы, натхнёныя Шаўчэнкавым геніем, пісалі пра Івана Франко, Лесю Украінку, знаёмілі чытачоў з найноўшымі публікацыямі ўкраінамоўных часопісаў ХІХ — пачатку ХХ ст. У прыватнасці, газета шырока прапагандавала творчасць Васіля Стафаніка праз пераклады яго прозы, дасканалай па форме, глыбокай па змесце. На “школе” гэтага навеліста выхоўваўся, па яго ўласным прызнанні, і знакаміты Кузьма Чорны, а пад уздзеяннем Шаўчэнкі пачыналі свой творчы шлях многія пісьменнікі-адраджэнцы, найперш Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун.

З Вільні...

Нагадаем, што ва ўзросце пятнаццаці гадоў Тарас як прыгонны служка суправаджаў свайго пана, які з украінскага поўдня праз беларускія землі кіраваўся ў Вільню, — і мінуў Лоеў, Рэчыцу, Жлобін, Бабруйск, Ігумен, Мінск. Менавіта тады паэт упершыню пазнаёміўся з беларусамі і іх жыццём. Пазней у аповесці “Музыкант” ён апісаў сваё першае знаёмства з краем “постоянно голодным”. Шаўчэнка знаходзіўся ў Вільні з восені 1829 г. па люты 1831-га. Разам з сям’ёю пана ён жыў у самым цэнтры горада, побач з Віленскім універсітэтам. Шаўчэнку пашчасціла атрымаць там урокі малявання ад вядомага віленскага мастака Яна Рустэма. З маленства Тарас быў далучаны не толькі да ўкраінскай, але і да польскай мовы. Ежы Енджаевіч, польскі пісьменнік, у творы “Украінскія ночы, ці Радавод генія”, прысвечаным Т. Шаўчэнку, паказвае, што будучы паэт ужо ў час той вандроўкі пачынае прыслухоўвацца да праблем віленска-варшаўскага асяроддзя. Рэвалюцыйныя падзеі 1830-х гг. — адзін з важкіх чыннікаў фарміравання творцы: у Вільні перад ім прыадкрыўся новы свет, свет дэмакратычных змаганняў Еўропы.

У юнака назаўсёды захаваліся ўспаміны пра віленскія краявіды, выдатную архітэктуру, людзей і падзеі таго часу, пра што сведчаць яго запісы ў “Дзённіку”, згадкі пра Вільню ў творах “Музыкант”, “Варнак”. “Вільня такая ж дарагая майму сэрцу, як і твайму”, — пісаў Шаўчэнка ў лісце да Браніслава Залескага, марачы пра сустрэчу з сябрам у Вільні, пра сумесную малітву перад Вастрабрамскай іконай. Ёсць у Шаўчэнкі верш, пазначаны паводле яго першага радка, “У Вільні, городі преславнім…”, які не можа не скіраваць беларускага чытача да алюзій уласнанацыянальнага гісторыка-культурнага характару.

У Пецярбург

Шаўчэнка ўсвядоміў беларускасць Вільні ўжо ў Пецярбургу. Паводле ўспамінаў пецярбургскіх калег, ён быў пазітыўным чалавекам, любіў людзей, ствараў сваёй прысутнасцю атмасферу сяброўства. Шаўчэнкаў магнетызм выявіўся прыцягальным і для выхадцаў з беларускіх зямель. Пра гэта сведчыць праца Рамуальда Зямкевіча “Тарас Шаўчэнка і беларусы” (1911). Аўтар паспеў сабраць успаміны рэальных людзей, якіх звязваў Пецярбург сярэдзіны ХІХ ст. Як давёў Зямкевіч, Шаўчэнка сябраваў з беларускімі пісьменнікамі Янам Баршчэўскім, Рамуальдам Падбярэскім і іх акружэннем, звязаным з Вільняй. Кабзар “прасіў іх, каб чыталі яму свае беларускія творы, і асабліва зацікавіўся народнымі беларускімі песнямі”. Шаўчэнка крытыкаваў асобныя творы, а іншыя хваліў, даваў аўтарам парады, заахвочваў іх пісаць на роднай мове, з захапленнем выказваўся пра беларускія песні. Асабліва высока ён ацаніў ананімную паэму “Энеіда навыварат”, заўважыўшы, што ў ёй найболей беларускага народнага элемента.

Шаўчэнка падзяліўся са сваім сябрам уражаннямі ад Беларусі падчас паездкі з Пецярбурга на Украіну ў 1843 г. Гэтым разам яго “беларускі тракт” прайшоў праз Віцебск, Оршу, Шклоў, Магілёў, Прапойск, Чачэрск, Гомель. Рамуальд Падбярэскі ў газеце “Tygodnik Peterburski” (1844, 5 снежня), якая мела распаўсюджанне і на беларускіх землях, надрукаваў рэцэнзію на альбом Шаўчэнкавых малюнкаў “Живописная Украина”. Аўтар даў высокую ацэнку як мастацкім, так і паэтычным творам, прыгадваў кнігу «Кабзар», паэмы “Гайдамакі”, “Трызна”, “Гамалія”.

У 1860-х гг. Т. Шаўчэнка знаёміцца з новым колам пецярбургскіх беларусаў, сярод якіх — скульптар Міхаіл Мікешын, аўтар помніка Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве. Асобна варта адзначыць кантакты з Віктарам Каліноўскім, родным братам Кастуся Каліноўскага. Зразумела, тэма Беларусі і Вільні ўзнімаецца на новым узроўні. Згадаем таксама, што менавіта ў Вільні былі надрукаваны першыя польскамоўныя пераклады Шаўчэнкі, і дачыненне да гэтага мелі польска-беларускія пісьменнікі, у прыватнасці, зборнік “Кабзар” пераклаў Уладзіслаў Сыракомля (пераклад 1861 г., друк 1863 г.).

Падступнае двухмоўе

Кніжка пачыналася невялікай прадмовай, якая выяўляла стаўленне перакладчыка да вялікага паэта: “Тарас Шаўчэнка, паэт, наш сучаснік, які вядомы сваімі рознымі цікавымі жыццёвымі прыгодамі, заслугоўвае прызнання найбольшага сёння песняра Украіны. Адчуваючы, што яшчэ дачасна рабіць аналіз жыцця і творчасці жывога аўтара, мы пераклалі без каментарыяў ягоны “Кабзар”, збор вершаў і паэм, што вызначаюцца мужнасцю, сілай, глыбокім веданнем народа і любоўю да яго. Украінская паэзія, якая распачала новую эру, не можа быць для нас чужой”. Перакладаючы паэзію Тараса Шаўчэнкі на шырока распаўсюджаную польскую мову, Сыракомля, як і ва ўласнай творчасці, адрасаваўся найперш да беларусаў. З дапамогай Шаўчэнкі ён імкнуўся ажывіць нацыянальную і сацыяльную свядомасць землякоў, для якіх прыклад самаахвярнага служэння аўтара “Кабзара” ўкраінскай мове, культуры, роднаму народу шмат што значыў. Асабліва важна гэта было напярэдадні паўстання 1863 г.

Трэба прызнаць, што ўкраінскія навукоўцы, на вялікі жаль, не ўлічваюць сітуацыі двухмоўя, якая была характэрнай асаблівасцю беларускага літаратурнага працэсу ХІХ ст. Таму беларускае акружэнне Шаўчэнкі праз яго валоданне польскай мовай пераважна трактуецца… як польскае. Так, у прыватнасці, у выданні “Шевченкова енциклопедія” (Київ, 2012, т. 1) пра Вільню пішацца наступнае: «У 19 ст. Вільно — місто чотирьох культур: польської, литовської, російської і єврейської». Відавочна, у гэтым выявілася і недастаткова выразнае папярэдняе пазіцыянаванне праблемы беларускімі навукоўцамі.

Распачатае Багдановічам навуковае асэнсаванне сакрэтаў паэтыкі Шаўчэнкі працягвалася беларускімі літаратуразнаўцамі праз усё ХХ ст. Сёння ж беларускія даследчыкі паглыбляюцца ў сферу судакранання творчасці Шаўчэнкі з іншымі славянскімі літаратурамі. У прыватнасці, В. Рагойша, М. Хмяльніцкі па-новаму звяртаюцца да тэмы “Шаўчэнка і польская літаратура”, бо многія з творцаў, якія гарнуліся да Кабзара, з’яўляліся польска-беларускімі пісьменнікамі.

 Таццяна КАБРЖЫЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.