Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014
Не так даўно, падчас семінара для кнігавыдаўцоў у Інстытуце імя Гётэ ў Мінску, кіраўнік аддзела продажаў і маркетынгу нямецкага выдавецтва “Піпер Ферлаг” спадар Ціна Улеман распавядаў, што сёння ў асартыменце кнігарняў Германіі толькі 6 працэнтаў ад агульнай колькасці займаюць выданні для падарожнікаў — спецыялізаваныя турыстычныя даведнікі. Паводле меркавання спецыяліста, праз некалькі год гэты сегмент літаратуры ўвогуле можа знікнуць: вандруючы, людзі часцей і часцей карыстаюцца інтэрнэтам.
Думаецца, слушная заўвага, але толькі ў дачыненні да звычайных даведнікаў, што могуць адно падказаць маршрут і параіць, якія мясціны наведаць. Раманы, аповесці, апавяданні альбо падарожныя нататкі, дзе аўтары-спецыялісты апісваюць свае ўражанні ад вандровак у далёкія і загадкавыя краіны, заўсёды будуць актуальнымі і не знікнуць з кнігарняў. Варта хаця б прыгадаць “Аднапавярховую Амерыку” — кнігу Ільфа і Пятрова пра двухмесячнае падарожжа па Злучаных Штатах, такой загадкавай для савецкага жыхара 1930-х гадоў краіне. Ці “Рускі дзённік” нобелеўскага лаўрэата Джона Стэйнбека, мэтай якога было паказаць жыццё ў СССР у гады халоднай вайны. Сёння мы з задавальненнем гартаем падарожныя нарысы Цёткі “З дарогі” і “Успаміны з паездкі ў Фінляндыю”, напісаныя ў пачатку ХХ стагоддзя, а таксама звяртаемся да публіцыстычных кніг нашага сучасніка Уладзіміра Познера “Тур дэ Франс” і “Іх Італія. Падарожжа-разважанне”. Гэты спіс можна доўжыць і доўжыць… Але ў ім, нарэшце зважаючы на загаловак тэксту, абавязкова варта згадаць кнігі французскага аўтара Седрыка Гра.
Шатландскі паэт Роберт Бёрнс пісаў: “У гарах маё сэрца…”, а вось Седрык Гра аднойчы заявіў: “Сэрца маё ў расійскіх стэпах…”. Паўночны усход Расіі так спадабаўся маладому географу, альпіністу і падарожніку з-пад Парыжа, што ён прыняў прапанову выкладаць французскую мову ў Далёкаўсходнім універсітэце Уладзівастока, стаў вывучаць рускую і ўвесь вольны час вандраваў па бяскрайніх прасторах такой невядомай і загадкавай усходняй часткі Расіі. Сёння Седрык размаўляе па-руску без перакладчыка, свабодна разважае пра адметнасці рэгіёна, а яшчэ мае тры ўласныя кнігі пра падарожжы. Падчас сустрэчы на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы спадар Седрык распавёў пра свой шлях у літаратуру і адметнасці напісання кніг пра падарожжы. З яго маналогу я паспрабавала вылучыць парады і перасцярогі аўтарам, якія збіраюцца ўражанні ад вандроўкі выкласці ў мастацкі тэкст.
Літаратура + падарожжа = ?
— Калі ў мяне пытаюцца, чым я займаюся, я кажу, што пішу “падарожныя нататкі”. Але французскія творы падобнага кшталту крыху адрозніваюцца ад расійскіх. У Францыі пасля Другой сусветнай вайны гэты жанр атрымаў вельмі добрае развіццё, сёння многія аўтары звяртаюцца да яго, і такія выданні цудоўна прадаюцца.
Я стараюся сачыць за навінкамі рускамоўнага літаратурнага свету і бачу, што і тут з’яўляецца ўсё больш і больш кніг пра падарожжы. І гэта заканамерна. Мне падаецца, што літаратура і падарожжы — дзве ўзаемазвязаныя з’явы. Калі мы вандруем, то многа чытаем. І я, перш чым стаць пісьменнікам, стаў добрым чытачом. Цяпер нават цяжка чытаць дома, седзячы ў крэсле, а падчас падарожжа чытаю з задавальненнем.
Але перш чым захапіцца літаратурай, я захапіўся падарожжамі, вандрую ў горы — напэўна, таму і зацікавіўся прыгодніцкай літаратурай. Часта кажуць, што першыя пісьменніцкія спробы ў жанры падарожных нататак становяцца крокам да напісання больш сур’ёзных твораў — вялікіх раманаў. Аднак многія вядомыя аўтары, паважаныя людзі шмат гадоў працуюць у гэтым жанры і распавядаюць пра тое, што такое дарога, што з імі адбываецца. Важна толькі правільна выбраць тэму і стыль выкладання.
Горы прывялі мяне ў Расію. Калі я ўпершыню наведаў гэтую краіну, мне быў вельмі цікавы сам рэгіён. 1990-я гады сталі эпохай вялікіх вандровак у французскім свеце, да прыкладу, было здзейсненае кругасветнае падарожжа на веласіпедзе, натуральна, ўражанні ад паездкі адбіваліся і ў нататках аўтараў, а яны, у сваю чаргу, станавіліся паўнавартаснымі літаратурнымі творамі — бо былі поўныя новых фактаў, знаходак, адкрыццяў, уражанняў.
Не патрапіць у пастку штодзённасці!
— Працуючы ў гэтым кірунку, аўтар павінен ведаць пра небяспечнасці, якія могуць напаткаць яго ў працэсе працы. Да прыкладу, часта справа зводзілася да таго, што падарожнікі занадта падрабязна распавядалі пра паездку, пісалі пра тое, што з імі адбывалася штодня, ды і самі не ведалі, якія значныя моманты вылучыць і акрэсліць. Іншы стыль выкладання матэрыялу меў на ўвазе працу над формай і стылем. Менавіта гэты кірунак стаў той літаратурай пра падарожжы, якую мы цэнім сёння ў Францыі.
З часам і я пачаў весці дзённікі, занатоўваў нешта. Многія сучасныя вандроўнікі маюць блогі, дзе яны распавядаюць пра свае прыгоды, але гэта яшчэ не кнігі. Калі я вырашыў напісаць кнігу, то перш за ўсё падумаў: як пісаць, каб не патрапіць у пастку расповеду пра тое, што з табой адбылося за дзень? Калі гаворка пра мастацкую літаратуру, то цяжкасці з атрыманнем візы, страта грошай і сумак – усё гэта ўжо не так значна і цікава. Можа, мая мама гэтым зацікавілася б, але не чытач рамана, які будзе прадавацца тысячамі асобнікаў. Гэта няправільны падыход.
Яшчэ адзін момант: трэба, каб аўтару было што сказаць. Расія стала для мяне неабходнай кропкай адліку. Я 6-7 гадоў падарожнічаў па ўсходняй частцы гэтай краіны. 4 гады вучыўся і выкладаў ва Уладзівастоку, наведаў Омск, Магадан, Сахалін. Многія кнігі, што напісаны сёння пра Расію, не перасягаюць Урал. Хоць французы і цікавяцца гэтай краінай, і нават прыкладна ведаюць, дзе знаходзіцца Уладзівасток, менавіта пра ўсходнюю яе частку выданняў дагэтуль было мала.
Я падумаў: як распавесці пра ўсё, што пабачыў за час падарожжаў, не прытрымліваючыся нейкай храналагічнай паслядоўнасці, а выбраць толькі самае значнае? У выніку ад храналогіі я адмовіўся. Зусім. Першая мая кніга мае назву “Уладзівасток, снягі і мусоны”, яна выйшла ў 2011 годзе. Тут я паспрабаваў намаляваць партрэт горада праз погляд на яго ў розныя поры года. Гэта былі ўражанні, не звязаныя з пэўнымі фактамі. Атрымаўся нядрэнны раман, ён добра прадаваўся ў французскіх кнігарнях.
Калі не ведаеш, не пішы!
— Потым з’явілася думка пра наступны твор — па матывах маіх пяцігадовых падарожжаў. Мне было цікава асэнсаваць, чаму нават у свядомасці рускіх Уладзівасток — паўночны горад, хоць знаходзіцца ён на той жа шыраце, што і Ніца ў Францыі. І вось гэтыя развагі маглі мяне завесці ў тупік.
Яшчэ адна пастка, што прысутнічае ў гэтым жанры літаратуры апроч расповеду пра паўсядзённае жыццё, — не перайсці да размовы пра тое, што не адпавядае рэчаіснасці. Не пісаць, чаго не ведаеш дакладна, не спрабаваць выглядаць вельмі разумным. Таму трэба шмат чытаць. Менавіта дзякуючы глыбокаму вывучэнню тэмы я змог пісаць наступную кнігу — “Поўнач гэта Усход. На краі Расіі”.
Кахаць насуперак адлегласці
— Я ўвесь час думаю пра тое, ці ёсць сувязь паміж падарожжам і каханнем? Як іх паяднаць? І тэма расстання, нават калі не назаўсёды, блізкая кожнаму. Бо калі паміж каханымі ёсць адлегласць хаця б у 30 кіламетраў, як два чалавекі могуць працягваць кахаць адно аднаго? Як можна сесці ў цягнік і паехаць, а той, каго ты кахаеш, застанецца? Мне самому даводзілася перажываць такія пачуцці, бо я шмат падарожнічаю. І адказы менавіта на гэтыя пытанні я спрабую знайсці ў навелах, што склалі маю новую кнігу “Пяшчота і далячынь”.
Сюжэты навел, якія ўвайшлі ў новае выданне, часта прыдуманыя. Гэта не абавязкова мае перажыванні, але і расповеды калег, напрыклад. Выдумка дазваляе захаваць тэму і не распавядаць пра падзеі майго ўласнага жыцця. Я б нават не хацеў дзяліцца з чытачом тым, што здарылася менавіта са мной, хаця лічу важным перадаць уласныя адчуванні ў тым ліку і каханне. У навелах я паразважаў, падарожнічаць аднаму ці ўдваіх, як наладзіць вандроўку. Але гэта не рэкамендацыі, хутчэй, агульныя ўражанні, мае думкі.
Адразу ж пасля выхаду кніга выклікала вялікую цікавасць з боку чытачоў і крытыкаў. У выніку я зразумеў, што гэтая тэма хвалюе публіку больш, чым расповеды пра Расію і Сібір. І сапраўды, калі чалавек становіцца экспертам і выдатна ведае пэўны рэгіён, то ў многім гэта абмяжоўвае яго магчымасці як пісьменніка, але больш шырокая і агульная тэма дае і большыя магчымасці.
Можна і падмануць
— Часта расповед пра падарожжа ператвараецца ў навукова распрацаваную, амаль прыгодніцкую, дэтэктыўную прозу. Гаворка ідзе пра больш дакладную фіксацыю атрыманых звестак, дэталёвы расповед пра падзеі, што адбываліся ва ўмовах пэўнай краіны. Але калі мы падарожнічаем, а потым распавядаем пра вандроўку, вельмі хочацца згадаць факты і падзеі, якіх насамрэч не было. І літаратура дазваляе гэта зрабіць. Аўтар не падманвае наўпрост – ён крыху дадае, пашырае ці скарачае. І вось тут узнікае пытанне: ці павінна літаратура пра падарожжы гаварыць чыстую праўду? Ці можа яна быць выдумкай? Не так даўно французскаму пісьменніку была прысуджана прэмія за апавяданні, напісаныя на аснове яго падарожжаў на Байкал. Як правіла, у нашай краіне такія высокія прэміі ўручаюць перш за ўсё за выдатныя раманы, а не кароткую прозу. Тым не менш, паколькі яго стыль і самі расповеды вельмі спадабаліся журы і выдаўцам, то на кнізе напісалі “раман”.
Але ці сапраўды важна правесці мяжу паміж раманам і апавяданнямі, дакладна іх адрозніць? Магчыма, не. Бо значныя перш за ўсё сама ідэя і змест. Таму галоўнае — не падманваць чытача, калі гаворка ідзе пра дакладныя факты. Вось гэта сапраўды істотна.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота з сайта http://www.babelio.com
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.