Вы тут

Тры забытыя малюнкі


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014

Живу, учусь, нікому не кланяюсь

І нікого не боюсь, окреме Бога, —

Велике щастя буть вольним чоловіком…

Тарас Шаўчэнка

Пры нараджэнні гэтага ўкраінскага хлопчыка Усявышні сказаў: “Я дару яму надзвычайны талент паэта і мастака, і вечнай будзе яго слава на гэтай зямлі!” А д’ябал, які ніколі не спіць у шапку, дадаў: “Але гэта здарыцца толькі тады, калі ён вытрымае ўсе выпрабаванні, якія я яму пашлю…” Так і здарылася. Зведаў хлопчык сірочую долю, поўнай лыжкай наеўся здзекаў прыгону, дзесяць год правёў у аральскіх стэпах, дзякуючы царскай ласцы насіў салдацкі шынель. Але ніякія выпрабаванні не змаглі зламаць яго горды і вольны дух, і назаўсёды гэтае імя высечана на скрыжалях пантэона славы герояў Украіны.

Шаўчэнка - ШТУКАРСТВЫПраглядаючы падшыўку санкт-пецярбургскага штотыднёвіка “Ілюстрацыя” за 1848 год, я натрапіў на тры невялікія малюнкі. На адным з іх (пад назвай “Знахар”) стаяў аўтограф Т. Шаўчэнкі. Два іншыя (“Штукарствы знахара”) — без подпісу, але не трэба было быць вялікім знаўцам жывапісу, каб зразумець, што аўтар той самы.

Нагадаю, што Т. Шаўчэнка падчас асваення майстэрства жывапісу прайшоў школу ад вучня дзяка-іканапісца да студэнта Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Журналіст В. Толбін у артыкуле “Вучні Брулова” пісаў: “Хутка Шаўчэнка зрабіўся адным з любімых вучняў славутага мастака. Яго стараннасць і поспехі былі настолькі хуткімі, што на наступны год ён быў узнагароджаны другім срэбным медалём за эцюд з натуры, а ў 1840 годзе атрымаў і першы (галоўны) срэбны медаль за карціну “Цыганя”, якую набыў на выстаўцы вядомы Скобелеў. У 1841 годзе Шаўчэнка быў ужо вольным мастаком”.

Адначасова з Шаўчэнкам у Акадэміі мастацтваў вучыўся паляк Канеўскі і ўраджэнцы Беласточчыны — браты Жукоўскія. Разам з Тарасам Шаўчэнкам яны займаліся афармленнем выдання “Рускія палкаводцы”. Ілюстрацыі атрымалі станоўчыя адзнакі прагрэсіўнай крытыкі: “Партрэты вельмі добрыя”, — пісаў Вісарыён Бялінскі. Доўгія гады мастакоў звязвалі сяброўскія адносіны. Іх не змог перарваць нават арышт Шаўчэнкі ў 1847 годзе. Рудольф Жукоўскі не толькі супрацоўнічаў з выданнямі “Rοcznik Literacki”, “Niezabudka”, але і друкаваў малюнкі ў санкт-пецярбургскім штотыднёвіку “Ілюстрацыя”. Так у № 155 1848 года змешчаны яго малюнак да “Беларускага вяселля” Рамуальда Падбярэскага і “Маларасіяне ў карчме”, а ў № 156 — “Скокі чухонцаў”(карэла-фінскага насельніцтва ваколіц Санкт-Пецярбурга). Таму можна меркаваць, што менавіта Р. Жукоўскі перадаў малюнкі Тараса Шаўчэнкі ў рэдакцыю папулярнага штотыднёвіка. На той час Тарас Рыгоравіч быў ужо арыштаваны. Трэба адзначыць і смеласць галоўнага рэдактара выдання Уладзіміра Зотава, які не пабаяўся надрукаваць малюнкі апальнага паэта.

Мастацкія творы Тараса Шаўчэнкі, як, дарэчы, і малюнкі Рудольфа Жукоўскага, адносяцца да так званых этнаграфічных. Я злавіў сябе на думцы, што яны вельмі прыдатныя для ілюстравання “Даследавання аб ваўкалаках” Паўла Шпілеўскага. Вось што ён піша: “Пастухі — народ кемлівы, праводзяць усё лета ў лясах і балотах (самых глухіх і нярэдка глейкіх), дзе толькі ёсць пасьба. Ад нечага рабіць збіраюць траву, сушаць карані кветак і ўсялякіх раслін, выпрабоўваюць іх лекавыя ўласцівасці над быдлам. Бывае і так, што пастух дае якога-небудзь травянога настою беднай закаханай дзяўчыне, потым звядзе яе цішком з абраным сябруком. І вось прагукалі па вёсках: “Наш пастух знахар! Наш пастух ведарскі (усяведны) чалавек, пабратаўся з нячысцікам-кадуком!” Вось так нараджаюцца беларускія знахары! Вось як лёгка дударам, млынарам і пастухам пры кемлівасці і спрытнай хітраватасці патрапіць у касту людзей няпростых, гэта значыць знахараў…”

Пасля вяртання паэта з высылкі яго чакаў цёплы прыём з боку прагрэсіўных грамадскіх і літаратурных колаў. Галоўны рэдактар “Ілюстрацыі” Уладімір Зотаў таксама адгукнуўся артыкулам на першай паласе штотыднёвіка (№ 107, 1860 г.). Мяркую, сучасным чытачам будзе цікава пазнаёміцца з артыкулам, які даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю: у ім, як у люстэрку, бачна стаўленне тагачаснай расійскай інтэлігенцыі да творчасці вялікага сына ўкраінскай зямлі.

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка

Біяграфічны нарыс

З літаратур супляменных нам народаў бліжэй за ўсё літаратура маларасійская. Паміж мовай велікарускай і маларускай розніца такая невялікая, што нельга не прызнаць апошнюю толькі варыянтам першай. У філалагічным дачыненні гэта асабліва справядліва: граматычныя формы абедзвюх моў маюць мала адрозненняў, але па багацці выдатных твораў маларасійскай літаратуры нельга адмовіць у самастойнасці.

Значэнню маларасійскай літаратуры шмат пашкодзілі празмерныя намаганні яе прыхільнікаў, што лічылі яе вышэй за рускую. У ліку велікарускіх пісьменнікаў называюць Гогаля, але маларосы лічаць яго сваім. Мы не ведаем, аднак, ніводнага маларасійскага твора Гогаля, і калі б ён аддаваў перавагу гэтай мове, то пісаў бы на ёй, а не па-руску. Строгія крытыкі, як, напрыклад, Куліш, даказваюць нават, што Гогаль нядобра ведаў Маларосію і ўяўляў яе тыпы не такімі, якімі яны былі насамрэч.

У апошні час, пры агульным імкненні ўсіх моў да развіцця, на маларасійскай мове з'явілася некалькі выдатных твораў і пісьменнікаў. Але першы з маларасійскіх паэтаў, без сумнення, Т. Р. Шаўчэнка. Імя яго з любоўю і павагай вымаўляецца ўсімі, хто шануе Маларосію.

Жыццё Шаўчэнкі было невясёлым. Лёс выпрабоўваў яго цяжкімі ўдарамі і нястачамі, але паэтычны талент развіўся ў ім не з-за сумных абставін — быў сапраўдным падарункам прыроды. Паэт нарадзіўся ў адной з вёсак Кіеўскай губерні. Да дваццаці чатырох гадоў нідзе не выхоўваўся і не вучыўся. Толькі ў 1838-м у Пецярбургу, адчуваючы памкненне да жывапісу, ён пачаў наведваць класы Акадэміі мастацтваў. У гэты ж час зрабіўся вядомым публіцы і яго паэтычны талент. У 1840 годзе з друку выйшаў збор невялікіх паэм і арыгінальных вершаў пад назвай “Кабзар”, у наступным годзе — вялікая паэма “Гайдамакі”. Потым у харкаўскім альманаху “Маладзік” Т. Шаўчэнка надрукаваў некалькі балад і вершаў. Цяпер іх першае выданне зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Вось чаму было неабходна другое, якое з’явілася не так даўно.

З-за перамен у жыцці заняткі паэзіяй і жывапісам у Тараса Рыгоравіча перарваліся. Пасля ў Пецярбургу ён з новым запалам вяртаецца да мастацтва: займаецца гравіраваннем. Не пакідае і паэзію — апошнім часам у нашых часопісах з’явіліся яго выдатныя творы.

Ад Шаўчэнкі яшчэ шмат чакае мастацтва і маларасійская паэзія, але мы чакаем яго вершаў і на рускай мове. Г. Пляшчэеў пераклаў некаторыя з яго п'ес, але ніхто лепш за самога аўтара не можа перадаць сутнасць уласных твораў з усёй іх прастатой, сардэчнасцю, асаблівасцямі раскошнай маларасійскай паэзіі. Да вершаў Т. Шаўчэнкі прыкладзены яго партрэт, не зусім падобны да таго, які чытач бачыў звычайна: наш партрэт зроблены ў 1847 годзе, перад адпраўкай паэта ў кіргізскія стэпы” (пераклад з рускай мовы. — А. В.).

На шчасце, Тарас Шаўчэнка не паслухаўся “мудрай” парады Зотава. Ён стаў сімвалам адраджэння самасвядомасці ўкраінскага этнасу. Яго творы аб’ядналі ўкраінскі народ, стварылі той генны код, які зрабіў украінцаў адзінай нацыяй. Пра гэта добра сказаў Іван Франко:

"Ён быў сынам мужыка і стаў валадаром у цар­стве духу.

Ён быў прыгонным і стаў волатам у царстве люд­ской культуры.

Ён быў самавукам і паказаў новыя, светлыя і вольныя шляхі прафесарам і кніжным вучоным. Дзесяць год ён таміўся пад цяжарам расійскай салдацкай муштры, а для волі Расіі  зрабіў больш, чым дзесяць пераможных армій...

Доля праследавала яго ў жыцці колькі магла, ды не сумела ператварыць ні золата яго душы ў іржу, і яго любові да людзей — у нянавісць і пагарду, а веру ў Бога — у зняверанасць і песімізм. Доля не шкадавала яму пакут, але не шкадавала і ўцех.

Найпрыгажэйшы і найкаштоўнейшы скарб доля дала яму толькі пасля смерці — неўміручую славу і квітнеючую радасць, якую ў мільёнах людскіх сэрцаў зноў і зноў абуджаюць яго творы.

Вось такім быў і ёсць для нас, украінцаў, Тарас Шаўчэнка”.

Аляксандр ВАШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.