Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 14.03.2014
Думаецца, пра незвычайную маленькую істоту ― Шубуршуна чытачы “ЛіМа” ўжо чулі. Ён жыве ў дзённіку дзяўчынкі Веранікі, любіць вучыцца, падарожнічаць і вельмі добра малюе. Але яго злуе, калі сяброўка не надта імкнецца добра вучыцца і атрымлівае кепскія адзнакі ў школе. І вось аднойчы, калі Вераніка чарговы раз дрэнна падрыхтавалася да ўрокаў, Шубуршун моцна пакрыўдзіўся і сышоў з дома.
Пра яго новыя прыгоды распавядае кніга Алеся Карлюкевіча “Як Шубуршун па Свіслачы падарожнічаў”, што не так даўно пабачыла свет у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”. Прэзентацыя выдання прайшла ў сталічным “Кніжным салоне”. Падчас імпрэзы вядучы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі “БелЭн імя П. Броўкі” Сяргей Молчан распавёў:
― У гэтым выданні ― цэлае сузор’е: герой, аўтар, мастак. Аксана Аракчэева, якая працавала над афармленнем кнігі, не проста ажывіла яе з дапамогай малюнкаў, а распрацавала праект, напоўнены любоўю і выдатным зместам. А перад мастаком тут стаяла досыць складаная задача ― патрэбна было намаляваць Шубуршуна, якога ніхто ніколі не бачыў і не ведае дакладна, як ён выглядае, спалучыць яго вобраз з мноствам дэталей, вобразаў, што павінны прыцягнуць увагу. Думаецца, Аксана Барысаўна выдатна справілася. І цяпер, калі я бяру гэтую кнігу ў рукі, мне ўяўляецца ідэальная ва ўсіх адносінах карціна: тата, мама, дачка, сын сядзяць вечарам, чытаюць разам кнігу, абмяркоўваюць. Менавіта абмяркоўваюць, бо Алесь Карлюкевіч не толькі добры апавядальнік, але і вядомы даследчык-краязнаўца, энцыклапедыст. Гэты аўтар піша багатую, на факты пазнаваўчую прозу, якая дае дзецям магчымасць развіваць фантазію і больш даведвацца пра родны край.
Адметнасці працэсу падрыхтоўкі ілюстрацый да дзіцячых выданняў раскрыла мастачка Аксана Аракчэева:
― Калі працую над кнігай, то амаль жыву, патанаю ў ёй. Спачатку чытаю першы раз, раблю эскізы, потым перачытваю зноў і зноў. Працую ў ожную вольную хвіліну, нават у самалёце.
Дарэчы, прыгоды Шубуршуна яшчэ не скончыліся. Ужо ідзе праца над падрыхтоўкай працягу гісторыі, і па афармленні гэтае выданне будзе адрознівацца ад першай і другой кніг. Аксана Барысаўна падкрэсліла: “Хочацца, каб усе кнігі былі адметныя”.
Марына ВЕСЯЛУХА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.