«Раскажыце, калі ласка, калі прызначаюцца агульны і біяхімічны аналізы крыві.
Сяргей Мікалаевіч, Бярозаўскі раён».
Загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Ірына ЯЦЫНА патлумачыла:
— Кроў складаецца з плазмы і такіх элементаў як эрытрацыты, лейкацыты, трамбацыты і г.д. Чырвоны колер надае гемаглабін, які змяшчаецца ў эрытрацытах. Кроў дастаўляе тканкам кісларод і спажыўныя рэчывы, удзельнічае ў рэгуляцыі водна-салявога абмену і кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, у падтрымцы пастаяннай тэмпературы цела. Дзякуючы здольнасці лейкацытаў паглынаць мікраарганізмы, а таксама прысутнасці ў крыві антыцелаў, антытаксінаў і лізінаў, яна выконвае абарончую функцыю.
Кроў рэагуе на любыя змяненні ў арганізме, таму яе аналіз мае першачарговае дыягнастычнае значэнне. Вызначэнне колькаснага і якаснага саставу крыві праводзіцца, як правіла, па капілярнай крыві (з пальца).
Спецыяльнай падрыхтоўкі гэта даследаванне не патрабуе. Рэкамендуецца рабіць забор крыві раніцай нашча або як мінімум праз 2 гадзіны пасля апошняга прыёму ежы. Агульны аналіз крыві ўключае даныя аб колькасці эрытрацытаў, трамбацытаў, агульнай колькасці гемаглабіну, каляровым паказчыку, колькасці лейкацытаў, суадносінах іх розных відаў, некаторыя даныя аб згусальнай сістэме крыві.
Гемаглабін. Пераносіць кісларод ад органаў дыхання да тканак і вуглякіслы газ ад тканак да дыхальных органаў. Нормы гемаглабіну для мужчын 130-160 г/л, для жанчын — 120-140 г /л. Змяншэнне канцэнтрацыі гемаглабіну ў крыві назіраецца пры анеміі, страце крыві. Прычына зніжэння гемаглабіну можа быць у недахопе або дрэннай засваяльнасці жалеза, вітаміну В12, фоліевай кіслаты.
Каляровы паказчык.
Паказвае адносную колькасць гемаглабіну ў адным эрытрацыце. Норма — 0,85-1,15. Велічыня каляровага паказчыку мае значэнне пры вызначэнні формы анеміі.
Эрытрацыты. Утвараюцца ў косным мозгу. Норма ў мужчын — 4-5 млн у 1 мкл крыві, у жанчын — 3,7-4,7 млн. Павелічэнне колькасці эрытрацытаў звычайна адзначаецца пры захворваннях, для якіх характэрна павышаная канцэнтрацыя гемаглабіну. Змяншэнне эрытрацытаў назіраецца пры паніжэнні функцыі коснага мозга, паталагічных змяненнях у косным мозгу (лейкоз, міеломная хвароба, метастазы злаякасных пухлін і інш.). Узмоцнены распад эрытрацытаў абумоўлены гемалітычнай анеміяй, дэфіцытам жалеза і вітаміну В12, кровацячэннямі.
Хуткасць асядання эрытрацытаў. У норме ў жанчын — 2-15 мм/г, у мужчын — 1-10 мм/г. Змяненне хуткасці асядання эрытрацытаў не з'яўляецца спецыфічным для нейкага захворвання. Аднак паскарэнне асядання заўсёды ўказвае на наяўнасць паталагічнага працэсу.
Трамбацыты. Удзельнічаюць у згусальнасці крыві. У 1 мм крыві — 180-320 тыс. трамбацытаў. Колькасць іх можа рэзка зменшыцца, што будзе праяўляцца схільнасцю да кроватачывасці (фізіялагічнай — пры менструацыі, анамальнай — пры захворваннях).
Лейкацыты. Паглынаюць бактэрыі і мёртвыя клеткі, выпрацоўваюць антыцелы. Сярэдняя колькасць лейкацытаў — 4-9 тыс. у 1 мкл крыві. У норме лейкацыты размяркоўваюцца наступным чынам: базафілы — 0,1%, эазінафілы — 0,5-5%, палачкаядзерныя нейтрафілы — 1-6%, сегментаядзерныя нейтрафілы — 47-72%, лімфацыты —
19-37%, монацыты — 3-11%. Змяненні ў гэтай лейкацытарнай форме ўзнікаюць пры самай рознай паталогіі.
Павелічэнне колькасці лейкацытаў (лейкацытоз) можа быць фізіялагічным (пры страваванні, цяжарнасці) і паталагічным (пры некаторых вострых і хранічных інфекцыях, запаленчых захворваннях, інтаксікацыях, цяжкім кіслародным галаданні, алергічных рэакцыях і ў асоб са злаякаснымі новаўтварэннямі, хваробамі крыві).
Змяншэнне колькасці лейкацытаў (лейкапенія) звязана з прамянёвым паражэннем, кантактам з шэрагам хімічных рэчываў (бензол, мыш'як і інш.), прыёмам медпрэпаратаў (цытастатычныя сродкі, некаторыя віды антыбіётыкаў, сульфаніламідаў і інш.). Лейкапенія ўзнікае пры вірусных, бактэрыяльных інфекцыях, хваробах сістэмы крыві.
Паказчыкі згусальнасці крыві. Час кровацячэння вызначаецца яго працягласцю з павярхоўнага праколу або надрэзу скуры. Норма — 1-4 хвіліны. Час згусання ахоплівае момант ад кантакту крыві з чужароднай паверхняй да фарміравання згустку. Норма — 6-10 хвілін.
Што да біяхімічнага аналізу, то ён з'яўляецца галоўным для пастаноўкі дыягназаў пры вострых захворваннях печані, нырак, падстраўнікавай залозы, сэрца, многіх спадчынных захворваннях, авітамінозах, інтаксікацыі і інш. Для біяхімічных аналізаў выкарыстоўваецца пераважна вянозная кроў.
Да забору крыві неабходна правільна падрыхтавацца.
1. Кроў неабходна здаць раніцай, нашча. З апошняга прыёму ежы павінна прайсці не менш за 8 гадзін.
2. Неабходна ўстрымацца ад ужывання алкаголю і тытуню.
3. Кроў трэба здаць да прыёму лекаў.
4. Легчы спаць можна ў звычайны час, а раніцай прачнуцца не пазней за гадзіну да забору крыві.
5. Кроў здаецца да правядзення іншых відаў даследавання або фізіятэрапеўтычных працэдур.
Зніжэнне бялку ў крыві сведчыць аб бялковым галаданні або аб прыгнечанні працэсаў сінтэзу бялкоў пры хранічных захворваннях, запаленчых з'явах, злаякасных новаўтварэннях, інтаксікацыі і інш. Павышаная колькасць бялку ў крыві сустракаецца рэдка.
Паказчыкам вугляводнага абмену з'яўляецца колькасць цукру ў крыві. Яго кароткачасовае павышэнне ўзнікае пры эмацыянальным узрушэнні, стрэсавай сітуацыі, болевым прыступе, пасля прыёму ежы. Стойкае павышэнне цукру назіраецца пры цукровым дыябеце і іншых захворваннях эндакрынных залоз. Норма глюкозы крыві раніцай нашча (перыяд галадання 8-12 гадзін) 3,3 — 3,5 ммоль/л у цэльнай капілярнай крыві, 4,0 — 6,1 ммоль/л у плазме крыві, праз 2 гадзіны пасля ежы — менш за 7,5 ммоль/л.
Пры парушэнні тлушчавага абмену павышаецца колькасць ліпідаў і іх фракцый: трыгліцэрыдаў, ліпапратэідаў і эфіраў халестэрыну. Гэтыя ж паказчыкі маюць значэнне для ацэнкі функцыянальных здольнасцяў печані і нырак пры мностве захворванняў. Пастаяннае павышэнне ліпідаў у крыві назіраецца пры атлусценні, гепатытах, атэрасклерозе, нефрозах, дыябеце. Колькасць халестэрыну ў плазме крыві ў норме 3,6 — 5,2 ммоль/л.
З паказчыкаў пігментнага абмену найбольш часта праводзіцца вызначэнне розных формаў білірубіну (пігменту жоўці, прадукту распаду гемаглабіну). Утвараецца ў печані, адкуль паступае з жоўцю ў кішэчнік. У крыві сустракаюцца два віды гэтага пігменту — прамы і непрамы. Характэрнай прыкметай большасці захворванняў печані з'яўляецца рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі прамога білірубіну, а пры механічных жаўтухах ён павышаецца асабліва значна. Пры гемалітычных жаўтухах у крыві нарастае канцэнтрацыя непрамога білірубіну.
Аналіз крыві паказвае цесную ўзаемасувязь абмену вады і мінеральных соляў у арганізме. Яго абязводжванне развіваецца пры інтэнсіўнай страце вады і электралітаў праз страўнікава-кішачны тракт падчас ванітаў, праз ныркі пры павышаным дыўрэзе, праз скуру пры моцным паценні. Розныя расстройствы водна-мінеральнага абмену могуць назірацца пры цяжкіх формах цукровага дыябету, сардэчнай недастатковасці, цырозе печані.
Для ацэнкі функцыянальнага стану эндакрынных залоз вызначаюць узровень гармонаў, для вывучэння спецыфічнай актыўнасці органаў — узровень ферментаў, для дыягностыкі гіпавітамінозаў — узровень вітамінаў.
Ацаніць стан вашага здароўя, правільна расшыфраваць біяхімічны аналіз крыві можа толькі кваліфікаваны ўрач.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Паказчыкі агульнага аналізу крыві (норма)
Дарослыя мужчыны |
Дарослыя жанчыны |
||
гемаглабін | 130 — 160 г/л | гемаглабін | 120 — 140 г/л |
эрытрацыты | 4 — 5,1х1012/л | эрытрацыты | 3,7 — 4,7х1012/л |
каляровы паказчык | 0,85 — 1,15 | каляровы паказчык | 0,85 — 1,15 |
рэтыкулацыты | 0,2 — 1,2% | рэтыкулацыты | 0,2 — 1,2% |
трамбацыты | 180 — 320х109/л | трамбацыты | 180 — 320х109/л |
хуткасць асядання эрытрацытаў (САЭ) | 1 — 10 мм/ч | хуткасць асядання эрытрацытаў (САЭ) | 2 — 15 мм/ч |
лейкацыты | 4 — 9х109/л | лейкацыты | 4 — 9х109/л |
Формула крыві: | палачкаядзерныя нейтрафілы 1—6% сегментаядзерныя нейтрафілы 47—72% эазінафілы 0—5 % базафілы 0—1 % лімфацыты 18—40% монацыты 2—9% |
Формула крыві: | палачкаядзерныя нейтрафілы 1—6% сегментаядзерныя нейтрафілы 47—72% эазінафілы 0—5% базафілы 0—1% лімфацыты 18—40% монацыты 2—9% |
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.