Як інвалід-калясачнік выйграў суд у забудоўшчыка свайго дома і што з гэтага выйшла
Рычарду Паўлоўскаму 55 гадоў, больш за 20 з якіх ён правёў у інваліднай калясцы. Некалькі гадоў таму спадар Паўлоўскі ўступіў у таварыства ўласнікаў і заключыў дагавор на долевае будаўніцтва жылля. На новую жылплошчу давялося выдаткоўваць каля 70 тысяч долараў, пры тым, што на атрыманне крэдыту інвалід першай групы разлічваць не мог. Але мара пра жыццё ў новых апартаментах не здзейснілася: па завяршэнні будаўніцтва выявілася, што дом не адпавядае патрабаванням безбар'ернага асяроддзя і гэта робіць немагчымым свабоднае пражыванне ў ім інваліда-калясачніка. Вусныя перамовы з фірмай-забудоўшчыкам ні да чаго не прывялі, і мужчына звярнуўся ў суд.
Пастанова суда — толькі на паперы
— Першапачаткова забудоўшчык парушыў будаўнічыя нормы, якія распаўсюджваюцца не толькі на людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, яны абавязковыя для ўсіх, — кажа Рычард Паўлоўскі.
Прэтэнзіі мужчыны датычыліся вышыні парогаў у пад'ездзе, якія замест нарматыўных 2,5 см дасягалі 6-7 см, а таксама вузкіх дзвярных праёмаў, у якія не праходзіла інвалідная каляска.
— Для каляскі такая вышыня парогаў неадольная, бо дыяметр кола — 10-12 см. Яна можа проста перавярнуцца, — тлумачыць спадар Паўлоўскі.
У выніку працэс мужчына выйграў: суд абавязаў забудоўшчыка (ім выступіла кампанія «Белінтэ-Роба», вядомая такімі праектамі, як жылыя комплексы «Вівальдзі», «Бетховен», «Маяк Мінска» і іншыя) цягам трох гадоў выправіць парушэнні, а таксама спагнаў з яго на карысць істца 4 млн 800 тысяч рублёў (сюды ўвайшлі два мільёны маральнай шкоды, нанесенай Паўлоўскаму, а таксама паслугі адваката і судовага прыстава).
Тое, што інвалід-калясачнік стаў на абарону сваіх правоў, — з'ява сама па сабе рэдкая. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі і на вуліцу выязджаюць не часта, а тут чалавек звярнуўся ў суд і выйграў яго! Але, нягледзячы на гэта, выканаць судовую пастанову адказчык не спяшаецца, хоць мінула ўжо больш за палову адведзенага на гэта тэрміну.
— Ідзе проста адцягванне часу, — упэўнены Рычард Паўлоўскі. — Бо спачатку для выпраўлення хібаў трэба заказаць праект, які павінен прайсці экспертызу. Але да апошняга даследавання судовым выканаўцам дома яшчэ нічога не было зроблена.
Чаму справа не кранаецца з мёртвай кропкі, «Звязда» вырашыла пацікавіцца ў самога адказчыка.
— Суд вынес незаконнае рашэнне, бо адказчыкамі па справе павінны быць таварыства ўласнікаў і генпадрадчык — кампанія «МАПІД», на якую мы ўжо падалі іск у суд. Бо гэтая кампанія будавала дом, яна — вытворца, а мы — прадавец, — сказаў начальнік юрыдычнага аддзела СТАА «Белінтэ-Роба» Антон ЛІХУТА.
Таксама прадстаўнік забудоўшчыка дадаў, што яны зрабілі пандусы з керамічнай пліткі на паверсе істца, але той застаўся незадаволеным. Зрэшты, забудоўшчык прызнаў, што нормы парушаны. Але як так атрымалася, што ён прадае жыллё з парушэннямі нарматываў, — загадка.
Па словах Рычарда Паўлоўскага, адказнасць нясе менавіта забудоўшчык, таму што ён уносіў змены ў праект.
— Калі ёсць закон, трэба выконваць яго. Я не хачу залежаць ад нейчага жадання, — кажа Рычард.
А залежаць у гэтай сітуацыі Рычарду Паўлоўскаму даводзіцца і ад забудоўшчыка, і ад таварыства ўласнікаў, і нават ад адміністрацыі раёна. Трапіць да мясцовай улады мужчына не можа, бо, зноў-такі, будынак, дзе знаходзіцца адміністрацыя, не прыстасаваны да безбар'ернасці. У выязным прыёме інваліду адмовілі і прапанавалі правесці прыём па тэлефоне, ды і тое толькі праз месяц. Адметна, што падчас судовых пасяджэнняў прадстаўніца адміністрацыі раёна лічыла іск беспадстаўным, нягледзячы на абавязковае выкананне «Дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011 — 2015 гады».
Калі ў таварыстве — не таварышы
Пытанні спадар Паўлоўскі мае і да таварыства ўласнікаў. Яго, як і патрабаваў закон, стварыў забудоўшчык. Цікава, што старшынёй прызначылі супрацоўніцу кампаніі-забудоўшчыка, якая, праўда, пасля звольнілася, але жыхары ўпэўнены, што яна дзейнічае не толькі на іх карысць. Праз паўгода пасля здачы дома планавалася правесці агульны сход, на якім трэба было абраць форму кіравання, рэвізійную камісію і старшыню. Аднак, як сцвярджае Рычард Паўлоўскі, цягам трох гадоў ніякіх сходаў не праводзілася, а тэрмін паўнамоцтваў старшыні даўно мінуў.
Тым часам жыльцы новага дома заўважылі, што атрымліваюць падазрона вялікія рахункі за ацяпленне. Справа ў тым, што цэны на жыллёва-камунальныя паслугі для кватэр, у якіх ніхто не зарэгістраваны, выстаўляюцца па эканамічна абгрунтаваных затратах. Як сведчыць тэкст заявы, накіраванай жыльцамі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, пастаўшчыкам паслуг даныя па колькасці непрапісаных не прадастаўляліся, таму РУП «Мінскэнерга» і УП «Мінсккамунцепласетка» выстаўлялі таварыству ўласнікаў рахункі зусім па іншых, ільготных тарыфах. Куды ж падзелася розніца — невядома. У сувязі з гэтым Рычард Паўлоўскі звярнуўся на «гарачую» тэлефонную лінію адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Неўзабаве прыйшоў адказ за подпісам намесніка кіраўніка адміністрацыі, што, па інфармацыі таварыства ўласнікаў(!), цеплавы складнік на ацяпленне і падагрэў вады прымаўся да ўліку ў адпаведнасці з нарматывам, зацверджаным Мінгарвыканкамам. Тым не менш пасля пераразліку грошы жыхарам дома вярнулі. Пытанне: калі плату здымалі згодна з нарматывам, што тады вярнулі? Але сітуацыя набыла яшчэ больш цікавы характар. Пры тым, што ўсе жыльцы спраўна (і, як выявілася, нават у большым памеры, чым патрабавалася) аплачвалі камунальныя паслугі, перад іх пастаўшчыкамі ў жыхароў дома набегла немалая запазычанасць. Атрымаўся нейкі цудоўны кругаварот фінансаў у адным таварыстве...
Пра бардзюры і любоў да Радзімы
Сутыкнуўшыся з паўсюднай абыякавасцю, спадар Рычард амаль згубіў надзею на вырашэнне сваёй праблемы.
— Чыноўнікі гавораць пра безбар'ернае асяроддзе, грошы на яго выдзяляюцца, а толку няма. Аднойчы размаўляў з прадстаўніком адміністрацыі раёна пра безбар'ернае асяроддзе. У выніку мне сказалі, што я не люблю сваю Радзіму, бо ўсім незадаволены... Я люблю Радзіму, але не разумею, чаму гэтая любоў павінна быць абмежаванай высокімі бардзюрамі? Радзіма не заканчваецца дзвярыма ўласнай кватэры, але часта далей за іх я трапіць не магу...
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.