Мінгандаль Беларусі вырашыў распрацаваць правілы аказання паслуг па працаўладкаванні, паведаміла ўчора на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава.
Пры гэтым прадстаўнік міністэрства адзначыла, што прадастаўленне беспрацоўным даведачна-інфармацыйных паслуг, за падключэнне да якіх бяруцца велізарныя грошы, з'яўляецца адмоўнай практыкай, якая ў нашым грамадстве лічыцца проста неэтычнай. Папярэдне ў міністэрстве была вывучана сусветная практыка па аказанні паслуг беспрацоўным, паводле якой «нідзе не бяруць грошай з суіскальнікаў». Падобныя метады дапамогі за грошы неабходна выкрасліць, упэўнена спецыяліст.
Начальнік упраўлення ўдакладніла пазіцыю міністэрства наконт правоў спажыўцоў. У нашай краіне адсутнічае такая з'ява, як спажывецкі экстрэмізм, затое з'явіліся спажыўцы, добра дасведчаныя аб сваіх правах, адзначыла Ірына Барышнікава. Сёння яны больш актыўна адстойваюць свае законныя правы. І нічога дрэннага ў такой актыўнай пазіцыі няма. Начальнік упраўлення лічыць, што ўсім без выключэння суб'ектам гаспадарання варта прывыкнуць да таго, што ў Беларусі ёсць заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў і яго неабходна выконваць. Менавіта ад таго, наколькі спажывец ведае свае правы, умее і не баіцца іх адстойваць у любым сегменце спажывецкага рынку, залежыць вельмі многае. У выніку гэта ўплывае на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага дабрабыту насельніцтва і краіны ў цэлым.
У гэтым кірунку кіраўніцтва галіны таксама не спіць у шапку. У свой час, паводле прапановы Мінгандлю, былі павялічаны штрафы за рэалізацыю тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, захоўвання і рэалізацыі (мінімальны штраф быў павялічаны са 100 да 420 долараў, а максімальны — з 600 да 7 тысяч долараў у эквіваленце).
Сяргей КУРКАЧ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.