Мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў: «за» і «супраць»
На нядаўняй нарадзе ў кіраўніка дзяржавы падчас абмеркавання прыёмнай кампаніі прагучала прапанова павялічыць мэтавы набор абітурыентаў на шэраг дэфіцытных для рынку працы спецыяльнасцяў. Калі гэтая прапанова будзе ўхвалена, то мэтавы набор у ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці можа павялічыцца да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму, а па іншых спецыяльнасцях — да 40%. У сярэдніх спецыяльных навучальных установах на сельскагаспадарчых і медыцынскіх спецыяльнасцях мэтавы набор вырасце да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму і да 30% — на іншых. Мяркуецца, што такім чынам дзяржаве ўдасца, нарэшце, забяспечыць кадрамі школы і дзіцячыя садкі, бальніцы і паліклінікі. Аднак ці спраўдзяцца гэтыя спадзяванні?
Апошні раз палажэнне аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў пераглядалася пяць гадоў таму. У 2009 годзе мэтавы набор на спецыяльнасці сельскагаспадарчага, лесагаспадарчага, медыцынскага, педагагічнага профіляў, а таксама на спецыяльнасці чыгуначнага транспарту, журналістыкі, культуры і мастацтва, было дазволена павялічыць да 30 працэнтаў ад кантрольных лічбаў. Пашырыўся і пералік асоб, якія маглі прэтэндаваць на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі... Але ці стала ў медыцынскіх установах больш урачоў, а ў дзіцячых садках — больш выхавальнікаў?
Праз пяць гадоў гісторыя паўтараецца: лічбы мэтавага набору зноў павялічваюцца, а кола прэтэндэнтаў на мэтавую падрыхтоўку пашыраецца. Цяпер заключаць дагавор з заказчыкамі кадраў змогуць, як мяркуецца, і жыхары буйных гарадоў.
Але прывядзём некалькі лічбаў: летась у Беларукім дзяржаўным медыцынскім каледжы на 270 бюджэтных месцаў па спецыяльнасці «Сястрынская справа» было залічана толькі 205 ахвотных. Прыём ажыццяўляўся па выніках тэсціравання па біялогіі і дзяржаўнай мове. Узялі ўсіх, нягледзячы на балы.
У Мінскім медыцынскім каледжы з 240 бюджэтных месцаў «Сястрынскай справы» занятыя былі толькі 176. На педагагічных спецыяльнасцях у ВНУ засталіся незапоўненыя 296 бюджэтных месцаў, з іх 184 — фізіка-матэматычнага профілю...
Няўжо калі мэтавы набор у медыцынскія каледжы павялічаць да 60%, то моладзь рынецца масава падпісваць кантракты з наймальнікам, якія накладваюць вельмі сур'ёзныя абавязкі на выпускнікоў?
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры сямейнай і моладзевай палітыцы, старшыня Беларускай асацыяцыі ўрачоў Дзмітрый ШАЎЦОЎ
упэўнены, што мэтавая падрыхтоўка выгадная адначасова для двух бакоў: дзяржава з яе дапамогай вырашае кадравыя праблемы, а абітурыенты, у сваю чаргу, атрымліваюць сур'ёзныя прэференцыі на ўваходзе ў ВНУ.
Калі абітурыенту не хапае балаў у сертыфікатах ЦТ, калі ў яго не вельмі «моцны» дакумент аб адукацыі і ў сям'і няма сродкаў, каб аплачваць навучанне свайго дзіцяці, то мэтавая падрыхтоўка — гэта цудоўны шанц для маладога чалавека стаць студэнтам і атрымліваць стыпендыяльнае забеспячэнне. Але пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што даўгі дзяржаве ўсё роўна давядзецца вяртаць.
Але павелічэнне мэтавага набору — толькі адна з мер, скіраваных на забеспячэнне кадрамі ўстаноў аховы здароўя. Безумоўна, пяць гадоў, якія выпускнік павінен потым адпрацаваць на наймальніка, — тэрмін немалы, каб спецыяліст паспеў замацавацца на першым працоўным месцы. Аднак, як сведчыць практыка, утрымаць кадры немагчыма, калі ў іх не зацікаўлены мясцовыя ўлады, калі моладзь не адчувае з іх боку падтрымку, калі ў маладых спецыялістах папросту не зацікаўлены. Некаторым кіраўнікам прасцей зрабіць новы запыт на размеркаванне чарговага маладога спецыяліста, чым утрымаць яго папярэдніка. Дзмітрый Шаўцоў прывёў канкрэтны прыклад. Падчас яго працы ў Жлобінскім ТМА ў агульнаўрачэбную амбулаторыю была размеркавана выпускніца медуніверсітэта, вельмі перспектыўны спецыяліст:
— Дзяўчына адразу заявіла, што не плануе надоўга затрымлівацца ў раёне: маўляў, у яе іншыя прафесійныя планы. Аднак маладому ўрачу быў выдзелены домік, яна выйшла замуж, яе жыццёвыя і прафесійныя планы змяніліся: наколькі я ведаю, яна і сёння працуе ў амбулаторыі і ўсім задаволена...
На думку дэпутата, стаўку ў навучанні трэба рабіць менавіта на «мэтавікоў», паколькі ў медыцынскія ўстановы адукацыі павінны прыходзіць чулыя і бескарыслівыя маладыя людзі, якія свядома падышлі да выбару будучай прафесіі, якія гатовы да ўсіх нюансаў нялёгкай работы ўрача або медыцынскай сястры. А што мы назіраем у апошнія гады? Медыцынскія ВНУ выпускаюць урачоў, якія праз некалькі гадоў работы сыходзяць у фармацэўтычныя фірмы, касметалогію і гэтак далей. З іншага боку, спрашчаючы паступленне ў навучальную ўстанову, галоўнае — не перастарацца, каб не пацярпела якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. А ўстановам адукацыі, у сваю чаргу, неабходна звярнуць увагу на прафарыентацыю моладзі і больш актыўна агітаваць за прафесію медыцынскага работніка.
— Трэба разабрацца, што мы імкнёмся вырашыць, павялічваючы мэтавы набор і тэрміны адпрацоўкі па размеркаванні. Бягучыя кадравыя праблемы мы, магчыма, і закрыем, але ці вырашым пытанне на перспектыву? — дзеліцца сваім меркаваннем старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Дапускаю, што знойдуцца маладыя людзі, якія прымуць прапанаваныя ўмовы гульні і падпішуць кантракты на мэтавую падрыхтоўку. Адпрацуюць пяць гадоў. Але што будзе далей, калі сітуацыя ў адукацыі не зменіцца? Ні для каго не сакрэт, што на педагагічных спецыяльнасцях у ВНУ ўжо не першы год недаборы. А многія з залічаных на першы курс не ў стане асіліць нават першую экзаменацыйную сесію. Дык, можа, надышоў час звярнуць больш пільную ўвагу на патрэбы работнікаў адукацыі і павышэнне прэстыжу працы педагога? Кадравую праблему можна і трэба вырашаць толькі ў комплексе з павышэннем сацыяльнага статусу педагога.
Ёсць і яшчэ адна пагроза: усе мы ведаем, што ў настаўнікі пакуль не ідуць лепшыя вучні. А ў педагогіку, на жаль, усё часцей трапляюць выпадковыя людзі. Ужо колькі гадоў абмяркоўваецца ўвядзенне прафадбору для навучання на педагагічных спецыяльнасцях, паколькі педагогіка — прафесія не для кожнага. У ёй важна ўсё: і ўменне працаваць у калектыве, і ўменне ставіць вучня вышэй за сябе, і жаданне ўвесь час развівацца, наяўнасць пэўных псіхалагічных якасцяў, псіхалагічная ўстойлівасць. Прапаноўвалася таксама ўвесці нешта накшталт інтэрнатуры, як для выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, — такі своеасаблівы допуск да прафесіі... А цяпер уявіце сабе, што выпадковы чалавек прыходзіць у школу. Прычым на пяць гадоў. Тут ёсць над чым падумаць... У любым выпадку прыняцце рашэння аб заключэнні дагавора на мэтавую падрыхтоўку павінна быць добра прадуманым і ўзважаным, каб не было затым у жыцці расчараванняў, каб маладыя людзі не імкнуліся збегчы з сістэмы адукацыі пры першай жа магчымасці...
Разам з тым, у галоўным адукацыйным ведамстве не ўтойваюць, што падчас уступнай кампаніі сустракаюцца выпадкі, калі абітурыенты, набраўшы на цэнтралізаваным тэсціраванні высокія балы, не карыстаюцца сваім мэтавым накіраваннем і паступаюць па агульным конкурсе. Усё ж такі адпрацаваць два гады па размеркаванні прасцей, чым пяць гадоў. Забараніць ім гэта не могуць. Ва ўсялякім выпадку, не маглі...Таму і ўзнікла ідэя прапаноўваць кантракт на мэтавую падрыхтоўку абітурыентам ужо пасля таго, як пройдзены ўсе ўступныя выпрабаванні. Магчыма, што для кагосьці гэта і сапраўды будзе выдатнай магчымасцю стаць студэнтам?
Надзея НІКАЛАЕВА.
Будзь у курсе:
Паводле дзеючага парадку, падставай для скасавання дагавора на мэтавую падрыхтоўку могуць быць толькі медыцынскія паказанні, ліквідацыя арганізацыі, у якой працуе «мэтавік», або пераразмеркаванне, якое адбываецца ў інтарэсах дзяржавы і па ўзгадненні з дзяржаўным органам, зацікаўленым у мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста. Змяненне сямейнага становішча ўважлівай прычынай не лічыцца.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».