Музей — якраз тое месца, дзе на свае вочы можна пераканацца ў хуткаплыннасці часу і бессмяротнасці мастацтва. Ідуць стагоддзі, але іх вобразы, занатаваныя майстрамі, застаюцца ў музейных залах. У адной з такіх залаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь гэтымі днямі можна было назіраць, як жыве-працягваецца сувязь паміж стагоддзямі дзякуючы пераемнасці майстроў.
Побач са старасвецкімі прадстаўнікамі роду Радзівілаў (яны пазіралі з вялікіх партрэтаў) пад старажытныя мелодыі ў выкананні фальклорнага ансамбля «Тутэйшая шляхта» кожны наведвальнік музея змог на імгненне дакрануцца да сусветна вядомага слуцкага пояса. Нікому не верылася, што на самой справе гэтая прыгажосць створана ў наш час. Такі цуд здзейснілі сучасныя беларускія майстры, якія адрадзілі тэхналогіі радзівілаўскай мануфактуры.
Музейны паказ першых узораў слуцкіх паясоў ХХІ стагоддзя адбыўся адначасова з прэзентацыяй памятных манет серыі «Слуцкія паясы», якую выпусціў Нацыянальны банк. Сярэбраныя і медна-нікелевыя манеты багата аздоблены паэтычнымі карункамі на тэму сусветна вядомага слуцкага брэнда. Сучасны мастак, натхнёны творчасцю майстроў старажытнай «персіярні», перадаў на метале тонкі арнамент з палявых кветак. Такія манеты можна будзе купіць у аддзяленнях Нацыянальнага банка. Набываюць іх для продажу і камерцыйныя банкі.
Тыя, хто два з паловай стагоддзі таму ткаў залатымі ніткамі «...цвяток радзімы васілька», безумоўна, не ўяўлялі, што іх узоры разляцяцца некалі па ўсім свеце. Сёння адпраўленае з Беларусі пісьмо прынясе на любы кантынент арыгінальную трохвугольную марку з выявай часцінкі слуцкага пояса. Прэзентацыя такой маркі і канверта «Слуцкія паясы», выпушчаных Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, стала яшчэ адной часткай незвычайнага музейнага свята.
Яўген Пясецкі.
Фота аўтара.
На здымках:
1. Намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў у час цырымоніі пагашэння маркі і канверта.
2. Новыя памятныя манеты.
3. Адроджаная прыгажосць паясоў — справа сучасных беларускіх майстроў
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».