Страчаны шанцы Домрачавай на Вялікі хрустальны глобус, першы трафей БАТЭ ў новым сезоне, нечаканы поспех беларускай велагоншчыцы Алены Амялюсік… У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» прыгадвае найбольш цікавыя навіны мінулага тыдня.
1. Трыумфатарам перадапошняга этапу Кубка свету па біятлоне, што праходзіў у фінскім Контыялахці, стала гаспадыня трасы Кайса Мякярайнэн. Фінка выйграла ўсе тры гонкі і амаль што гарантавала сабе перамогу ў агульным заліку па выніках сезона. Свае апошнія шанцы на заваяванне запаветнага трафея Дар'я Домрачава страціла, няўдала выступіўшы ў дзвюх спрынтарскіх гонках. У першай з іх трохразовая алімпійская чэмпіёнка дапусціла ажно чатыры промахі і на фініш прыкаціла толькі з 37‑м часам. У другім спрынце чыста адстраляцца таксама не атрымалася: тры асечкі — і 20‑я пазіцыя. Затое ў нядзельным пасьюце Дар'я адзіная с шасцідзесяці біятланістак прамахнулася толькі аднойчы (і гэта пры моцным ветры!) і, адыграўшы 18 пазіцый, узышла на другую прыступку п'едэстала. Гэты подыум стаў дзясятым у сезоне 2013/2014 для Домрачавай.
Перад апошнім этапам у нарвежскім Халменколене Дар'я займае трэці радок у агульным заліку, надзея Скардзіна — 12‑я. Тым не менш лідар нашай зборнай яшчэ можа пазмагацца за Малы хрустальны глобус у масстартах. У гэтым заліку Домрачава на 14 ачкоў апярэджвае Кайсу Мякярайнэн і Туру Бергер.
2.
Барысаўскі БАТЭ перамогай стартаваў у новым сезоне. У матчы за Суперкубак Беларусі жоўта-сінія абыгралі леташніх уладальнікаў трафея — ФК «Мінск». Вырашальны гол у першым тайме са штрафнога забіў сербскі навабранец барысаўчан Філіп Младзенавіч. Пасля матча трыумфатар прызнаўся, што ўпершыню забіў гол са штрафнога: «Гэта ўвогуле мой трэці гол у кар'еры. Дзякуй трэнерам, што даверылі мне правесці гэты ўдар. На Радзіме ў складзе «Црвенай Звезды» я ўжо заваёўваў Кубак Сербіі, Суперкубак Беларусі — мой другі трафей. Беларуская кар'ера пачынаецца для мяне проста выдатна». Нагадаем, што БАТЭ трэці раз стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі.
3. Беларуская велагоншчыца Алена Амялюсік стала другой у шматдзёнцы «Вуэльта Сальвадор». Беларуская спартсменка саступіла 2 хвіліны 18 секундаў амерыканскай гоншчыцы Мары Эбат. Тым не менш Амялюсік першынствавала ў горным і спрынтарскім заліках. Акрамя гэтага, разам з партнёршамі па «Астана Бі Пінк» беларуска стала лепшай у камандным заліку.
4. Саступіўшы ў хатнім матчы падмаскоўнаму «Трыумфу», каманда «Цмокі-Мінск» страціла шанцы на выхад у плэй-оф Адзінай лігі ВТБ. Такім чынам, «Цмокі» скончылі выступленне ў турніры на апошнім, дзясятым, радку ў групе В.
5. У Стамбуле прайшло лёсаванне чэмпіянату свету па баскетболе сярод жанчын. Зборная Беларусі трапіла ў групу С, дзе кампанію нашым дзяўчатам склалі аўстралійкі, кубінкі і паўднёвакарэйскія спартсменкі. Здаецца, неблагі варыянт. Мяркуем, што барацьбу за лідарства ў групе беларускія баскетбалісткі павядуць з відавочнымі фаварыткамі — аўстралійкамі. А як яно адбудзецца, пабачым праз паўгода.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.