Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гарантуе правядзенне ў Мінску лепшага ў гісторыі чэмпіянату свету па хакеі. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея, членам Выканкама МАК Рэнэ Фазелем, паведамляе БЕЛТА.
«Я вам гарантую, што чэмпіянат у Мінску будзе самым лепшым чэмпіянатам у гісторыі. А ён тады такі, калі на трыбунах няма свабодных месцаў. І я хачу запэўніць вас, што ў нас свабодных месцаў на ўсіх матчах не будзе. І я ўпэўнены, што вы будзеце ганарыцца гэтым чэмпіянатам свету», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да госця.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Рэнэ Фазель уклаў нямала сваёй працы ў падрыхтоўку да гэтага першынства. «Вы тут пастаянна бывалі, падказвалі, раілі, накіроўвалі работу ў тое рэчышча, у якое патрэбна было», — сказаў Прэзідэнт. Ён выказаў удзячнасць асабіста Рэнэ Фазелю і яго калегам за тую каласальную работу і падтрымку, аказаныя Беларусі ў гэты прамежак часу.
Прэзідэнт Беларусі таксама падзякаваў Рэнэ Фазелю за мужнасць, якую ён асабіста і Міжнародная федэрацыя хакея праявілі ў адносінах да Беларусі і чэмпіянату свету, які будзе праведзены ў Мінску. «Я вельмі добра ведаю, які быў націск на міжнародную федэрацыю. І вы самі адчувалі такі ж націск. У нас хакеісты проста ганарацца прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея: бачыце, вось гэта сапраўдны мужык, сказаў, што спорт па-за палітыкай, значыць, па-за палітыкай, прынята рашэнне ў Мінску праводзіць чэмпіянат, значыць, будзем праводзіць у Мінску», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
«І як бы ні націскалі, я шчыра кажу, нават засумняваўся, калі быў жудасны націск: думаю, няўжо Рэнэ здасца, адыдзе ад гэтых пазіцый, але вытрымаў. Я табе вельмі ўдзячны за гэта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея.
У сваю чаргу Рэнэ Фазель прызнаў, што быў пэўны націск на федэрацыю. «Але наша пазіцыя адназначная: мы аддзяляем спорт ад палітыкі, і яна засталася нязменнай», — сказаў ён. Рэнэ Фазель таксама выказаў упэўненасць, што ў Мінску будзе праведзены цудоўны чэмпіянат і яго госці атрымаюць задавальненне ад гасціннасці і цеплыні беларускага народа, а таксама цудоўнага спартыўнага мерапрыемства.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мінск гатовы да прыёму чэмпіянату: былі пабудаваны самыя сучасныя палацы, у якіх будуць праходзіць спаборніцтвы, дастаткова дадатковых пляцовак, дзе можна будзе трэніравацца ў любы час сутак, створана неабходная інфраструктура. Акрамя таго, арганізаваны бязвізавы ўезд у краіну па білеце, купленым на любы з матчаў чэмпіянату. «Мы поўнасцю адкрываем для нашых гасцей краіну, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы зрабілі ўсё, каб і вам не было сорамна, і госці паглядзелі на нашу краіну».
Рэнэ Фазель у якасці падарунка паднёс Аляксандру Лукашэнку калекцыйныя шайбы Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Сочы.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.