У Жэневе праходзіць 130‑я асамблея Міжпарламенцкага саюза
Дэлегацыя беларускіх парламентарыяў на чале з Віктарам Гумінскім, намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу нашай краіны, з 16 па 20 сакавіка прымае ўдзел у 130‑й асамблеі Міжпарламенцкага саюза (МПС), якая праходзіць у Жэневе.
Беларускія парламентарыі ўжо паўдзельнічалі ў пасяджэннях Выканаўчага камітэта і Кіраўнічага савета, Каардынацыйнага камітэта жанчын-парламентарыяў, пастаянных камітэтаў гэтай арганізацыі па пытаннях міру і міжнароднай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека. Акрамя таго, зараз праходзяць пасяджэнні пастаянных камітэтаў МПС, на якіх запланавана абмеркаваць тэмы, што тычацца сучаснай дэмаграфічнай сітуацыі, парламенцкага ўнёску ў працэс ААН па распрацоўцы наступнага пакалення мэт у галіне развіцця. На агульных дэбатах запланавана выступленне кіраўніка беларускай дэлегацыі з тэмай «Міжпарламенцкі саюз — 125: пацвярджэнне прыхільнасці ідэям міру і дэмакратыі».
На перыяд правядзення асамблеі запланавана чарговая сустрэча членаў геапалітычнай групы «Еўразія», куды ўваходзяць Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Расія.
У праграме ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі — сустрэчы з прадстаўнікамі парламентаў іншых краін. 17 сакавіка адбыліся двухбаковыя сустрэчы Віктара Гумінскага з кіраўнікамі парламенцкіх дэлегацый Эквадора, Малайзіі, Уганды, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, на якіх былі абмеркаваны супрацоўніцтва і нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння з гэтымі краінамі.
130‑я асамблея Міжпарламенцкага саюза прысвечана 125‑й гадавіне стварэння гэтай арганізацыі, дарэчы, адной з самых старых сярод існуючых цяпер. Яна была створана ў 1889 годзе і з'яўляецца аб'яднаннем, якое служыць для каардынацыі дзеянняў парламентаў свету. Членамі МПС з'яўляюцца парламенты 163 краін і 10 асацыяваных членаў. Міжпарламенцкі саюз мае статус назіральніка пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У працы 130‑й асамблеі ўдзельнічаюць дэлегацыі са 141 краіны — гэта 715 парламентарыяў, у тым ліку 53 старшыні парламентаў.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.