Беларускія кандытары не адмаўляюцца ад савецкіх рэцэптаў
Нельга сказаць, што пячэнне — абавязковы складнік здаровага харчавання, аднак рэдкі дарослы (тым больш дзіця) адмаўляецца ад смачнага і сытнага прадукту. Дый не трэба цалкам адмаўляцца, калі ў вас няма праблем з вагой. Самае важнае — выбраць пячэнне адпаведнай якасці, з натуральных кампанентаў. У гэтым сэнсе вылучаецца, напрыклад, лідар па вытворчасці пячэння на рынку мучных кандытарскіх вырабаў «Кандытарская фабрыка «Слодыч».
Паводле слоў в.а. дырэктара прадпрыемства Аляксандра НЯЧАЯ, на вытворчасці выкарыстоўваецца толькі натуральная сыравіна — мука вышэйшага гатунку, масла, натуральны яечны парашок, натуральная шакаладная глазура і г.д. Сёння «Слодыч» вырабляе звыш 100 відаў цукровага, здобнага, зацяжнога, аўсянага і глазураванага пячэння, а таксама 10 відаў крэкераў, кексы і вафельны ліст.
На прадпрыемстве працягваецца тэхнічнае пераўзбраенне. У 2012 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю сучасная тэхналагічная лінія па вытворчасці цукровых гатункаў. Рэцэптура пячэння не змянілася, аднак новае замежнае абсталяванне — велізарная печ — у якой пячэнне запякаецца ў некалькі этапаў, дазволіла не проста павялічыць аб'ёмы вытворчасці, але і палепшыць смакавыя якасці. Пячэнне з водарам таплёнага малака, з разынкамі, шакаладам, какавай, журавінамі (гэтыя віды карыстаюцца найбольшым попытам у беларусаў) стала больш тонкім, рассыпістым і далікатным.
Калі вы набываеце «Слодыч» у старым добрым пергаменце, то павінны ведаць, што гэта самая што ні на ёсць лепшая, самая бясшкодная ўпакоўка, унутры якой — пячэнне, вырабленае паводле старога добрага савецкага рэцэпта, паводле ДАСТа.
Наогул на фабрыцы сёння працуюць пяць вытворчых ліній. Галоўным чынам гэта лініі машыннай фармоўкі, аднак ёсць і лінія ручной работы. Апошняя дазваляе выпускаць прадукт з меншым тэрмінам захоўвання, але больш падобны на дамашні. Гэта «Мінскія хлябцы», «Арэхавае», «Святочнае», «Да падвячорка». Дарэчы, «хлябцы» не адразу становяцца «квадрацікамі» — спачатку выпякаюцца даўгаватыя кексы, якія пасля наразаюцца, выкладваюцца на бляху і адпраўляюцца для падрумяньвання ў печ.
У 2012 годзе «Слодыч» абнавіў і ўпакоўку. Найбольш папулярныя гатункі ўжо прадстаўлены ў яркай поліпрапіленавай упакоўцы з празрыстым акенцам — вагой 250, 450 і 500 грамаў. Сімволіка чэмпіянату свету па хакеі-2014 з'явілася на «Крымскай сумесі», «Амазонцы», «Беларускім мядовым».
Да канца года плануецца паставіць абсталяванне для яшчэ адной новай лініі, выпуск прадукцыі на якой пачнецца ў 2015 годзе. Гэта будзе здобнае пячэнне, аб'ёмы і асартымент якога істотна пашырацца. З'явяцца не толькі новыя формы, але і новы змест — напрыклад, пячэнне з джэмавай начынкай. Такое печыва пакуль ніхто ў нашай краіне не выпускае.
Усё пайшло ад «Жоржа»
Кандытарская фабрыка «Жорж» пачала работу ў 1905 годзе. У даваенны час Мінская бісквітная фабрыка, створаная на базе фабрыкі «Жорж», вырабляла пернікі і пячэнне. Падчас Другой сусветнай вайны фабрыка была часткова разбурана. У 1945 годзе яе аднавілі і разам з пячэннем і пернікамі пачалі вырабляць макарону. За пасляваенныя гады фабрыка неаднойчы пераймяноўвалася і рэарганізоўвалася.
У 1991-м пачала работу Мінская кандытарская фабрыка №2 вытворчага аб'яднання кандытарскай прамысловасці «Камунарка», якая размясцілася па вул. Радыяльная, 54.
З 1994 года фабрыка перайменавана ў дзяржаўнае прадпрыемства «Кандытарская фабрыка «Слодыч», а з 2001-га — у ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч».
Святлана БАРЫСЕНКА
Прадукцыя фабрыкі займае каля 30% айчыннага рынку. Летась продаж вырас як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Экспарт ажыццяўляецца галоўным чынам у Расію, Казахстан, Германію, ЗША, ва Украіну, Азербайджан.
На 21-й міжнароднай выставе «Прадэкспа-2014» у Маскве «Слодыч» удастоены залатога медаля конкурсу «Лепшы прадукт-2014».
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.