Мікалай Казека — геніяльны, захоплены і захапляльны
У 22 гады ён быў чэмпіёнам СССР па скачках на батуце, а праз дзесяць гадоў чэмпіёнамі сталі яго выхаванцы. Пасля заканчэння кар'еры спартсмена стаў трэнерам па скачках у ваду. У 1986-м узначаліў зборную БССР па фрыстайле. Сёння яго вучні наймацнейшыя ў свеце. Пад яго кіраўніцтвам беларускія фрыстайлісты на працягу пяці зімовых Алімпіяд не вярталіся дадому без медалёў. Пасля трыумфу беларусаў у Сочы прайшоў практычна месяц. Пра тое, «што далей», Мікалай Казека распавядае ў інтэрв'ю «Звяздзе»:
— Алімпіяда — гэта неверагоднае эмацыянальнае напружанне. Усё яшчэ вельмі свежае ў памяці — і чаканне выступленняў, і моманты перамогі. Пакуль нервовая сістэма яшчэ не аднавілася, я да гэтага часу знаходжуся ў эйфарыі!
Нашы алімпійскія чэмпіёны цяпер у Мінску. Графік розных мерапрыемстваў, сустрэч пасля трыумфу ў Сочы ў іх цяпер вельмі шчыльны: купаюцца ў промнях славы! Антон Кушнір рыхтуецца ехаць на аперацыю ў Барселону. Ала Цупер — тут, з сям'ёй.
— Мікалай Іванавіч, гэта такі дар — бачыць у спартсмене будучага чэмпіёна? Ваша першая вучаніца Святлана Бандарчук стала чэмпіёнкай СССР пасля трох гадоў трэніровак з вамі. Алу Цупер і Антона Кушніра вы ўвогуле прывезлі з Украіны.
— Так, беларускі фрыстайл пачынаўся са Святланы Бандарчук і Уладзіміра Алейніка. Іх мы набралі ў першы эксперыментальны састаў і старанна з імі працавалі. Поспех сапраўды прыйшоў даволі хутка, таму што гэты від спорту быў тады вельмі малады, ён патрабаваў смеласці, якая ў нас, відаць, была ў неабмежаванай колькасці, бо мы таксама былі вельмі маладыя!
Ала Цупер прыехала да нас, калі ўжо была паўнавартаснай спартсменкай. Яна тады заняла пятае месца на Алімпіядзе ў Нагана. Скажу шчыра, я бачыў у ёй не патэнцыяльную алімпійскую чэмпіёнку, ды яшчэ і «залатую», не. Я цвяроза разлічваў на тое, што Ала можа ўдасканальваць сваё майстэрства, што яна здольная добра выступаць — гэта так. І сапраўды, у Беларусі яна цалкам абнавіла сваю праграму, выйшла на новы ўзровень. Ала — сапраўдны баец і вельмі цярплівы чалавек, чаго толькі варта яе выступленне са зламанай лапаткай.
Антон Кушнір не проста здольны спартсмен, ён заўсёды быў хлопцам, які захапляецца. Калі яго нешта захапляла, ён мог цэлы дзень працаваць над тэхнікай скачкоў і, што характэрна, не астываў.
— Кожны з вашых вучняў — неардынарная асоба. Як удаецца знайсці індывідуальны падыход?
— Вядома, толькі моцныя і яркія асобы могуць праявіць сябе ў спорце. Я так і стаўлюся да іх — з павагай. Я вывучаю іх, размаўляю, назіраю. У гэтым і павінны выяўляцца здольнасці трэнера — бачыць у выхаванцы і асобу, і характар, і яго ўнутранае «дзіця». Напэўна, я ім цікавы, у першую чаргу, як чалавек, які можа выслухаць, параіць. У мяне няма ніякіх сілавых метадаў. Я не бачу магчымасці іх «ламаць».
Праца спартсмена — тэхнічна правільна выкананы скачок. Я павінен дапамагчы яму ў гэтым. Але, ведаеце, мае здольнасці псіхолага не трансфармаваліся на жыццёвыя сітуацыі па-за спортам.
— Здаецца, вы дабіліся ўжо ўсяго, аб чым толькі можа марыць трэнер. Якія мэты зараз ставіце перад сабой?
— Аналагічнае пытанне мне задавалі пасля Ванкувера, чатыры гады таму. А вось бачыце, мы пайшлі далей, змаглі яшчэ вышэй «скокнуць»! Зараз у Мінск вернуцца нашы выхаванцы з другога складу — тыя, хто не патрапілі на Алімпіяду. Яны спаборнічаюць на еўрапейскіх кубках. Скончыцца юніёрскі чэмпіянат свету, пачнём падводзіць вынікі. Крыху адпачнём, а пасля ўжо будзем думаць, што рабіць далей.
Ведаю гэта па мінулым вопыце: немагчыма жыць тым, што ўжо засталося ва ўчарашнім дні. Я ўжо пачынаю марыць, абдумваць новыя праграмы сваіх вучняў. Ужо ёсць некаторыя намёткі, але пакуль, думаю, расказваць пра гэта яшчэ ранавата.
— Фрыстайл вельмі небяспечны від спорту, спартсмены атрымліваюць траўмы, якія могуць паўплываць не толькі на вынік, але і на іх далейшае жыццё. Вам, як трэнеру, якім чынам удаецца гэта пераносіць?
— Сучасны спорт вышэйшых дасягненняў спалучаны з рызыкай, таму што ўсё на мяжы фізічных магчымасцяў, і гэта не толькі ў фрыстайле. Але гэта жыццё спартсменаў, іх адрэналін. Ніхто ж адразу не заскоквае на трамплін і не робіць галавакружныя элементы. Яны пачынаюць з маленькіх скачкоў. Іх вучаць з малых гадоў асновам акрабатыкі, затым катацца на лыжах.
На жаль, бываюць асечкі і траўмы, цяжкія траўмы. Калі мы разам па паўгода на турнірах, мы ўжо сям'я, і вядома, перажываем адно за аднаго.
Маё шчасце — гэта першыя алімпійскія медалі Дзімы Дашчынскага і Аляксея Грышына. Усе перамогі на чэмпіянатах свету, этапах Кубка свету, Алімпійскіх гульнях — гэта прыліў энергіі, велізарнае задавальненне, плён тваёй працы. Вельмі балюча было на Алімпіядзе ў Турыне, калі Дзіму Дашчынскага «зарэзалі» суддзі. Незразумелая траўма Дзімы Рака таксама вельмі горкая. Падышоў чалавек, папрасіў зняць яго са спаборніцтваў таму, што дрэнна сябе адчувае... (Падчас трэніроўкі на этапе Кубка свету ў кітайскім горадзе Цзілінь беларускі фрыстайліст атрымаў цяжкую траўму галавы і шыі — Аўт.) Былі, вядома, цяжкія часы.
Зараз Дзіма прыходзіць да нас на трэніроўкі, калі мы ў Мінску, займаецца харэаграфіяй, скача на батуце. Але ў яго праблемы з кароткай памяццю — гэта значыць, ён можа не ўспомніць, што было 10 хвілін таму. Але тое, што было да траўмы, ён памятае добра.
— Пра чэмпіёнаў ведаюць усе. А што скажаце пра поспехі моладзі? Хто можа паказаць высокі вынік у бліжэйшы час?
— Я не схільны рабіць нейкія прагнозы, бо ў гэтых спартсменаў яшчэ доўгі шлях, на якім могуць быць і поспехі, і расчараванні, траўмы. Але перш за ўсё — праца, адданасць, настойлівасць, бясконцыя іспыты свайго характару і магчымасцяў.
Сапраўды, у нас ёсць добрая, перспектыўная моладзь, на якую я ўскладаю свае трэнерскія надзеі. Гэта Ганна Гуськова, Саша Раманоўская, Оля Капусціна. Ганна, дарэчы, выступала на Алімпіядзе. Яна была не ў лепшай сваёй форме, адбілася хваляванне. Але атрымала добры вопыт такіх высокіх спаборніцтваў — усё ў яе яшчэ наперадзе.
У хлопцаў гэта Станіслаў Гладчанка, Віталь Марцінкевіч. Я сёння бачу, што кожны з іх можа стаць добрым фрыстайлістам высокага ўзроўню.
— Вы спрыяеце падрыхтоўцы маладых трэнераў?
— Вядома, калі звяртаюцца па парады, заўсёды імкнуся падказаць. Цяпер у нас ёсць малады трэнер, які быў у камандзе на Алімпіядзе. Так склаліся абставіны, што нам тэрмінова трэба было шукаць трэнера. Мы рызыкнулі і ўзялі маладога Мішу Курловіча. Яшчэ ўчора ён скакаў, пакуль яшчэ заканчвае ўніверсітэт, а ўжо мае вопыт Алімпійскіх гульняў!
— Вы працуеце трэнерам ужо больш за 25 гадоў. Ніколі не ўзнікала жадання пакінуць спорт?
— Нават цяжка падлічыць, колькі разоў узнікала такое жаданне. Звычайна такі настрой узнікае, калі стамляешся, нешта ідзе не так хутка і якасна, як бачыцца ў марах. Бывае, здаецца: усё... Пачынаеш думаць, што надышоў час сыходзіць... Але знаходзіш нешта новае, цікавае — і застаешся. А такія хвалюючыя хвіліны, як у Сочы, перакрэсліваюць усе думкі аб тым, што трэба спыніцца ці сысці.
Спорт — гэта сапраўды цэлае жыццё, цэлы свет! Я вельмі любіў свайго трэнера, Леаніда Іосіфавіча Ліўшыца. Ён мне вельмі падабаўся і як настаўнік, і як асоба, чалавек. Цяпер я разумею, што менавіта ён шмат у чым паўплываў на мяне не толькі як на спартсмена, але і на будучага трэнера.
Так атрымалася, што шмат чаго я ствараў з нуля. Гэта тычыцца і беларускага фрыстайла. Я не ўласнік, але большая частка нашага фрыстайла — гэта частка мяне, гэта маё жыццё, я прыклаў да ўсяго гэтага сваю руку. Таму, калі ў мяне пытаюцца, чаму я не з'язджаю за мяжу, не імкнуся да гэтага, мне адказваць проста: мне тут цалкам камфортна.
— Вы досыць эмацыйны на схіле. У жыцці вы такі ж?
— У жыцці ў мяне такіх вострых эмацыйных сітуацый не было. Імкнуся стрымлівацца, але не заўсёды магу. Я вельмі настырны, напралом іду да мэты. Я — чалавек, які захапляецца. Мне цікава ўсё новае.
— Як ставіцца сям'я да вашай працы?
— Яны заўсёды вельмі «хварэюць» за мяне — і жонка, і сын, і нявестка. Пасля Сочы ў аэрапорце сустрэлі мяне з вялізным тортам, стылізаваным пад фрыстайл. Сын, калі вучыўся і працаваў у Амерыцы, часта прыязджаў на нашы выязныя спаборніцтвы.
— Ці ёсць у вас захапленні па-за межамі спорту?
— Я наогул не люблю, калі ёсць вольны час. Едзем на аднаўленчы збор, і я не ведаю, чым заняцца, што рабіць: на пляжы не люблю валяцца, паплаваў — і ўсё. Хутка адпачынак. Хачу з'ездзіць куды-небудзь у вёску, наведаць сваякоў. Маё — гэта трэніроўкі.
Калі чытаю, дык, у асноўным, дэтэктывы — напрыклад, Чэйза. Але люблю і класіку. Нядаўна прачытаў «Гамлета» на беларускай мове. Калі рыхтаваўся да Алімпіяды, прачытаў «Чапаеў і пустэча» Віктара Пялевіна і кнігу М. Прохарава пра асаблівасці маркетынгу — вельмі цікава!
У мяне поўная калекцыя еўрапейскіх і спартыўных алімпійскіх марак, за выключэннем першых дзвюх Алімпіяд у Грэцыі. Калі заняўся фрыстайлам, маркі адышлі на другі план. Але калі бачу нешта цікавае — купляю. Ёсць поўная калекцыя марак, прысвечаных маскоўскай Алімпіядзе, хачу сабраць сочынскую серыю. Самыя каштоўныя ў маёй калекцыі — савецкія маркі даваеннага часу.
Вельмі люблю балет. Часта наведваю наш Вялікі тэатр. Але лепшую пастаноўку чакаю не там: харэограф каманды, Раіса Сотнік, паабяцала нам паставіць з фрыстайлістамі «Кармэн». Кажа, што яны ў нас здольныя! Вось, чакаем.
Дар'я Лабажэвіч.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.