Наколькі развіццё тэрыторыі залежыць ад канкрэтнага дэпутата? Адказ на гэтае пытанне «МС» шукала ў профільнай камісіі ніжняй палаты беларускага парламента. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь ГРЫЦКЕВІЧ да работы ў парламенце шмат гадоў працаваў і ў выканаўчай уладзе, і ў прадстаўнічай. Ён тры скліканні запар узначальваў Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў.
— Генадзь Паўлавіч, праз некалькі дзён выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Давайце яшчэ раз пагаворым, каго і для чаго мы выбіраем?
— Перш за ўсё, Саветы — гэта органы мясцовага самакіравання. Гэта ўдзел усёй нашай грамадзянскай супольнасці ў тэрытарыяльным кіраванні на ўзроўні пасёлка, аграгарадка, раёна, горада і вобласці. Гэта орган, які зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэт, рэгіянальныя праграмы кіравання камунальнай уласнасцю, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, любой галіны, якая функцыянуе непасрэдна на гэтай тэрыторыі.
Але самае галоўнае, Савет дэпутатаў — гэта той орган, які жыве і працуе разам з выбаршчыкамі. Ён займаецца надзённай работай. Саветы ўдзельнічаюць ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах, сочаць за выкананнем сацыяльных стандартаў.
Летась шмат было дыскусій пра неабходнасць сельскіх Саветаў, але многія пагадзіліся, што гэты орган не дазваляе чалавеку застацца адзін на адзін з яго праблемай. Бываюць такія прыватныя выпадкі: спрэчка аб мяжы паміж участкамі, высвятленне сямейных адносін і падобнае, калі аўтарытэтны чалавек (а дэпутат Савета — гэта, як правіла, аўтарытэтны чалавек), які ведае заканадаўства, умее выступіць пасярэднікам, наладзіць канструктыўны дыялог.
Савет — гэта людзі, часцей за ўсё прафесіяналы сваёй справы, якія могуць выступіць з ініцыятывай, аб'яднаць вакол сябе іншых, узяць на сябе адказнасць.
Калі мы падчас сумеснай работы з Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў ездзілі па вобласці, то бачылі, што ёсць тэрыторыі, дзе насельніцтва вельмі актыўнае. Яно ўкараняе перадавыя тэхналогіі ў асвятленні вуліц, захоўвае парадак і чысціню. Гэта заслуга не толькі выканаўчай улады, але і жыхароў, якія працуюць разам з уладай.
— Вы сказалі пра адказнасць Саветаў. Але адказнасць мае на ўвазе магчымасці. Якімі рэсурсамі валодаюць Саветы?
— Мы вельмі змянілі сітуацыю, калі ў 2010 годзе прынялі ў новай рэдакцыі Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Ён дазволіў скараціць датацыйнасць бюджэту першага ўзроўню. Цяпер сельскі Савет мае магчымасць атрымаць на працягу года ўласныя даходы, у тым ліку праз унёскі насельніцтва, і не чакаць датацыі зверху, каб пачысціць і адрамантаваць калодзеж, прывесці ў парадак могілкі, выканаць ямачны рамонт дарогі, паправіць плот адзінокім старым. Насельніцтва адчула, што магчымасці ў пярвічнай улады ёсць. Сельскія Саветы могуць удзельнічаць у аўкцыёнах па продажы зямлі, прыцягваць інвестараў, некаторыя пытанні былі вырашаны за кошт часткі падаходнага падатку, за кошт падатку на нерухомасць.
На Віцебшчыне бюджэт сельсаветаў на 70% напаўняецца за кошт уласных рэсурсаў.
Сельскія Саветы атрымалі будынкі, зрабілі ў іх рамонт, абсталявалі камп'ютарамі і праз гэта набылі свой імідж.
— Чаму дыскусія вакол сельскіх Саветаў увогуле ўзнікла?
— Галоўным чынам, з-за недахопу кадраў у сельскай мясцовасці. Дэпутацтва — гэта вельмі значная грамадская нагрузка, якая не вызваляе ад асноўнай работы.
— У якіх выпадках чалавек ідзе не ў выканкам, а да дэпутата Савета?
— Калі яго пытанне не зусім трапляе ў сферу дзейнасці выканаўчай улады. Але справа не ў гэтым. Да дэпутата зручна звярнуцца, бо ён — твой сусед па вуліцы альбо раёне. Ён, гэтак жа як і жыхар канкрэтнага пасёлка, сутыкаецца з праблемай дрэннай дарогі, недахопам урачоў, парушэннем графіка вывазу бытавых адходаў, адсутнасцю асвятлення. Зараз у нас шмат адзінокіх старых, нямала пітушчых маладых людзей, ёсць кінутыя дзеці... Дэпутат не толькі ўсё гэта лепш ведае, але і можа паўплываць на сітуацыю, пагаварыць, распытаць, прапанаваць дапамогу.
— Інакш кажучы, дэпутаты бліжэй да людзей?
— Несумненна.
— Аднак можна пачуць меркаванне і пра «дэкаратыўную» функцыю Саветаў.
— Ніколі не пагаджуся з гэтым. Безумоўна, многае залежыць ад кіраўніка Савета і ад дэпутатаў. Дэпутаты праводзяць прыёмы грамадзян, у тым ліку разам з выканаўчай уладай, удзельнічаюць у днях інфармавання насельніцтва, мясцовых сходах, у абмеркаванні планаў забудовы тэрыторый. Дэпутаты ўдзельнічаюць у любых значных падзеях, мясцовых мерапрыемствах: святах, суботніках, віншаваннях маладых...
Яны рэальна ўдзельнічаюць у кіраванні тэрыторыі. Вырашаюць, які працэнт бюджэту пойдзе на спартыўную галіну, які — на сацыяльную сферу, на адукацыю, культуру. Калі дэпутат мае сваю пазіцыю, разбіраецца і разумее сферу, за якую ён узяўся, то нішто не перашкодзіць яму вырашыць праблемы ў гэтай сферы.
Дэпутат можа прыйсці і заявіць, што ў яго акрузе дарогі не адпавядаюць тэхнічным патрабаванням. Сёлета гэтыя дарогі не ўключаны ў адпаведную праграму, але дэпутат запрошвае акты тэхнічнага стану гэтых дарог, заказвае адпаведную дакументацыю, каб на наступны год дарогі былі ў праграму ўключаны. Дэпутат кантралюе, як праграма будзе выконвацца, і інфармуе насельніцтва.
У любым Савеце існуе такая форма работы, як наказы вабаршчыкаў. Дэпутат на сесіі паведамляе аб просьбах і заявах жыхароў яго тэрыторыі. Раённы Савет і райвыканкам прымаюць адпаведнае рашэнне, якое потым органы ўлады выконваюць. Вядома, для гэтага трэба быць асобай. На жаль, ёсць дэпутаты, якія, атрымаўшы мандат, не разумеюць, што ім трэба жыць жыццём свайго рэгіёна, выслухоўваць людзей, унікаць ва ўсе тонкасці заканадаўства...
Вось чаму важна, каб у дэпутаты вылучылі чалавека ініцыятыўнага, энергічнага, добрасумленнага, які можа адстаяць інтарэсы выбаршчыкаў. Мы ўсе розныя. Адзін абыякавы да чужой бяды, а другі — не. Вось таго, хто неабыякавы, і трэба выбіраць.
— Што вы можаце сказаць пра сёлетнюю выбарчую кампанію ў мясцовыя Саветы?
— Выбарчая кампанія ўжо выйшла на фінішную прамую. Я наведаў некалькі ўчасткаў горада Мінска. Мне вельмі спадабалася: усё добра арганізавана, інфармацыі пра кандыдатаў з'явілася больш, людзі спыняюцца і цікавяцца, пануе добразычлівая атмасфера. Імпануе, што ў выбарах часцей удзельнічае моладзь, што людзі становяцца больш актыўнымі, і выбаршчыкі, і кандыдаты. Даўно настаў час зразумець, што ўсё залежыць ад нас саміх. Калі так пойдзе далей, то правы Саветаў будуць пашырацца, самастойнасць тэрыторый расці, што і забяспечыць іх росквіт.
Заклікаю ўсіх грамадзян нашай краіны прыйсці 23 сакавіка на выбарчыя ўчасткі і аддаць свае галасы за годных людзей.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.