Захапляюся сямейнымі парамі, якія ствараюць гарманічны творчы тандэм. У іх ліку журналістка Інэса Плескачэўская і яе муж, фатограф і аператар Міхаіл Пеньяўскі. Пазнаёмілася я з гэтай парай у «Чайнай студыі» Алёны Вялічкі падчас Конфу-Ча (сустрэчы за гарбатай з цікавымі людзьмі). Міхаіл пражыў у Пекіне 19 гадоў, Інэса — 12. Практычна год таму сям'я пераехала з горада свайго знаёмства ў Карлавы Вары. Тым не менш, Кітай па-ранейшаму застаецца любімай тэмай. Пра краіну, якая звязала іх лёсы, яны могуць расказваць, здаецца, бясконца...
[caption id="attachment_35991" align="alignnone" width="600"] На беразе возера Лугу, падчас здымкаў фільма "Матрыярхат народа моса"[/caption]
Каханне без абавязацельстваў
Асабіста для мяне, напрыклад, стала адкрыццём, што ў Кітаі і па сёння існуе матрыярхат. Каб не быць галаслоўнымі, Інэса з Міхаілам паказалі адзін са сваіх дакументальных фільмаў «Матрыярхат народа моса». Як высветлілася, гэты сапраўды ўнікальны, дзіўны народ тысячагоддзямі жыве на берагах возера Лугу на мяжы паміж правінцыямі Сычуань і Юньнань.
— З пункту гледжання моса, гэта не яны, а мы жывём дзіўна: абмяжоўваем сябе шлюбам, пакутуем ад няшчаснага кахання, цяжка перажываем расстанне, — усміхаецца Інэса. — Там жа ўсё нашмат прасцей, бо шлюбу ў нашым з вамі разуменні ў іх не існуе. Мужчына прыходзіць ноччу да каханай, а раніцай пакідае яе і вяртаецца ў дом маці.
[caption id="attachment_35993" align="alignnone" width="600"]
Прадстаўніца народа моса Да Ма з дачкой[/caption]
Нягледзячы на тое, што пара ніколі не стварае афіцыйную сям'ю, многія захоўваюць вернасць адзін аднаму ўсё жыццё і маюць некалькі сумесных дзяцей!
— Самае галоўнае для гэтых людзей, як яны нам прызналіся, — пачуцці, — падхоплівае Міхаіл. — Калі ж каханне раптам прайшло, расстаюцца без шкадаванняў. Такія вось адносіны без абавязацельстваў...
Моса жывуць кланамі — два-тры пакаленні пад адным дахам. На чале клана стаіць, як правіла, самая аўтарытэтная жанчына ў сям'і. Дарэчы, калі ў нас кажуць, што менавіта мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына, то ў гэтага народа ўсе гэтыя абавязкі кладуцца на плечы жанчыны.
[caption id="attachment_35996" align="alignnone" width="600"] Пажылыя жанчыны моса[/caption]
У Кітаі няма такога паняцця, як «настукаць»
Ні для каго не сакрэт, што ў Кітаі дзейнічае жорсткая палітыка абмежавання нараджальнасці. Праўда, патрабаванне «адна сям'я — адно дзіця» тычыцца толькі тытульнай нацыі — хань (ханьцаў у Кітаі 92%). У іншых жа нацыянальных меншасцяў ёсць дакладны падзел на вясковую і гарадскую прапіску.
— Кітай — краіна кантрастаў, — кажа Інэса. — Калі ты жывеш у горадзе — можаш мець адно дзіця, калі ў вёсцы — двух. Прычым двух дзяцей могуць мець нават ханьцы, якія жывуць у вёсцы, пры ўмове, што першая — дзяўчынка. Праўда, шанц нарадзіць хлопчыка даецца толькі праз чатыры гады, а дазвол на другую цяжарнасць трэба абавязкова атрымаць у камітэце па планаванні нараджальнасці.
Хлопчыкі ў Кітаі больш жаданыя, бо, паводле кітайскіх уяўленняў, дзяўчынка — гэта адрэзаная луста: выходзіць замуж і сыходзіць у сям'ю мужа. Сын жа застаецца і забяспечвае бацькам шчаслівую старасць. Бо пенсію дзяржава вяскоўцам практычна не плаціць.
За тым, каб суседзі не парушалі палітыку абмежавання нараджальнасці, у Кітаі пільна сочыць суседскі камітэт.
— Калі жанчына зацяжарыць, то суседзі тут жа праінфармуюць аб гэтым камітэт па планаванні і нараджальнасці, — кажа Інэса. — Так, я не агаварылася, менавіта праінфармуюць, бо ў Кітаі няма такога паняцця, як «настукаць».
За парушэнне закону прадугледжаны вялізныя штрафы. Але, нягледзячы на гэта, асобныя кітайцы ідуць на ўсё, каб нарадзіць сына.
— Неяк падчас здымкаў чарговага сюжэта мы з Інэсай спыніліся ў адной вясковай сям'і. У іх суседзяў было трое дзяцей: дзве дзяўчынкі і хлопчык. За сына (яму тады было ўжо гадоў 7) бацькі ў свой час заплацілі штраф больш як 12 тысяч долараў. Яны прызналіся, што перш чым адважыцца на трэцюю цяжарнасць, доўга рыхтаваліся, збіралі грошы: паводле кітайскіх законаў, калі не заплаціць штраф, дзіцяці давядзецца жыць без дакументаў, бо яго проста не зарэгіструюць.
[caption id="attachment_35990" align="alignnone" width="600"] Гарбатная цырымонія[/caption]
Сакрэт доўгажыхарства
Падчас сустрэчы ў адрас Інэсы і Міхаіла гучала шмат пытанняў, звязаных з кітайскай медыцынай і зайздроснай працягласцю жыцця кітайцаў. Так, гаспадыня «Чайнай студыі», якая нядаўна вярнулася з Кітая, прызналася, што разгубілася, калі ў аптэцы, перш чым прадаць таблеткі ад галаўнога болю, у яе запыталі: «Якая палова галавы ў вас баліць?»
— Гэта прынцыповае пытанне, — усміхаецца Інэса. — Мы з Мішам заўзятыя аматары кітайскай традыцыйнай медыцыны. Так, менавіта традыцыйнай, бо «заходняя» медыцына ў Кітаі называецца нетрадыцыйнай. Мы ўжо даўно не карыстаемся заходнімі лекамі, перасталі піць чорную гарбату, калі гэта не пуэр.
— Пуэр — самая карысная з кітайскіх гарбат: дапамагае пры цукровым дыябеце, атлусценні, — кажа Міхаіл. — Гэта адзіная ў свеце гарбата, якая з гадамі, як добрае віно, становіцца толькі лепшай. Больш за тое, менавіта пуэр апошнім часам стаў для багатых кітайцаў прадметам інвестыцый. Яны скупаюць плантацыі, укладаюць туды вялікія грошы.
— Кітайцы вельмі актыўныя людзі, — падхоплівае Інэса. — Таму з гэтага пункту погляду Кітай мне падыходзіў, бо маім дэвізам заўсёды быў: «Не нарадзіся прыгожай, а нарадзіся актыўнай» (смяецца). ...Жыхары Паднябеснай глядзяць на свет інакш, чым мы...
— Ніколі не забудуся, як я здымаў у маленькім гарадку правінцыі Юньнань масавыя танцы кітайцаў на плошчы. Інэса стаяла збоку. Калі я падышоў да яе, яна плакала наўзрыд...
— Дагэтуль я ніколі ў жыцці не адчувала такога адзінства людзей, — кажа Інэса. Энергетыка неперадавальная, калі ўвесь горад выходзіць на плошчу ў вызначаны час і танцуе. Прычым яны гэта робяць штовечар.
[caption id="attachment_35995" align="alignnone" width="600"] Кітайская кухня[/caption]
«Навошта зайздросціць, калі ўсё роўна больш за тры разы не паясі»
Тройчы за вечар мы вярталіся да тэмы ежы. Таму на дэсерт прапаную некалькі, на мой погляд, цікавых назіранняў Інэсы і Міхаіла датычна кітайскай кухні і стаўлення кітайцаў да ежы.
«У кітайцаў асаблівая кухня. Пры прыгатаванні ежы выкарыстоўваецца шмат спецый. Акрамя таго, кітайцы ядуць вельмі шмат свежай зеляніны. Магчыма, гэта адна з прычын, чаму яны так доўга жывуць».
«У паўночнай кітайскай кухні ёсць тры асноўныя інгрэдыенты: часнок, імбір і цыбуля. Прычым паесці зранку часнаку ў Кітаі не лічыцца, як у нас, дурным тонам. Там гэта звычайная з'ява, бо часнок ядуць усе — ад начальніка да падначаленага».
«Кітайцы дбайна выбіраюць прадукты і робяць замовы ў рэстаране: правільнае харчаванне — залог добрага здароўя. Кожны лекар традыцыйнай кітайскай медыцыны пачынае курс лячэння з падбору харчавання, бо існуе перакананне, што да лекаў трэба звяртацца толькі ў тым выпадку, калі не дапамагла змена меню».
«Я чытаў інтэрв'ю з багатым па кітайскіх мерках бізнэсменам. Дык ён сказаў, што не разумее, чаму людзі зайздросцяць багатым: «Усё роўна ж больш чым тры разы ў дзень не паясі».
Дарэчы, што датычыцца багацця, то Інэса прызналася, што да таго, як трапіла ў Кітай, не разумела, наколькі беларусы багатыя:
«У Кітаі вялікі дэфіцыт зямлі і зусім не хапае вады. Нават цяпер, хоць я ўжо там не жыву, калі мыю посуд, па-ранейшаму эканомлю ваду. 12 гадоў у Кітаі дапамаглі зразумець, якая гэта вялізная каштоўнасць».
[caption id="attachment_35997" align="alignnone" width="600"] Адкрытыя вулічныя кавярні ў мусульманскім квартале ў Сіяне[/caption]
Пасля таго, як мы паглядзелі фільм пра пошук зямнога раю ў правінцыі Юньнань («У пошуках таямнічай Шангры-Ла»), зняты сямейнай парай для праекта АНТ «Дыханне планеты», Інэса сказала вельмі важную рэч, якой мне б і хацелася завяршыць гэты аповед пра Кітай.
— Я, пакуль жыла тры гады ў Рызе, год у Лондане, 12 гадоў у Пекіне і амаль год у Чэхіі, зразумела адно: рай трэба шукаць у сваёй душы. Працаваць над сабой, рабіцца лепшым. выконваць запавет Канфуцыя, які на пару тысячагоддзяў раней за Канта заклікаў «ставіцца да іншых так, як бы ты хацеў, каб яны ставіліся да цябе". Бо, адназначна, не месца ўпрыгожвае чалавека...
Надзея ДРЫЛА, фота Міхаіла Пеньяўскага
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.