Памятаю, у дзяцінстве чытаў апавяданне пра хлопчыка, якога паставілі ў якасці вартавога, а зняць з паста забыліся. Не мог сысці малы, бо слова даў.
Гэтую гісторыю я часта ўзгадваю, сустракаючыся з выпадкамі, калі чалавек, з якім прызначыў сустрэчу, спазняецца або зусім не прыходзіць, калі гучныя абяцанні чыноўніка застаюцца толькі абяцаннямі...
На жаль, такія выпадкі нярэдкія, і некаторыя ў апраўданне гавораць, што гэта прыкметы нашага менталітэту, бо, маўляў, толькі немцы вызначаюцца сваёй пунктуальнасцю.
Узгадайце, сябры, калі своечасова вы выехалі на прызначаную экскурсію, як дакладна прыбыў аўтобус на аўтастанцыю, калі ў час пачаўся спектакль? Думаю, няшмат такіх выпадкаў набярэцца.
Нядаўна ў доме, дзе я жыву, праходзіў капрамонт. Сказаць, што гэта падобна на стыхійнае бедства, значыць нічога не сказаць. Але я не пра гэта, бо пра тое, як працуюць нашы будаўнікі, трэба весці асобную гаворку.
Я ўсё пра тыя няспраўджаныя абяцанні. «Будзьце дома, заўтра прыйдуць». Няважна хто: слесар, газавікі, электрыкі... Чалавек адпрошваецца з работы, бярэ адгул, адпачынак за свой кошт. І што? У адказ у лепшым выпадку гучыць: ну, не атрымалася, нічога страшнага, заўтра атрымаецца... Гэта калі даб'ешся адказу. А ўжо каб прабачэння папрасіць... Як кажуць у Адэсе: не дачакаецеся.
Грашаць няспраўджанымі абяцаннямі і некаторыя кіраўнікі. І людзі часам жартуюць, што іх начальнік — гаспадар свайму слову: захацеў — даў, захацеў — зняў.
У канцы семідзясятых гадоў я працаваў на Наваполацкім вытворчым аб'яднанні «Палімір». Генеральным дырэктарам тады там быў Леў Вітальевіч Наважылаў, Герой Сацыялістычнай працы, які прайшоў шлях ад простага інжынера да кіраўніка найбуйнейшага ў Еўропе прадпрыемства. Дык вось, кожны работнік шматтысячнага калектыву ведаў, што калі Наважылаў сказаў, нешта паабяцаў, то гэта так і будзе. Лічылася нават непрыстойным нагадваць Льву Вітальевічу пра яго абяцанні, бо слова кіраўніка было жалезнае.
Не так часта потым сустракаў я ў сваім жыцці падобных кіраўнікоў. Але кожны раз, калі лавіў чалавека на забыўлівасці, няспраўджаным абяцанні, з сумам і ўдзячнасцю ўспамінаў свайго былога дырэктара.
Вернасць дадзенаму слову, адказнасць за здзейснены ўчынак — гэта, здавалася б, элементарна. Але амаль кожны дзень даводзіцца гаварыць пра рэчы абсалютна элементарныя, але якія сталі праблемнымі. Нават часам думаецца: можа, каму-небудзь выгадна, каб мы здзічэлі, забыліся на нормы элементарнай маралі?
Дык пачнем з малога: не спазняцца на сустрэчы, быць вернымі дадзенаму слову...
І жыць стане лягчэй, і адносіны паміж намі стануць больш спагадныя і сяброўскія, веру.
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.