У Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адкрылася выстава вядомага беларускага скульптара, прысвечаная яго 45-годдзю.
Яго скульптуры знаёмыя ў Магілёве нават тым, хто не ведае яго прозвішча. І не толькі ў Магілёве. Дастаткова ўспомніць бронзавы сімвал горада Шклова — агурок з кошыкам у руцэ. Але да сваёй юбілейнай выставы «Шлях» Андрэй Вараб'ёў падрыхтаваў усё тое, што непасрэдна датычыцца яго жыцця ці думак пра яго. Гэта нейкія філасофскія вобразы, якія вонкава нагадваюць герояў пластылінавых мультфільмаў Аляксандра Татарскага. Здаецца, што яны раптам ажывуць і прымуць нейкую іншую форму. У іх і насамрэч шмат агульнага з аўтарам.
— Гэта майстар сваёй справы, — падзялілася думкамі намесніца старшыні ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жабарава. — У яго ёсць свой падыход, почырк, стыль. Ён прапускае праз сябе пачуцці, эмоцыі, перажыванні, і гэта атрымліваецца цудоўна. Тут і пацалункі, і дрэва жыцця з рознымі надпісамі на роднай беларускай мове.
Пра свае працы аўтар кажа, што яны ўсё ўлюбёныя, але найбольш блізкі яму «Пясочны гадзіннік, альбо Кароль і каралева». «У гэтай працы спалучаюцца дзве мае галоўныя тэмы — аўтапартрэт і каханне».
— А які жанр ці напрамак для вас бліжэй? — пытаюся ў Андрэя.
— Не ведаю, — шчыра прызнаецца ён, — мастакі пра гэта не думаюць. Напэўна, фігуратыўнае мастацтва, рэалізм.
Сам аўтар адзначыў, што выстава для яго — гэта падвядзенне нейкага выніку, пройдзенага шляху.
Яшчэ адной значнай падзеяй у жыцці майстра стала нядаўняе яго абранне на пасаду кіраўніка Магілёўскага аддзялення Саюза мастакоў. Рыгор Сітніца, які ўзначальвае ў Беларусі гэтую творчую суполку, адзначыў, што Андрэй Вараб'ёў — гэта лідар сваёй справы, вельмі крэатыўны, прыкметны творца, якога не зблытаеш ні з кім.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.