«Хакеісты», дрэвы ў кадках і бэзавыя алеі — такім будзе зялёны ўбор Мінска
Сёлета ў Мінску з'явяцца новыя кветкавыя кампазіцыі, некаторыя з іх распрацаваны спецыяльна да чэмпіянату свету па хакеі, паведаміла падчас прэс-канферэнцыі кіраўніца службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гас
падаркі «Мінскзелянбуда» Анжаліка ПУЗАНКОВА.
«Паколькі мы прымаем чэмпіянат, падрыхтоўку да веснавога ўпрыгожвання горада кветкамі мы пачалі яшчэ ўвосень, — распавяла Анжаліка Пузанкова. — На прадпрыемствах зялёнага будаўніцтва было высаджана 350 тысяч цыбулін раслін. Гэта больш, чым у мінулых гадах, бо мы хацелі надаць аб'ектам максімальны дэкаратыўны эфект, выкарыстаўшы прыгажосць вясновай квецені».
Аснову асартыменту раслін складаюць цюльпаны, нарцысы і гіяцынты. Мяркуецца, што першыя кветкі на клумбах з'явяцца ў 20-х чыслах красавіка.
Спецыялісты прадпрыемства распрацавалі новыя кветкавыя канструкцыі, у тым ліку эмблему хакейнага чэмпіянату. Пано, на якім яна будзе высаджана расадай, усталююць у зоне гасціннасці каля Палаца спорту. Апроч таго, ва ўсіх зонах гасціннасці з'явяцца дадатковыя канструкцыі з раслінамі, а сачыць за чысцінёй на аб'ектах чэмпіянату будуць мабільныя брыгады, работа якіх арганізавана ў трохзменным рэжыме.
Як адзначыла спецыяліст, пасля чэмпіянату па хакеі добраўпарадкаванне працягнецца. Сёлета беларусаў чакае шырокае святкаванне 70-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і шэраг іншых мерапрыемстваў, да якіх «Мінскзелянбуд» таксама рыхтуецца. Так, праспект Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі таксама ўпрыгожаць новыя вертыкальныя кветкавыя канструкцыі — гэты ўчастак вызначаны маршрутам шэсця ветэранаў падчас парада. Сама Кастрычніцкая плошча таксама пераўтворыцца.
«Паколькі ў нас вельмі шмат брукаваных участкаў (тая ж Кастрычніцкая плошча — па сутнасці вялікае шэрае поле), сёлета мы паставім там кантэйнеры з дрэвамі і канструкцыі з павойнымі раслінамі», — паведаміла Анжаліка Пузанкова.
Але гэта яшчэ не ўсе «зялёныя» цікавінкі, якія парадуюць жыхароў і гасцей сталіцы.
«Да даты вызвалення запланавана закладка алей з бэзу, сарты якога маюць назвы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной: «Зоя Касмадзям'янская», «Маршал Жукаў» і іншыя, — праанансавала спецыяліст «Мінскзелянбуда». — Іх вывеў батанічны сад Валгаграда і перадаў нам, каб 3 ліпеня мы сумесна з ветэранамі высадзілі іх у парках Чалюскінцаў, Перамогі і Лошыцкім».
Дарэчы, у справе азелянення горада бяруць удзел не толькі работнікі «Мінскзелянбуда», але і грамадзяне. Бо, як адзначыла кіраўніца службы прадпрыемства, калі чалавек сам садзіць дрэва, ён пачынае па-іншаму да яго ставіцца. Па словах Анжалікі Пузанковай, з жаданнем паўдзельнічаць у пасадках штогод звяртаецца шэраг арганізацый. Для іх спецыялісты арганізуюць пляцоўкі — хаця б па адной у кожным раёне сталіцы.
Аднак дрэвы ў Мінску не толькі садзяць, але і высякаюць, напрыклад, для разгортвання будаўнічых пляцовак.
«Я б не сказала, што высяканне ў зоне будаўніцтва актыўнае, — заўважыла Анжаліка Пузанкова. — Калі без яго нельга абысціся (а такія пытанні вырашаюцца пры дапамозе экспертызы), ставіцца задача максімальнага захавання кожнага дрэва».
Пры гэтым да моманту высечкі насаджэнняў на будучых будпляцоўках заключаецца дагавор на выкананне кампенсацыйных пасадак (ад двух да дзесяці дрэў за кожнае ссечанае), месцы для якіх вызначаюцца на тэрыторыі горада адпаведнымі камісіямі.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.