Гэтую лічбу журналістам назваў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід МАРЫНІЧ: такая колькасць сабраных збожжавых будзе магчымай пры правільным падыходзе да арганізацыі працы падчас пасяўной. Наяўныя рэсурсы дазваляюць правесці ўсе належныя работы за 7—11 дзён у двухзменным рэжыме. Але, як заўважыў першы намеснік міністра, на практыцы гэтыя тэрміны звычайна расцягваюцца да 14—27 дзён з прычыны парушэнняў і нерацыянальнага выкарыстання тэхнікі. У шэрагу рэгіёнаў пасяўная ўжо пачалася, прычым у лідарах па аб'ёме выкананай працы знаходзіцца Брэсцкая вобласць.
Сярод галоўных праблем сёлетняй кампаніі Леанід Марыніч вылучыў недахоп у кадрах (да 39,8 тысячы механізатараў будзе далучана яшчэ 5,5 тысячы выпускнікоў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, работнікаў прамысловасці і спецыялістаў, занятых у іншых сферах) і нястачу ўгнаенняў, асабліва — мінеральных. Праблема з мінеральнымі ўгнаеннямі будзе кампенсавана з дапамогай арганікі: у большасці рэгіёнаў недахопу ў гэтых угнаеннях не адчуваецца.
Першы намеснік міністра таксама выказаў занепакоенасць станам падрыхтоўкі да пасяўной у Віцебскай вобласці. Акрамя вышэйназваных праблем, існуе яшчэ адна: у гэтым рэгіёне загінула вялікая колькасць азімых. У Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім раёнах працэнт некаторых загінулых культур дасягнуў 95-100. Для вырашэння праблемы будуць праведзены кансультацыі са спецыялістамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Леанід Марыніч не выключыў варыянта, пры якім збожжавыя культуры ў гэтых рэгіёнах будуць замяняцца іншымі відамі.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».