«Здымак, які я прапаную да ўвагі рэдакцыі і чытачоў, — люстэрка памяці 80‑гадовай даўніны, — піша старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Святлана Кошур. — На ім — сям'я маёй матулі, прымусова вывезеная ў 1935 годзе з Беларусі ў Архангельскую вобласць. Дакументальнае пацвярджэнне гэтай гісторыі, якую я не раз чула ад мамы і яе старэйшай сястры, цёткі Вольгі, — даведка, атрыманая ў студзені 1995 года з УУС Мінскага аблвыканкама, аб тым, што мая матуля ў ліку іншых ахвяр палітычных рэпрэсій 1920–1950‑х гадоў рэабілітавана па гэтай справе».
…Тым днём у хату селяніна Пракопа Рыгоравіча Грынько (майго дзеда) уварваліся ўзброеныя людзі і загадалі 43‑гадовай гаспадыні Фядоры Паўлаўне тэрмінова збірацца. Тры дні таму гэтак жа гвалтоўна і раптоўна забралі мужа, і жанчына жыла ў прадчуванні чагосьці нядобрага. Прыціхлі напалоханыя дзеці, пакуль маці спешна кідала сваю і дзіцячую вопратку на даматканую дзяружку, бо ўзяць з сабою дазволілі толькі ручную паклажу. Да падводы ішлі ўсе разам: за маміну руку ўчапіўся 7‑гадовы Міколка, наперадзе рушыла 15‑гадовая Марыя, трымаючы на руках 5‑гадовую Верачку, за ёй — 13‑гадовая Воля і 10‑гадовая Ганначка. Калі жанчын і дзяцей пад дуламі наганаў пасадзілі на воз, чарада падвод, расцягнуўшыся на ўсю вуліцу, рушыла на Слуцк. Там гаротнікаў ужо чакалі таварнякі. У апошні момант перад адпраўкаю аднекуль прывялі бацьку, такога змучанага, што дзеці яго не адразу пазналі. Цягнік рушыў на поўнач — у Архангельск. «У такіх нечалавечых умовах — бітком набітыя вагоны, дзе туліліся і немаўляты, і састарэлыя, дзе стаяў паўзмрок і смурод, а патрэбу спраўлялі праз дзіркі ў падлозе, не ўсе даехалі да месца прызначэння, — піша Святлана Кошур. — Потым спецперасяленцаў параходам адправілі далей на поўнач, пакуль не завезлі ў глыбіню тайгі ў пасёлак Ёжма, што знаходзіўся ў Пінежскім раёне Архангельскай вобласці. На тым шляху па тайзе матулі найбольш запомніліся могілкі і крыжы».
Дзеду Пракопу давялося працаваць на лесараспрацоўках — валіў карабельны лес, але за гэту цяжкую працу амаль нічога не зарабляў. Бабуля Фядора, якая нарадзіла 8 дзяцей (3 памерлі ад адзёру), павінна была карчаваць лес — «біць карчы». Сям'я галадала. Часам адзінай ежай быў кавалак хлеба, пасыпаны соллю… Толькі ўлетку крыху ажылі, ратаваліся грыбамі ды ягадамі — за дзень дзеці збіралі іх па два вядры, журавіны і брусніцы здавалі (так збіралі грошы на дарогу), чарніцы сушылі. Бацьку адправілі на сплаў, адкуль яму ўдалося прыслаць 100 рублёў. Разумеючы, што наступнай зімы не перажывуць, увосень вырашылі бегчы, і з другой спробы гэта ўдалося.
Але, вяртаючыся дадому, сям'я яшчэ не ведала, што дома ў іх ужо не было: у хаце размясцілі кантору. Бацька са старэйшай дачкой паехаў пад Бабруйск, прадчуваючы, што дабра чакаць не выпадае. А маці з дзецьмі пусцілі толькі ў сені, дый тое ненадоўга. Амаль адразу Фядору Паўлаўну арыштавалі і асудзілі на тры гады «за ўезд у памежную зону». Для Волі і Ганны дзяцінства скончылася: былі вымушаны жыць у далёкіх сваякоў і няньчыць малых.
За непісьменную Фядору Паўлаўну ў турме добрыя людзі напісалі на імя Крупскай прашэнне аб памілаванні, і праз 2 гады яе, як шматдзетную маці, вызвалілі. «Для мяне Надзея Канстанцінаўна Крупская назаўсёды застанецца не проста дзяржаўным і партыйным дзеячам, выдатным педагогам, але яшчэ і чулым чалавекам. Толькі пасля таго, як сям'я ўз'ядналася з маці і бацькам, матуля зноў змагла пайсці ў школу. Да вайны яна паспела скончыць 6 класаў».
У вайну сям'я пэўны час хавала ў сябе суседа-яўрэя, хоць гэта і пагражала расправай усім. Дзеці асірацелі: не стала бацькі. Не раз даводзілася ратавацца ад фашыстаў у сховішчы-яме, якую спецыяльна выкапалі і замаскіравалі; аднойчы вёску ледзь не спалілі, і толькі з'яўленне партызанскага атрада выратавала сялян…
«Пасля вайны матуля скончыла гандлёва-кааператыўную школу ў Моўчадзі, працавала бухгалтарам. Усе яе сёстры, як птушкі з разбуранага гнязда, разляцеліся хто куды. Ва ўспамінах мама напісала: «З 1945 года ў Чырвонай Слабадзе не жыла. На душы было цяжка, але мы нікому не гаварылі, што з намі зрабілі. Над намі, «ворагамі», увесь час вісеў меч. Я думала, што бацькі былі вялікія злачынцы, а аказваецца, саслалі іх за цяжкую працу на зямлі… Мне разам з лістамі аб рэабілітацыі выслалі і сямейны фотаздымак, на якім застаўся жоўты ржавы след сашчэпкі. Паглядзелі б вы на рукі майго бацькі і на яго стан! Гэта жывы шкілет, абцягнуты сухой маршчыністай скурай…». На гэтым здымку я ўпершыню ўбачыла сваіх бабулю і дзядулю, якія памерлі задоўга да майго нараджэння. Сама матуля сядзіць у першым радзе пасярэдзіне, але спачатку яна нават не змагла пазнаць сябе. Калі чытаеш у падручніках пра «перагібы» пры раскулачванні, то не заўсёды ўяўляеш, што гэта азначала насамрэч і каго часам запісвалі ў «ворагі» проста таму, што людзі працавалі з раніцы да змяркання, каб утрымаць сям'ю, мелі дом, каня, карову ды пэўны сельскагаспадарчы інвентар. Цяпер, калі матулі ўжо няма, я выконваю сваё абяцанне — пішу пра яе няпросты жыццёвы шлях, хоць нават на паперы прайсці яго наноў разам з ёю невыносна цяжка…».
* * *
Шаноўныя чытачы! Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры здымкі) дасылайце на рэдакцыйную пошту альбо электронную скрыню іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны каштоўным прызам.
Увага! Да ўдзелу ў конкурсе НЕ ПРЫМАЮЦЦА вясельныя фотасесіі, леташнія здымкі з курорта і сучасныя фота дзяцей. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.