Аднойчы славуты беларускі партызан Васіль Захаравіч Корж на пытанне анкеты «Ваша адукацыя?» напісаў: «Сем класаў, але не кожны дзень». Так абаронца краіны з пэўным гумарам адзначыў асаблівасці не толькі свайго школьнага навучання, але і жыцця. А яно было далёка не простым. За яго плячыма — служба ў польскай арміі, удзел у заходнебеларускім рэвалюцыйным руху разам з Кірылам Арлоўскім, адказная камандзіроўка ў Іспанію ў сярэдзіне 30-х гадоў і многае іншае.
Сёлета споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння гэтага цудоўнага неардынарнага чалавека-самародка. Ён з'явіўся на свет у сям'і, якая пражывала ў вёсцы Хворастава Мазырскага павета, сёння гэта Салігорскі раён Мінскай вобласці. Акрамя Васіля, у сям'ю ўваходзілі старэйшы брат Сцяпан і чатыры сястры: Парасся, Марыя, Антося, Ганна. У 1935 г. прыйшла бяда — памерлі бацькі, Захар Рыгоравіч і Алена Фёдараўна. Васілю прыйшлося на нейкі час стаць гаспадаром.
А вось радкі з яго аўтабіяграфіі: «Калі ў верасні месяцы 1939 г. наша Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь, у мяне з'явілася жаданне папрацаваць у заходніх абласцях, хоць бы на пасадзе дырэктара саўгаса. А жаданне з'явілася таму, што, па-першае, я ваяваў доўгі час у гэтай мясцовасці з белапалякамі і меў з імі свае разлікі... А па другое, лічу, што я там прынясу неабходную карысць, як чалавек, які добра ведае гэты народ».
Органы ўлады просьбу задаволілі. Праз некаторы час Васіль Корж становіцца дырэктарам зернесаўгаса імя Ланге Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. А праз год, у лістападзе 1940-га, яго пераводзяць у Пінск на пасаду загадчыка фінансавага сектара Пінскага абкама КП(б)Б. Тут ён і сустрэў вайну.
Да сённяшняга часу вядуцца дыскусіі наконт таго, як мірныя людзі ператвараліся ва ўдзельнікаў вайны ў тыле ворага: добраахвотна ці па загадзе «зверху». Што да Васіля Захаравіча, то дакументальна даказана, што ён гэта вырашаў не толькі добраахвотна і ў першыя дні вайны, але і з просьбай выдаць зброю для стварэння спецыяльнага партызанскага атрада. І такое баявое фарміраванне нарадзілася яшчэ да выхаду вядомых пастаноў урада СССР па праблемах партызанскага і падпольнага руху.
У атрад Васіля Каржа (другая назва — «Камарова». «Камароў» — псеўданім Каржа. — Аўт.) уваходзілі, галоўным чынам, рабочыя, сяляне, служачыя. Першыя яго баі з ворагам адбыліся 28 чэрвеня і 4 ліпеня 1941 г. Звесткі аб гэтай паспяховай сутычцы надрукаваны ў хроніцы Вялікай Айчыннай вайны. У будучыні на базе атрада ўзнікла цэлае партызанскае злучэнне ў складзе 10 тысяч чалавек.
Партызанская дзейнасць, наогул, займае асаблівае месца ў жыцці Васіля Каржа. У гэты час ён вырас да генерал-маёра, камандзіра дывізіі. Праўда, у Нацыянальным архіве захоўваецца прадстаўленне Цэнтральным штабам партызанскага руху Васіля Каржа да воінскага звання «палкоўнік» «па прычыне ўсяго толькі сямікласнай адукацыі». Гэта ўшчамляла патрыёта, яго ўклад у Перамогу. Па ўспамінах розных людзей, у пытанне ўмяшаўся нават сам Сталін, які вярнуў гэтаму акту справядлівасць. 16 верасня 1943 г. у Маскве ва ўрачыстай абстаноўцы Васіль Захаравіч Корж быў удастоены звання генерал-маёра і воінскага чына камандзіра дывізіі.
Корж унёс важкі ўклад у прызнанне атрада асноўнай арганізацыйнай формай партызанскага руху. Пра глыбокую веру ў вялікае ваенна-стратэгічнае значэнне партызанскай барацьбы сведчыць яго заява аб тым, што савецкія вайскоўцы, якія трапілі ў акружэнне, могуць выконваць свой канстытуцыйны абавязак перад Радзімай і ў складзе партызанскіх атрадаў.
Баявыя дзеянні Васіля Каржа закончыліся ў ліпені 1944 г., пасля злучэння яго дывізіі з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Светлы дзень Перамогі ён сустрэў у Маскве. Нягледзячы на ўсенародныя гулянні, Корж заняўся прозай жыцця. У архіве знойдзена пісьмо Васіля Захаравіча на імя сакратара ЦК УКП(б) Малянкова, у якім ён просіць выдзеліць яго сям'і ў Маскве асобную кватэру (трое дзяцей). Сям'я атрымала двухпакаёўку. Па мерках таго часу рашэнне лічылася станоўчым. У будучыні партызанскі камандзір пабудаваў у Падмаскоўі і дачу, у якую ператварыўся сялянскі зруб, прывезены з роднай Старобіншчыны сябрамі-партызанамі.
Па ўсесаюзным перапісе ў Беларусі пасля вайны пражывала каля 7 мільёнаў чалавек. Усе сацыяльныя слаі мелі розныя мары. Сяляне чакалі вяртання страчанага, рабочыя — павышэння заробку, інтэлігенцыя — лаяльнага стаўлення да сябе з боку савецкай улады. Воін-пераможац Васіль Корж прэтэндаваў на актыўную грамадзянскую пазіцыю.
У жыцці баявога партызана ў мірны час, як і ў гады вайны, шмат нестандартнага: даваў аб сабе знаць яго праўдалюбівы характар. Але першай нечаканасцю стаў восеньскі дзень 1944 г., калі Васіль Захаравіч трапіў у аўтамабільную аварыю, пасля якой ваенныя кіраўнікі ў Маскве адправілі яго ў адстаўку. Гэта не магло не ўдарыць па самалюбстве. Але віду ён не падаваў. Праходзіць нейкі час, і Васіля Захаравіча зацвярджаюць намеснікам міністра лясной гаспадаркі. Гэтая пасада — вяршыня яго дзяржаўнай дзейнасці. «Лясы — прыроду, — піша ён у сваім дзённіку, — я любіў усё сваё жыццё. Да глыбіні душы палюбіў я і гэтую вялікую дзяржаўную гаспадарку, і людзей, і кадры спецыялістаў лясной гаспадаркі, і дзяржаўную лясную варту. І адчуваю, што быў не лішнім чалавекам на гэтым участку гаспадарчай дзейнасці». Ён, калі дазнаўся ад вучоных, што гітлераўцы ў час вайны вывезлі з Беларусі амаль кожны трэці кубаметр будаўнічага лесу, аддаваў галоўныя сілы пасадцы новых дрэў. Яго імя значыцца пад планамі развіцця новых лесапасадак Беларусі.
Але нешта неверагоднае здарылася і тут. Не паспелі прайсці чатыры гады, як баявы генерал, Герой Савецкага Саюза Васіль Захаравіч Корж прымае рашэнне стаць старшынёю калгаса «Партызанскі край». Апошні быў адной з самых адсталых гаспадарак і знаходзіўся, па выразе Каржа, «на самым дне Палесся, дзе ні дарог, ні баз». Адбылося гэта ў 1953 годзе. Але па ўспамінах дачкі Зінаіды Васільеўны, Васіль Захаравіч «у другі раз тут нарадзіўся». Зрабіць «эканамічны цуд» дапамаглі строгая працоўная дысцыпліна, механізацыя працы і меліярацыйныя работы.
Эпісталярную спадчыну Васіля Каржа складаюць партызанскі дзённік і ўспаміны «Маё жыццё і барацьба». «Матэрыяльная» частка дзённіка — трафейная запісная кніжка ў прыгожым скураным пераплёце. Успаміны запісаны ў нататніках і вучнёўскіх сшытках 50-60-х гадоў. Галоўная каштоўнасць дзённіка Васіля Захаравіча ў тым, што перад намі ўнікальны ваенна-гістарычны дакумент, у якім упершыню гераічныя і трагічныя падзеі 1941-1942 гадоў прадстаўлены ў форме кароткіх, але ёмкіх і праўдзівых рэпартажаў, прыўзнімаецца заслон над «пятай калонай» акупантаў — солтысамі, паліцэйскімі, жандарамі, бургамістрамі, «даверанымі» людзьмі і іншымі прыслужнікамі чужаземцаў. У дзённіку, зноў жа ўпершыню, прыведзены звесткі аб вёсках, спаленых і карнікамі, а дзе і партызанамі падчас баёў.
Ці можна верыць дзённіку Каржа? Безумоўна. Шматколерная гісторыя, адлюстраваная ў ім, пацвярджаецца жорсткімі, але справядлівымі пісьмамі Веры Захараўны Харужай, справаздачамі савецкіх ваеннаслужачых. Быўшы ў Маскве ў 1943 годзе, Васіль Захаравіч папрасіў літаратуразнаўцаў апрацаваць дзённік. Але не ўсё атрымалася. Быў страчаны духоўны свет расказчыка. У дапрацаваным выглядзе ён упершыню ўбачыў свет у 1998 годзе, у часопісе «Нёман» № 2. Актыўны ўдзел ў гэтым працэсе прымалі Зінаіда Васільеўна Корж, былы дырэктар Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў і аўтар гэтых радкоў.
Успаміны Васіля Каржа — таксама цікавы, інфармацыйна багаты матэрыял па гісторыі Беларусі 40-60-х гадоў. Па ім мы бачым, што Корж — чалавек-лірык, са сваім наборам народных прымавак і псіхалагічных назіранняў. Вось як, напрыклад, гучаць назвы асобных частак яго ўспамінаў: «Банда Булак-Бухаловіча», «Крэйслер», «Польскі мундзір на мне — «ворагу рускіх», «Падзяка жанчыне ў Польшчы», «Сялянская псіхалогія», «Доўгі дзень» і г.д. Іх агульная назва — «За праўду на зямлі. Мая барацьба і праца». Лірычнымі матывамі асабліва напоўнены апісанні з'яў прыроды, чалавечых характараў, іх учынкаў. Корж хацеў выдаць напісанае, гутарыў на гэты конт з дырэктарам выдавецтва «Беларусь» Матузавым. Але ўсё закончылася беспаспяхова. Кажуць, што адна з прычын — характар аўтара, які можна параўнаць з характарам легендарнага Чапаева, які ўсюды і заўсёды «рэзаў праўду-матку».Такія творы не ўсім падабаліся, а ўносіць праўкі Корж не пажадаў. Яго павучальныя рукапісы, напісаныя з палітычнымі і лірычнымі адступленнямі, працягваюць захоўвацца ў фондах Нацыянальнага архіва РБ. Васіль Захаравіч быў чалавекам, які і ў тыле ворага ваяваў пад сцягам Сталіна, таму падвяргаць імя Вярхоўнага Галоўнакамандуючага крытыцы лічыў здрадніцтвам. Хаця ў той жа час ён бачыў і памылкі сталінскага рэжыму. Асабліва ў адносінах да палякаў — асаднікаў Заходняй Беларусі.
Вобраз Каржа будзе не поўным без яго шматлікіх пісьмаў да родных і асабліва да дзяцей. Гэта сапраўдная пераклічка пакаленняў. Вось што ён аднойчы піша: «Дарагія Мікалай (зяць Васіля Захаравіча. — Аўт.), Зінаіда, унучка Волечка! Прыехаў я ў Маскву атрымліваць нямецкі медаль, а набыў хваробу. Гэта мой першы званок. А тут яшчэ ваша маўчанне. І я зусім разгубіўся. Стаў усяго баяцца... Жыццё, мае дарагія, кароткае. Жадаю вам паважаць адно аднаго, берагчы Волечку, шанаваць добрых знаёмых і саміх сябе».
Васіль Захаравіч Корж — чалавек багатых здольнасцяў. Ён мог бы зрабіць і больш для сваёй зямлі і народа. Але падвяло здароўе, падарванае вайною. Руплівага, неабыякавага да ўсяго ў жыцці Васіля Захаравіча не стала 5 мая 1967 г.
Яўген Бараноўскі,
кандыдат гістарычных навук.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».