Няякасныя марынаваныя грыбы, агуркі, мясныя кансервы, каўбасы, рыба, вырабленыя ў хатніх умовах, здольныя выклікаць батулізм — самае цяжкае захворванне сярод харчовых атручэнняў. Яно атакуе цэнтральную нервовую сістэму, выклікае параліч і парэз мышцаў.
Паводле слоў урача-гігіеніста аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрыя ГАРАНЮКА,
споры батулізму шырока распаўсюджаныя ў навакольным асяроддзі і вельмі ўстойлівыя да розных фізічных і хімічных уздзеянняў. Яны не гінуць падчас гатавання і пры «хатняй стэрылізацыі». Павараная соль і воцат здольныя, хіба, прытармазіць прарастанне спораў. Верны спосаб іх вынішчэння магчымы толькі ў прамысловых умовах.
Як праяўляецца батулізм?
Агульнай слабасцю, галаўным болем. Могуць быць ваніты і панос. Праз некалькі гадзін з'яўляюцца неўралагічныя праявы: расстройства зроку, параліч мяккага паднябення, языка, глоткі, гартані, парушаецца глытанне і маўленне.
Існуе толькі адзін спосаб лячэння батулізму — увядзенне супрацьбатулінічнай сывараткі. Чым раней яна будзе ўведзена, тым лепш.
Рабі так
* Лепш нарыхтоўваць прадукты пра запас з дапамогай сушкі, салення, замочвання. Кансервацыя прадуктаў у хатніх умовах у шклянкі з герметычнымі накрыўкамі — добрыя ўмовы для росту і размнажэння анаэроба.
* Строга разлічвайце дазіроўку: солі — 10%, воцату — 2%. Пастэрызацыя — не менш за 30-40 хвілін.
* Захоўвайце кансервацыю пры тэмпературы не вышэй за 8 градусаў.
* Нарыхтоўка мясных прадуктаў. Туша не павінна забруджвацца зямлёй, гноем і змесцівам кішэчніка падчас раздзелкі. Кумпяк соляць у холадзе. Перад ежай мясныя прадукты рэкамендуецца падвяргаць цеплавой апрацоўцы.
* Нарыхтоўка рыбы. Выпатрашыць, прамыць праточнай вадой. Саліць пры тэмпературы 4-5 градусаў. Халодны пасол не толькі прадухіляе размнажэнне бактэрый, але і затрымлівае таксінаўтварэнне палачкі батулізму. Пасля салення, вялення, вэнджання захоўваць у холадзе. Ужываць рыбу пасля салення можна праз некалькі дзён, каб соль паспела пранікнуць унутр тушкі.
* Не набывайце кансервы з рук.
* Бамбаж накрыўкі — сведчанне непрыдатнасці прадукту.
Сёлета ад батулізму пацярпелі 4 чалавекі (летась — 34). Ёсць і адзінкавыя лятальныя зыходы.
Святлана БАРЫСЕНКА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».