Беларусь не можа заставацца безуважнай да падзей ва Украіне, у тым ліку да праведзенага ў Крыме 16 сакавіка рэферэндуму і прынятага па яго выніках рашэння аб уваходжанні Крыма ў склад Расійскай Федэрацыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў нашай краіны, размешчанай на афіцыйным сайце ведамства.
«Беларусь, Расія і Украіна з'яўляюцца брацкімі дзяржавамі, звязанымі агульнай шматвекавой гісторыяй, — заўважае знешнепалітычнае ведамства. — На супярэчнасцях, якія ўзнікалі паміж нашымі краінамі, неаднаразова спрабавалі іграць і выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах знешнія сілы».
Як адзначаецца ў заяве, цяпер асабліва глыбокую занепакоенасць у Беларусі выклікаюць спробы палітыкаў, у сапраўднасці далёкіх ад падзей, што адбываюцца ў рэгіёне, вырашаць, што добра, а што дрэнна для нашых славянскіх народаў. «З улікам сённяшніх рэалій Рэспубліка Беларусь выступае супраць аднабокай, прадузятай інтэрпрэтацыі прынцыпаў міжнароднага права ва ўгоду геапалітычным інтарэсам, спроб заяўляць аб унікальнасці адных міжнародных сітуацый і тэрыторый і ігнараваць іншыя», — падкрэслілі ў міністэрстве.
Дыпламатычнае ведамства таксама заяўляе, што Беларусь прыкладзе ўсе магчымыя намаганні для таго, каб вярнуць стасункі паміж Украінай і Расіяй да ўзроўню добрасуседскіх, дапамагчы знайсці варыянты ўрэгулявання ўсіх супярэчнасцяў і не дапускаць сілавога супрацьстаяння.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.