Беларускі грунт карыстаецца попытам нават у Нідэрландах
Навукоўцамі падлічана, што на тэрыторыі нашай краіны існуе каля 9 тысяч тарфяных радовішчаў з агульнай плошчай 2,4 млн гектараў. Геалагічныя запасы гэтых выкапняў ацэньваюцца ў 4 млрд тон торфу. Сёння торф — гэта не толькі мясцовы від паліва, але і высакаякасны пажыўны грунт, попыт на які ў свеце толькі павялічваецца. Аб эфектыўным выкарыстанні нашага тарфянога «золата» на прыкладзе двух прадпрыемстваў галіны ўдзельнікаў прэс-тура знаёміў намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання «Белпалівагаз» Валерый Кавалёў.
Імпартазамяшчэнне — на 100 млн долараў штогод
У апошнія гады аб'ём здабычы торфу ў нашай краіне складае каля 3 млн тон штогод. Адразу здаецца, што доля яго ў энергетычным балансе дзяржавы нязначная (2-3%), аднак выкарыстанне торфу дазваляе замяшчаць у эканоміцы да 590 млн «кубоў» прыроднага газу коштам 107,7 млн долараў. Значна большую вагу торф займае ў «сельскай» эканоміцы, бо брыкеты з яго з'яўляюцца сацыяльна значным прадуктам, які грэе больш за 200 тысяч дамоў у невялікіх гарадах і вёсках.
Сёння аб'яднанне «Белпалівагаз» мае ў сваім актыве 26 торфаздабываючых прадпрыемстваў, у склад якіх уваходзяць 19 торфабрыкетных заводаў. Усе яны эфектыўна дзейнічаюць. Аднак ёсць сярод іх сапраўдныя ветэраны не толькі з багажом былых перамог, але і з цудоўнай перспектывай. Нам пашчасціла наведаць першы беларускі торфабрыкетны завод «Усяж» у Смалявіцкім раёне, дзе сёлета адбыўся выпуск шасцімільённай тоны торфабрыкетаў.
Дырэктар завода Пётр Слясарчык адзначае, што за 62 гады прадпрыемства здабыло каля 13,3 млн тон торфу, з якога было выраблена ўжо 6 млн тон паліўнага брыкету.
Выкарыстанне такога аб'ёму мясцовага паліва дазволіла замясціць больш за 2,8 млрд кубічных метраў прыроднага газу, што па сённяшніх цэнах — амаль 1 млрд долараў.
Легендарнае прадпрыемства і цяпер дзейнічае ў тры змены на працягу ўсяго года, за выключэннем аднаго месяца, калі ажыццяўляецца капітальны рамонт і мадэрнізацыя абсталявання. Прымяненне самых сучасных тэхналогій і падыходаў у арганізацыі вытворчасці, укараненне больш энергаэфектыўных ліній дазваляе зніжаць выдаткі і дасягаць канкурэнтнай цаны прадукцыі завода нават пры пастаўках на экспарт, упэўнены Пётр Слясарчык. А вось сыравіннай базы мясцоваму заводу хопіць на многія дзесяцігоддзі. Падлічана, што за 62 гады з 30 млн тон запасаў торфу на радовішчах, якія адведзены для торфаздабычы гэтаму прадпрыемству, здабыта і перапрацавана менш чым палова існуючых аб'ёмаў.
Да
экалогіі — дружалюбна
Валерый Кавалёў таксама падкрэсліў, што здабыча торфу, вытворчасць торфабрыкетаў і іншай прадукцыі з тарфяной сыравіны, а таксама рэкультывацыя выпрацаваных участкаў такіх радовішчаў у Беларусі ажыццяўляецца па экалагічна дружалюбных тэхналогіях. Паводле інфармацыі дырэктара завода, «ТБЗ Усяж» за больш чым 60 гадоў сваёй дзейнасці выпрацаваў 3 тыс. га з адведзеных яму 7,5 тыс. га. З іх 700 га перададзена пад сельгасвытворчасць, 2,3 тыс. га — лясгасам. А на тэрыторыі плошчай больш за 200 га быў створаны гідралагічны заказнік мясцовага значэння. «Сёння многія аматары рыбнай лоўлі, і не толькі з Беларусі, ведаюць Усяжскія разлівы як цудоўнае месца рыбалкі», — з гордасцю гаворыць Пётр Слясарчык.
На гэты конт сваё важкае слова сказала і навука. Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі акадэмік Іван Ліштван лічыць, што паўторнае завадненне такіх тэрыторый з'яўляецца адным з самых эфектыўных і экалагічных сучасных спосабаў рэкультывацыі былых радовішчаў торфу. Але нават калі б проста пакінулі выпрацаваныя тарфянікі ў тым выглядзе, як яны ёсць, то даследаванні паказваюць, што праз 7-10 гадоў яны самастойна вяртаюцца ў свой першапачатковы стан, робяцца азёрамі і балотамі, аднаўляецца прыродна-біялагічная разнастайнасць, бо прырода бярэ сваё, а торфаздабыча не наносіць ёй незагойных ран.
Здабыча торфу з балотных масіваў ажыццяўляецца ў цёплы сезон — звычайна з мая па верасень. Праца тарфянікаў доўжыцца ад першых промняў сонца да ночы. Здабываецца торф айчыннай тэхнікай і вывозіцца з балот чыгуначным транспартам магістральнай вузкакалейкі, працягласць якой складае каля 30 кіламетраў. Спачатку торф збіраецца ў велізарныя бурты вагой да 3 тысяч тон у кожным. Усяго за сезон на палях спецыялісты фарміруюць каля 200 тысяч тон такога паўфабрыкату.
Цяпер на торфабрыкетным заводзе працуюць 300 чалавек, аднак ён з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам і крыніцай цеплавой энергіі для пасёлка Усяж, дзе жыве 1,6 тысячы жыхароў у камфортных умовах з развітой гандлёвай і сацыяльнай інфраструктурай.
Паліўная перспектыва
Па здабычы торфабрыкетаў (каля 1,3 млн млн т.) Беларусь займае першае месца. Насельніцтва мае таннае пячное паліва, якое напалову датуецца дзяржавай. Пэўная частка торфу прапануецца энергетычнаму сектару і на экспарт. А вось з апошнім існуюць пытанні. Калі ў 2012 годзе было прададзена паліўнага брыкету на 26 млн долараў, то летась мы зарабілі на такім экспарце толькі 11 млн «зялёных». Да і кошт торфу за мінулы год знізіўся з 50-54 еўра за тону да 45-48 еўра. І гэта сусветныя тэндэнцыі, бо летась вельмі патаннеў вугаль, попыт на які быў мінімальны. А тлумачыцца гэта анамальна цёплай зімой у Еўропе. Сёння нашы брыкеты прадаюцца ў Швецыю, Літву, Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю. У халодныя зімы паўночныя скандынаўскія краіны купляюць нашы брыкеты ў значна большых аб'ёмах. Другім кірункам рэалізацыі здабытага торфу павінны стаць цэментныя заводы і электрастанцыі з высокай эфектыўнасцю выкарыстання такога паліва.
Паліўная перспектыва
Торфу ў нас і сапраўды даволі шмат, аднак... Гаворка сёння ідзе аб рацыянальным выкарыстанні фінансавых рэсурсаў, якія неабходныя для распрацоўкі новых радовішчаў. Маюцца на ўвазе невялікія плошчы тарфяных палёў, якія раней нават не разглядаліся для прамысловай здабычы. Цяпер сучасныя зборна-разборныя аўтаматызаваныя комплексы магчыма ставіць непасрэдна каля радовішчаў без пракладкі магістральнай чыгуначнай вузкакалейкі. Падобныя комплексы дазваляюць здабываць больш за 20 тысяч тон брыкетаў у год. Сабекошт падобнай вытворчасці складае каля 2 млн долараў, што ў 50 разоў танней, чым цана буйнага завода з магутнасцю да 100 тысяч тон брыкету ў год. Акрамя таго, абслугоўваецца такі міні-завод невялікай колькасцю спецыялістаў вахтавым спосабам, што не прадугледжвае будаўніцтва жылля і адпаведнай інфраструктуры. Поўная акупляльнасць падобных комплексаў складае каля 4 гадоў. Паводле інфармацыі Валерыя Кавалёва, на мінулым тыдні першы такі комплекс пачаў вырабляць брыкеты на радовішчы пад Лідай.
На вагу золата
Калі з нізіннага торфу прапануецца «штампаваць» паліўныя брыкеты, то з торфу верхавога лепш рабіць сапраўды інавацыйны прадукт — высакаякасныя грунты. Яшчэ некалькі гадоў таму тарфяная галіна ў Віцебскай вобласці перажывала не самыя лепшыя часы. Працавалі па-старому, вывозілі з палёў торф і прадавалі шмат, выпускалі нізкаякасныя паліўныя брыкеты, ніхто не займаўся распрацоўкай новых радовішчаў.
Пасля змены гаспадара тарфяных прадпрыемстваў сітуацыя тут пачала выпраўляцца, расказвае намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Віцебскаблгаз» па прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці Канстанцін Пачэпка. «Светлыя галовы» рэгіянальнай паліўнай структуры прапанавалі некалькі слушных ідэй, і справа пайшла. Таму ў Докшыцкім раёне ў кароткія тэрміны быў узведзены ўнікальны для Беларусі экспартаарыентаваны цэх па вытворчасці пажыўных грунтоў і кіпавання торфу. А летась пажыўныя грунты пад маркай «Дзвіна» сталі лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». Гэта прамы доказ таго, што грошы ў мадэрнізацыю былі ўкладзены нездарма.
Грунт тарфяны пажыўны вырабляецца з выкарыстаннем галандскіх складаных угнаенняў і ўжываецца для вырошчвання расады агароднінных культур, кветкавых раслін, саджанцаў дрэў і кустоў, газонаў і для паляпшэння структуры глебы.
Сучаснае абсталяванне цэха дазваляе вырабляць прадукцыю, якая адпавядае патрабаванням самых патрабавальных заказчыкаў, а рэцэптуры грунтоў распрацаваны спецыялістамі праектна-пошукавага інстытута «БелНДІпалівапраект» у адпаведнасці з рэкамендацыямі НАН Беларусі.
Магутнасць новага завода ў пасёлку Круляўшчызна складае 38 тысяч тон прадукцыі з мясцовага верхавога торфу. Сёння прадпрыемства вырабляе 29 тысяч тон верхавога торфу ў вялікіх кіпах, так званых біг-болях — аб'ёмам да 6 кубаметраў, а таксама 7 тысяч тон пажыўных грунтоў. Завод мае магчымасць паменшыць аб'ёмы выпуску проста верхавога торфу ў кіпах і адначасова павялічыць выраб складаных пажыўных грунтоў. Вядома, што пажыўныя грунты каштуюць значна больш, чым паўфабрыкат торфу. Прадукцыя пад маркай «Дзвіна» цяпер займае палову ўнутранага рынку (5 тысяч тон), а 2 тысячы тон прадаецца за мяжу.
Сёлета асартымент пажыўных грунтоў істотна пашыраецца. З'явілася серыя пад хвойныя дрэвы, спецыяльныя — для кіпарысаў, кедраў і ўвогуле ўніверсальныя — для дэндрапаркаў. Летась пажыўныя грунты і верхавы торф з віцебскай «прапіскай» актыўна набываліся арганізацыямі Турцыі, Германіі, Італіі, Расіі, Чэхіі, Нідэрландаў і Казахстана. Сёлета наша прадукцыя зацікавіла спажыўцоў Азербайджана, Украіны і Балгарыі. Летась за мяжу завод прадаў сваёй прадукцыі на суму 3,16 млн долараў, а сёлета плануе павялічыць гэты аб'ём яшчэ на 200 тысяч долараў. А мы з вамі, у сваю чаргу, павінны таксама падтрымаць айчыннага вытворцу. За якасць мясцовых пажыўных грунтоў тут адказваюць.
Сяргей КУРКАЧ. Фота аўтара.
Мінск — Усяж — Круляўшчызна — Мінск.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.