22 сакавіка міне самая працяглая школьная чвэрць і пачнуцца доўгачаканыя вясновыя канікулы. Цэлы тыдзень школьнікі будуць адпачываць і набірацца сіл.
Аднак у гэтыя дні дзверы школ і гімназій не зачыняцца. Там будуць працаваць дзіцячыя лагеры, клубы па інтарэсах і гурткі.
Да канікул таксама падрыхтаваліся тэатры, кінатэатры, бібліятэкі, філармонія. У Мінску ў рамках акцыі «Вясновы квадрат» пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя чатыром відам мастацтва: музыцы, тэатру, кіно і літаратуры.
Напрыклад, у кожнай дзіцячай бібліятэцы горада пройдуць тэматычныя выставы, турніры, ранішнікі, акцыі, сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і журналістамі дзіцячых часопісаў і газет. Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізуе для школьнікаў спартыўна-цыркавое прадстаўленне «Цырк. Цырк. Цырк», на якім выступіць цыркавая студыя «Белая Русь». Супрацоўнікі бібліятэкі спадзяюцца, што такім чынам можна выклікаць у школьнікаў большую цікавасць да кнігі.
Беларуская дзяржаўная філармонія чакае дзяцей на дзве літаратурна-музычныя праграмы: «Калі вы ветлівыя» і «Як прынц нявесту адшукаў, ці Навела пра танцы».
У дні канікул адзначаецца Міжнародны дзень тэатра (27 сакавіка). Таму школьнікі і моладзь, напрыклад, у Тэатры юнага гледача, Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Беларускім паэтычным тэатры аднаго акцёра «Зьніч» змогуць убачыць шмат цікавых пастановак.
На пляцоўках кінатэатраў у дні канікул распачынаецца кінафестываль «Сакавічок». Па традыцыі, адкрыццё фестывалю адбудзецца ў кінатэатры «Кастрычнік». У Доме кіно 24 сакавіка можна будзе ўбачыць новую карціну «Беларусьфільма» — «Кіндэр-Вілейскі прывід». А ў кінатэатры «Піянер» перад паказам кінафільмаў і мультфільмаў юных гледачоў чакае цікавая праграма з конкурсамі і віктарынамі.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».