Трэці год на тэлеканале АНТ існуе рубрыка «У вас будзе дзіця». Кожны тыдзень беларускім гледачам расійскай праграмы «Пакуль усе дома» паказваюць сюжэты пра дзяцей, якія чакаюць усынаўлення. Дзякуючы праграме свае новыя сем'і знайшлі 43 дзіцяці. Да праекта далучаецца і наша газета.
Васьмігадовы Саша і шасцігадовы Мацвей — браты. Яны жывуць у дзіцячым доме ў горадзе Друя. Выхавацелі называюць іх добрымі, мілымі, пяшчотнымі.
Ганна БАГЕША, педагог-псіхолаг:
— Саша, як старэйшы брат, заўсёды стаіць гарой за свайго Мацвея. Назіраючы за іх адносінамі, можна сказаць, што гэта і ёсць сапраўдная брацкая любоў. Я ўпэўнена, што тая сям'я, якая возьме да сябе хлапчукоў, ніколі аб гэтым не пашкадуе.
Каб даведацца больш пра Сашу і Мацвея, пазваніце па нумары 8 017 284 71 51. Гэта тэлефон Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтавала Святлана БАРЫСЕНКА.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.