Назіральнік гідралагічнага паста ў Петрыкаве Сяргей Багай (на фотаздымку) ужо 20 гадоў двойчы на дзень спускаецца да Прыпяці, каб зрабіць замеры ўзроўню вады і яе тэмпературы — дакладна а восьмай раніцы і а восьмай увечары (пунктуальнасць у гэтым выпадку — рэч неаспрэчная). Учора гідролаг зафіксаваў чарговае зніжэнне ўзроўню вясновай вады на пяць сантыметраў, які складае цяпер 7 метраў 25 сантыметраў (для параўнання, сярэдні ўзровень вады ў Прыпяці — 420 сантыметраў).
Цікава, што пасаду гідролага на гэтым пасту з 1965 года выконваў Сяргееў бацька. А з 1980-га цэлых пятнаццаць гадоў за вадою назірала маці. Сяргею перад тым, як працягнуць справу бацькоў, давялося скончыць мараходку ў Архангельску, прайсці службу ў арміі, паплаваць мараком на тралавым флоце, набыць прафесію тэлерадыёмайстра і працаваць у бытавой майстэрні.
Акрамя гідралагічных, Сяргей Багай фіксіруе і сінаптычныя паказанні — ападкі ў выглядзе дажджу і снегу і напрамак ветру. Усе гэтыя лічбы захоўваюцца ў сусветным цэнтры апрацоўкі звестак і з'яўляюцца незаменным матэрыялам для вывучэння таямніц матухны-зямлі. Не стане выключэннем і наступная нядзеля, калі беларускія сіноптыкі, у тым ліку і Сяргей Багай, будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень метэаралогіі.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.