Рабочы кабінет старшыні Астравецкай раённай арганізацыі «Белая Русь» Наталлі Сянюць для астраўчан заўсёды адчынены. У грамадскую прыёмную людзі звяртаюцца з надзеяй атрымаць дапамогу ў вырашэнні многіх жыццёвых праблем. Дзякуючы «Белай Русі» ўдалося зрабіць самае галоўнае — наладзіць адкрыты дыялог грамадзян з
уладай.
Віншаванне хлебаробаў, пасадка лесу, добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў, удзел у выбарах розных узроўняў — гэта далёка не поўны спіс важных спраў грамадскай арганізацыі.
З самых першых крокаў пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы грамадская арганізацыя «Белая Русь» працавала на аб'яднанне ўсіх канструктыўных сіл вакол задач сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Выражаецца гэта ў канкрэтных практычных справах. Без удзелу «Белай Русі» не праходзіць ні адно важнае мерапрыемства. Вынікам супрацоўніцтва стала стварэнне пярвічнай арганізацыі ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі».
Клопат пра жанчыну-маці, падтрымка сям'і і вырашэнне задач дэмаграфічнай бяспекі сталі прыярытэтнымі ў рабоце. Сёння няма ні аднаго свята, з якім актывісты «Белай Русі» не павіншавалі б жанчын, якія гадуюць дзяцей. Напрыклад, у межах акцыі «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей» ушаноўвалі мам з нараджэннем немаўлят, напярэдадні Новага года праводзілі святочны дабрачынны ранішнік для дзяцей-сірот, тых, якія засталіся без апекі бацькоў, і для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дарэчы, для апошніх асобнае свята ладзіцца кожны год. Для іх накрываецца салодкі стол, уручаюцца падарункі. У пачатку студзеня наведваюць дзіцячы сацыяльны прытулак у Варнянах — гэта таксама традыцыя.
Старшыня астравецкай «Белай Русі» Наталля Сянюць заўважыла:
— Наша галоўная мэта — пачуць крык аб дапамозе і прыйсці. Ні адно дзіця, ні адзін чалавек не павінны застацца без увагі. Бо для таго і працуе наша арганізацыя, каб не проста паспачуваць, але аказаць рэальную дапамогу.
Калі актывісты даведаліся, што ў адной сям'і, якая ўзяла дзіця пад апеку, укралі веласіпед, яны вырашылі і гэтую праблему не пакідаць без увагі. Тым больш што сям'я жыве далёка ад школы. Да Дня маці, у якасці падарунка, ім уручылі новы двухколы транспарт.
Яшчэ адзін кірунак дзейнасці — падтрымка творчай і адоранай моладзі. Раённая арганізацыя стала адным з заснавальнікаў розных мерапрыемстваў патрыятычнага, адукацыйнага, культурнага, спартыўнага кірункаў. Пры яе падтрымцы праходзіць навукова-практычная канферэнцыя вучняў «Крок у навуку», конкурс «Настаўнік года», інтэлектуальныя турніры, турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы і іншае.
Як бачым, няма абмежаванняў для працы Астравецкай раённай арганізацыі «Белая Русь». Як той казаў, было б жаданне (а жаданне рабіць дабро ў іх сапраўды ёсць) — і магчымасці знаходзяцца таксама.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.