На чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Дзмітрый МІРОНЧЫК, прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства, заявіў, што беларускі бок шкадуе аб прынятым Украінай рашэнні спыніць сваё старшынства ў СНД, хоць разумее яго матывы.
«Рэспубліка Беларусь не раз заяўляла, што яна высока цэніць фармат Садружнасці, лічыць яго адным з эфектыўных інструментаў шэрагу практычных пытанняў у стасунках паміж краінамі-ўдзельніцамі», — падкрэсліў дыпламат.
Беларусь з'яўляецца сустаршынёй Садружнасці. Па словах Дзмітрыя Мірончыка, варыянты далейшага функцыянавання арганізацыі будуць уважліва разгледжаны. «У прыватнасці, старшынства ў органах СНД нашай краіны да канца 2014 года, — патлумачыў прадстаўнік міністэрства. — Натуральна, гэтае пытанне патрабуе ўзгаднення з іншымі краінамі-членамі, а таксама з другой сустаршынёй — Рэспублікай Казахстан».
Таксама прэс-сакратар адзначыў, што Беларусь лічыць фармат Садружнасці Незалежных Дзяржаў карысным у практычным плане, неабходным для рашэння шэрагу найважнейшых пытанняў штодзённага жыцця не толькі дзяржаў-удзельніц, але і іх грамадзян. Дзмітрый Мірончык выказаў спадзяванне, што фармат Садружнасці захаваецца і будзе і далей прыносіць канкрэтную практычную аддачу для ўсіх удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства заўважыў, што СНД — гэта не толькі краіны-члены. «У працы шэрагу профільных органаў Садружнасці прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі іншых краін, у тым ліку тых, якія ўваходзяць у іншыя інтэграцыйныя ўтварэнні, напрыклад, у Еўрапейскі саюз, — напомніў Дзмітрый Мірончык. — Мы лічым, што гэта доказ практычнай карысці фармату Садружнасці. Спадзяёмся, што ён не проста захаваецца, а будзе выкарыстоўвацца нашымі ўкраінскімі суседзямі».
Надзея ЮШКЕВІЧ.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».