Вуліцы, паркі, іншыя куточкі Астраўца цяпер упрыгожвае 10 каменных скульптур. Створаны яны былі ў 2008 годзе падчас пленэру, прысвечанага 540-годдзю горада. Аднак час камень не псуе. Такім ж актуальнымі, моцнымі, сімвалічнымі яны, пэўна, будуць і праз стагоддзе.
Незвычайны пленэр, калі цэлы месяц 10 скульптараў жылі ў Варнянах, што побач з горадам, і стваралі прама тут, на месцы, свае скульптуры, адбыўся дзякуючы мясцоваму райвыканкаму. Намеснік старшыні Віктар Свіла і мясцовы краязнавец Алесь Юркойць прыдумалі гэты пленэр, данеслі сваю ідэю да мясцовых улад і змаглі атрымаць іх ухваленне. А тыя вырашылі: арыгінальнаму пленэру — быць! Таму і выдзелілі на яго неабходныя сродкі. Спецыяльна шукалі вялізныя камяні, з якіх рабіліся скульптуры. А пасля яшчэ і дапамагалі ўстанавіць іх у парку, каля рэчкі, у скверы. Што і казаць, дзякуючы такім вечным каменным сімвалам 540-годдзе Астраўца не забудзецца, пэўна, ніколі.
Большасць скульптур тэматычна звязаны з гэтым горадам, яго сімволікай, паданнямі, адметнасцямі. Скульптура «Званы Марыі, альбо Легенда», якую стварыў Анатоль Баразеннікаў, прысвечана вядомай на Астравеччыне легендзе Бліканскай гары. Каменная фігура жанчыны кранае сваёй пяшчотай і таямнічасцю, аднак у той жа час нечым нагадвае сапраўдную гару. Скульптура «Бык» Валянціна Борзды — гэта магутная, напружаная, выразная галава быка. Яна прысвечана мясцовай легендзе аб узнікненні найпрыгажэйшага возера Бык, якое, кажуць, утварылася на тым месцы, дзе праваліўся пад зямлю чалавек, які ў Вялікдзень араў на быках ніву.
«Стронга» Кацярыны Злоцінай — гэта выява рыбы, якая плавае ў вытоках мясцовай ракі Лоша і адлюстравана на гербе Астраўца. Бліскучая імклівая стронга, здаецца, выскачыла з хваляў ракі і цяпер пранізвае серабрыстым святлом зеляніну гарадскога сквера. Скульптура «Час магнатаў» Аляксея Сарокіна дапамагае перанесціся ў гістарычнае мінулае горада. Яна адлюстроўвае супрацьстаянне двух магнацкіх родаў (Гаштольдаў, заснавальнікаў Астраўца, і Радзівілаў).
Ёсць такія выявы, якія прымушаюць задумацца над вечным. «Арфа» Ігара Засімовіча — гэта быццам той інструмент, да чуллівых струн якога дакранаецца само неба. Прылада для пяшчотных рук, але... з каменю. Парадокс? Безумоўна, але да таго часу, пакуль не ўбачыш работу — і тут здаецца, што чуеш музыку, што камень спявае, напаўняючыся сонцам і ветрам.
Скульптар Павел Вайніцкі паспрабаваў выявіць у камені наш імклівы, няспынны час, дадаўшы сюды яшчэ і метал. Ён зрабіў скульптуру «Той, хто ідзе» — гэта каменны чалавек, які ідзе на высокіх жалезных хадулях. А яны, у сваю чаргу, стаяць на вялізных колах. І хадулі, і колы — тэхнічная прыдумка чалавека, а камень — сапраўдны, прыродны, жывы. Пад гэтым можна разумець тое, што толькі ўзброены сучаснымі тэхнічнымі дасягненнямі чалавек здольны крочыць у будучыню. Аднак ёсць і іншае прачытанне работы: якімі б дасканалымі ні былі тэхнічныя вынаходкі, усё ж вяршыня вяршынь тварэння — чалавек.
У горадзе стаяць таксама работы скульптараў Карнея Аляксеева, Эдуарда Астаф'ева, Валерыя Казлоўскага, Юрыя Кандрашова — і ў кожнай сваё адметнае мастацкае ўвасабленне, свой сэнс і прачытанне.
Ніна Шчарбачэвіч, фота аўтара.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.