Сучаснае абсталяванне, прафесійны персанал, прыемнае абслугоўванне, утульны інтэр'ер — Астравецкая ЦРБ заўсёды гатова вам дапамагчы!
Ён больш падобны на добрага і справядлівага бацьку ў вялікай сям'і, чым на суровага і патрабавальнага кіраўніка медыцынскай установы. Валянцін Тачоны, галоўны ўрач Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, спалучае любоў да раслін з любоўю да сваіх супрацоўнікаў. Песціць іх так жа, як любімыя кветкі. І персанал адказвае ўзаемнасцю. Не памылюся, калі скажу, што гэты чалавек — з тых самых ідэальных кіраўнікоў, якія дапамагаюць, падтрымліваюць, ствараюць умовы для працы, а за гэта чакаюць толькі сумленнай работы. Пасля сустрэчы з Валянцінам Ігнатавічам становіцца зразумела, што калі чалавек хоча нешта зрабіць, то зробіць, нягледзячы ні на якія перашкоды. Амбулаторыя, якая будзе не горш за сталічную паліклініку? Калі ласка. Раённая бальніца, якая праводзіць анлайн-кансультацыі для пацыентаў у амбулаторыях? Зроблена. Проста на месцы чалавек не сядзіць, таму ўсё і атрымліваецца. Нават у гульнях «Што? Дзе? Калі?» і КВЗ каманда бальніцы пастаянна перамагае ў раённых і абласных спаборніцтвах.
А нядаўна Валянцін Тачоны атрымаў медаль «За працоўныя заслугі». Ва ўказе кіраўніка дзяржавы гаворыцца, што ўзнагарода дадзена «за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё аховы здароўя». Але што таіцца за такой сухой фармулёўкай?
— Валянцін Ігнатавіч, за што ўсё ж такі ўзнагарода?
— Па-першае, я працую ў гэтай бальніцы ўжо сорак гадоў. Па-другое, ужо 27 гадоў я гэтую бальніцу ўзначальваю. А па-трэцяе, за тое, што людзі тут добра працуюць.
— Але ж без добрага кіраўніка наўрад ці людзі так працавалі б. Вунь я бачу, што вас яшчэ і прызналі лепшым кіраўніком сярод устаноў аховы здароўя ў вобласці два гады таму...
— Я ўпэўнены, што і гэта заслуга не толькі кіраўніка, а ўсяго персаналу. Адным пальцам вузла не завяжаш, як той казаў. Я ганаруся кожным сваім супрацоўнікам.
— Столькі гадоў на адным месцы — гэта цяжка, напэўна? Як атрымалася кіраваць так доўга і так паспяхова?
— Можа быць, гэта і складана. Але ў нас нармальны, добры калектыў. Мы заўсёды рабілі стаўку на моладзь, а з ёю цікава і весела працаваць. У нас на працягу ўсёй гісторыі працавалі вельмі дасведчаныя, прафесіянальныя і адказныя людзі. Ад нас яны калі і сыходзілі, то толькі кіраўнікамі нейкіх іншых устаноў аховы здароўя ці ў міністэрства. Напрыклад, Масько Пётр Леанідавіч, галоўны ўрач Мінскай абласной радзільні; Часнойць Роберт Аляксандравіч, былы намеснік міністра аховы здароўя, які цяпер з'яўляецца старшынёй Рэспубліканскага камітэта прафсаюза медработнікаў Беларусі, і шмат іншых.
— Як змянілася бальніца за апошні час?
— Яна знаходзіцца ў стане пастаяннага будаўніцтва, бо зрабіць эканомна, прыгожа і сваімі сіламі не атрымліваецца хутка. Патрошку даводзім усё да розуму. Таму бальніца вельмі змянілася ў лепшы бок. Калі да нас прыязджалі з міністэрства, кіраўніцтва вобласці наведвалася — усім вельмі спадабалася. Гэта зразумела, бо зроблена яна з густам, па-сучаснаму. Па меры неабходнасці аснашчаем патрэбным абсталяваннем. Вядома, хочацца, каб было яшчэ лепш. Нейкага абсталявання не хапае, але працуем з тым, што ёсць. І працуем вельмі паспяхова. Усяго ў нас 7 аддзяленняў. Па адным у іх робім патрошку рамонт гаспадарчым спосабам. І тут зноў жа трэба сказаць дзякуй маім работнікам, якія самааддана працуюць не толькі па асноўнай прафесіі, а і пры рамонце бальніцы. Гэта ж усё зроблена нашымі рукамі. Нават мэблю ўсю мы заказвалі з улікам прафесійных патрэб і пажаданняў персаналу. Адзін эксклюзіў. Дапамагла яшчэ моцная падтрымка з боку райвыканкама.
— Галоўурач — гэта пасада медыцынская ці ўсё ж такі адміністрацыйная?
— У першую чаргу, безумоўна, гэта гаспадарнік. І яму патрэбен добры намеснік па лячэбнай частцы. І той, і другі павінны не сядзець на месцы. Праца галоўнага ўрача — гэта фінансы, кадры, медыкаменты, будаўнічыя работы і шмат іншага. Але я і хворых вяду ў адным з аддзяленняў.
— Ці ёсць тыя, каго можна (у добрым сэнсе) назваць вашымі «пастаяннымі кліентамі»?
— Ёсць вельмі шмат пацыентаў, якія звяртаюцца выключна да нас. Едуць у іншую бальніцу толькі ў тым выпадку, калі трэба зрабіць нейкае спецыфічнае абследаванне, якое мы не маем магчымасці ажыццявіць. Аднак такое здараецца рэдка — абсталявання ў нас хапае. Толькі за мінулы год мы выкарысталі на аснашчэнне бальніцы каля 2 млрд рублёў. У тым ліку купілі дзве новенькія машыны хуткай дапамогі проста з выставы, бо вельмі спадабалася, як яны абсталяваны.
— Вы сочыце за тым, каб людзі адказна ставіліся да свайго здароўя?
— Вы ведаеце, самая вялікая праблема ўсёй сістэмы аховы здароўя ў тым, што за здароўе людзей адказваюць толькі самі ўрачы. Мала хто з пацыентаў сочыць за сваім здароўем. Нікому ж ніколі не было адмоўлена ў праходжанні адзін-два разы на год поўнага абследавання. Калі пачынае балець, позна звяртацца да ўрача для дыягностыкі. Тут ужо патрэбны больш радыкальныя захады.
— А як ставіцеся да экспарту медыцынскіх паслуг?
— Гэта асабліва актуалізавалася цяпер, калі ідзе будаўніцтва атамнай станцыі. За мінулы год мы аказалі паслуг на 11 тысяч долараў. Літоўцы вельмі любяць да нас ездзіць пратэзавацца — мяжа блізка. Яны едуць, бо ў нас трошкі танней, чым у Літве. І якасць у нас высокая. Іначай бы проста не ехалі. Па кардыялогіі стацыянарнае лячэнне замежнікам падабаецца. Шмат людзей, якія прыязджаюць працаваць на атамную станцыю, асабліва ўкраінцы, таксама становяцца нашымі пацыентамі.
— Як заахвочваеце за добрую працу?
— Заўсёды прэміруем па выніках дасягненняў за квартал. А гаспадарчая частка персаналу прэміруецца часцей, бо там мізэрная зарплата, а аб'ёмы працы выконваюць вельмі вялікія. За якасную працу мы заўсёды людзей аддзячым. Нават нашым работнікам «хуткіх дапамог» павялічылі зарплату на 50%, не чакаючы незадаволенасці, — самі разумеем, што за такую працу трэба плаціць больш.
— У чым бачыце будучыню медыцыны — усёй краіны і сваёй бальніцы ў прыватнасці?
— Я спадзяюся на тое, што дажыву да таго моманту, калі перарэжу стужку ў новай бальніцы, якая сёння яшчэ толькі праектуецца. Гэта будзе сучасны лячэбны корпус на 350 ложкаў. А з улікам рэанімацыі і інфекцыйнага аддзялення — 396. Павінна будзе з'явіцца шматпрофільная бальніца, забяспечаная самай сучаснай тэхнікай, адпаведная ўсім нормам і стандартам. І тут жа будзе адзіная для ўсіх паліклініка — і для жыхароў раёна, і для персаналу атамнай станцыі. А наконт перспектывы аховы здароўя ў рэспубліцы хачу сказаць, што наша медыцына пойдзе вельмі далёка. Асабліва гэта датычыцца транспланталогіі. А для яшчэ больш якаснага развіцця медыцынскай галіны патрэбна прыняцце закона аб тым, што чалавек адказвае за сваё здароўе сам. Патрэбен пэўны пералік даследаванняў, якія павінен рэгулярна праходзіць кожны чалавек. Каб яму, скажам, без гэтага прэмію на працы не давалі ці нешта падобнае да таго. Мы, напрыклад, у сваёй бальніцы распрацавалі асаблівую заяву на адпачынак. Ёсць доктар, які адказвае за дыспансерызацыю ўсіх работнікаў. І рады не рады, пакуль не будзе стаяць яго подпіс аб тым, што ты прайшоў усе неабходныя даследаванні, адпачынку ты не атрымаеш. Цяпер гэта ўвайшло ў звычку. А іначай чаму ты будзеш вучыць насельніцтва? Урач павінен падаваць прыклад. Я і сам абавязаны гэта рабіць.
— Ці можна сказаць, што вы выхоўваеце свой персанал, каб яны сталі прафесіяналамі, так жа, як песціце расліны?
— Быць грубым — гэта несамавіта. Быць патрабавальным — іншая справа. А наконт прафесіяналізму: напэўна, ні ў адным раёне няма таго, чаго дасягнулі мы. У нас амаль усе загадчыкі аддзяленняў пасля клінічнай ардынатуры. Сёння навучаецца яшчэ 4 чалавекі. Я з імі заключаю дагавор — адпускаю ў клінічную ардынатуру, аплачваю сесію, і яны тры гады вучацца. Але пасля заканчэння яны тры гады павінны адпрацаваць у нашай бальніцы. А потым яны ствараюць сям'ю, атрымліваюць жыллё і, маючы любімую працу, застаюцца ў нас назаўсёды. На прыватных кватэрах ніхто не жыве. У крайнім выпадку — арэнднае жыллё.
— Я ведаю, што ваша бальніца — адзіная ў рэспубліцы ўдзельнічае ў міжнародным праекце па інфарматызацыі лячэбных устаноў Балтыйскага рэгіёна...
— Так, сапраўды. Мы бяром удзел
у гэтым праекце разам з яшчэ шасцю краінамі — Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй, Германіяй і Швецыяй. Летась за кошт Еўрасаюза мы атрымалі 228 мільёнаў рублёў для закупкі камп'ютарнай тэхнікі. У выніку мы сёння маем магчымасць звязацца з любой сельскай лячэбнай установай і не выклікаць мясцовых урачоў для нарады, а перагаварыць у рэжыме анлайн. Можам правесці кансультацыю любога пацыента з любой сельскай бальніцы. Акрамя таго, мы ўдзельнічаем ва ўсіх рэспубліканскіх нарадах, якія праводзяцца на базе Дзяржаўнай установы адукацыі «Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі». Звычайна з раёна бяруць толькі аднаго спецыяліста, а нашы ўрачы ўсе могуць па профілі ўдзельнічаць у гэтых нарадах. Сёлета праект падыходзіць да завяршэння. Мы чакаем, што атрымаем яшчэ каля 15-20 тысяч еўра на закупку абсталявання і цалкам укамплектуем паліклінікі.
Для прафесійнага развіцця спецыялісты павінны кантактаваць
Уладзімір Мажэйка, намеснік галоўнага ўрача, кіруе міжнародным праектам PrіmCareІT у бальніцы:
— Агульная мэта — павысіць прывабнасць першаснай медыка-санітарнай дапамогі ў аддаленых рэгіёнах для медыцынскіх работнікаў пры дапамозе тэлекансультацый і тэленавучання, а значыць, супрацьдзейнічаць прафесійнай ізаляцыі і «ўцечцы кадраў». Сёння расце патрэба ў першаснай медыка-санітарнай дапамозе. Існуе дэфіцыт урачоў, якія працуюць у гэтай сістэме, што звязана з сыходам на пенсію вопытных спецыялістаў і нежаданнем моладзі працаваць у аддаленых рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці. А тэленавучанне — гэта інструмент забеспячэння паслядыпломнай адукацыі. Тэлекансультацыі, у сваю чаргу, забяспечваюць каштоўную тэхнічную і метадалагічную падтрымку і кантакты спецыялістаў. Гэта спрыяе далейшаму прафесійнаму росту спецыялістаў.
УНП 500019162
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.