З 1 красавіка ўсе праязныя (безлімітныя і лімітныя) білеты на гарадскі пасажырскі транспарт пераводзяцца ў сталіцы на бескантактныя смарт-карткі. У мінскім наземным транспарце і метрапалітэне будуць дзейнічаць два віды бескантактных смарт-картак: карта прадпрыемства «Мінсктранс» і карта КУП «Мінскі метрапалітэн».
На бескантактных смарт-картках «Мінсктранс» будуць рэалізоўвацца наступныя віды безлімітных праязных: на адзін від транспарту (на аўтобус, тралейбус, трамвай, метро), на два віды транспарту (аўтобус—метро; аўтобус—тралейбус; трамвай—тралейбус; трамвай—метро; аўтобус—трамвай; тралейбус— метро), на тры віды транспарту (аўтобус—тралейбус — трамвай; аўтобус—тралейбус метро; аўтобус — трамвай—метро; тралейбус—трамвай— метро) і на чатыры віды транспарту (аўтобус—тралейбус—трамвай —метро). Праязныя можна будзе набыць на месяц, на палову месяца і на дэкаду. Бескантактныя смарт-карткі «Мінсктранс» рэалізуюцца праз кіёскі філіяла «Агенцтва Мінсктранс» і ў касах Мінскага метрапалітэна.
Таксама на смарт-картках «Мінсктранс» можна будзе набыць і праязныя білеты на пэўную колькасць паездак: 5, 10, 20, 30, 40, 50 і 60. Тэрмін іх дзеяння — 60 дзён з дня рэалізацыі.
Бескантактныя смарт-карткі КУП «Мінскі метрапалітэн» будуць рэалізоўвацца і дзейнічаць толькі ў мінскай «падземцы». Пасажыры змогуць набыць як месячны праязны на метро, такі і праязны на дэкаду або на палову месяца, а таксама праязны на пэўную колькасць паездак. Таксама ў метрапалітэне ў пасажыраў ёсць магчымасць набыць праязныя білеты на 10, 15 і 30 каляндарных дзён абсалютна з любой даты. Гэта зручна, паколькі дэкадны праязны дзейнічае з 1 па 10 чысло, з 11 па 20 і з 21 па 30 (31) чысло. А праязны на палову месяца — з 1 па 15 чысло і з 16 па 30 (31) чысло.
Залогавы кошт бескантактнай смарт-карткі КУП «Мінсктранс» складае 12 тысяч рублёў, а карткі КУП «Мінскі метрапалітэн» — 10 тысяч рублёў. Пры першасным набыцці праязнога білета на бескантактнай смарт-картцы пасажыру давядзецца заплаціць залогавы кошт карты плюс кошт праязнога білета. Пры далейшым выкарыстанні смарт-карткі тая будзе папаўняцца праязнымі білетамі ў любым кіёску філіяла «Агенцтва Мінсктранс» і ў касах КУП «Мінскі метрапалітэн». Залогавы кошт смарт-карткі можна будзе вярнуць пры прад'яўленні працаздольнай і непашкоджанай карты ў месцах іх рэалізацыі.
У агенцтве «Мінсктранс» патлумачылі, што на бескантактную смарт-картку «Мінсктранс» можна запісаць адразу некалькі відаў праязных білетаў. Напрыклад, безлімітны праязны на аўтобус-метро на месяц (гэта адзін праязны білет) плюс 40 паездак на любым відзе транспарту (другі праязны білет). У момант паднясення карткі да валідатара ў першую чаргу з яе будзе «счытвацца» інфармацыя з безлімітнага праязнога (аўтобус—метро на месяц) і толькі пасля заканчэння дзеяння безлімітнага праязнога, а таксама пры адсутнасці ў безлімітным праязным якога-небудзь віду транспарту (напрыклад, тралейбуса ці трамвая) будзе спісвацца паездка з другога віду праязнога білета (на 40 паездак на любым відзе транспарту). Безумоўна, у гэтым выпадку можна скарыстацца і талончыкам або жэтонам (калі размова ідзе пра паездку ў метро), але, магчыма, каму-небудзь такім чынам будзе прасцей разлічвацца за транспарт.
Рэалізацыя праязных білетаў на красавік на бескантактных смарт-картках распачалася з 20 сакавіка. Адзіны від гарадскога камунальнага транспарту, у якім пакуль не будуць выкарыстоўвацца смарт-карткі, — гэта аўтобусы экспрэсных маршрутаў.
Надзея НІКАЛАЕВА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».