Беларускія прадпрыемствы будуць шукаць інвестыцыі на біржах
Прадпрыемствы павінны змагацца за грошы, а не атрымліваць бясконцыя субсідыі ці крэдыты, якія выплаціць пасля не могуць. Пра гэта ўжо даўно ідуць гаворкі ва ўрадзе. Але адна справа — словы, а іншая — практыка. Дэвізы мадэрнізацыі не сыходзяць з вуснаў многіх кіраўнікоў, аднак пасля мы бачым, як іх змяняюць новыя. Чаму? Таму што першыя не справіліся. Бо, відаць, не зразумелі, што мадэрнізацыя эканомікі — гэта, у першую чаргу, «перабудова мыслення» і арганізацыя больш эфектыўнай дзейнасці. Змяненне свету трэба пачынаць з сябе: спачатку стаць лепшым самому, а не чакаць, пакуль зменіцца нешта навокал. Для развіцця нашай эканомікі вельмі карысным будзе развіццё рынку капіталу. Пра гэта ішла размова падчас ІV Міжнароднага форуму «Рынак капіталу-2014. Будучыня пачынаецца зараз!», які прайшоў учора ў Мінску.
Крэдыт выйшаў з моды
«Галоўная задача дзяржаўных органаў на сёння — станаўленне цэласнага, эфектыўнага і празрыстага рынку капіталу ў Беларусі, які будзе інтэграваны ў міжнародны рынак, прыцягненне сродкаў інвестараў у найбольш эфектыўныя сектары эканомікі», — заявіў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў.
Ён патлумачыў сваю пазіцыю: неабходна актыўнае засваенне беларускім карпаратыўным сектарам недаўгавых формаў прыцягнення сродкаў. «Гэта азначае гатоўнасць дзяліцца інфармацыяй і прыбыткам, гатоўнасць сутыкнуцца з новымі выклікамі і рызыкамі», — сказаў міністр.
Адной з агульнапрынятых формаў прыцягнення капіталу з'яўляецца публічнае размяшчэнне акцый на фондавых біржах унутры краіны і за мяжой. Міністр эканомікі адзначыў, што менавіта гэты варыянт можа быць ужыты і для многіх беларускіх прадпрыемстваў. Хоць гэта будзе вымагаць вельмі ўзважанага падыходу, дакладных разлікаў і прагнозаў, прыцягнення знешніх спецыялістаў і кампаній для зніжэння рызык, патрабаваць ломкі свядомасці для кіраўнікоў і чыноўнікаў.
«Прадпрыемствам давядзецца, калі яны хочуць развівацца, прымаць правілы, якія склаліся на сусветным рынку капіталу, значную ўвагу трэба будзе надаць укараненню стандартаў карпаратыўнага кіравання, празрыстасці дзейнасці і фарміравання станоўчай крэдытнай гісторыі», — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.
Канкурэнцыя расце
Аднак у цяперашняй сітуацыі выклікі стаяць не толькі перад прадпрыемствамі, але і перад нацыянальнай фінансавай сістэмай. Узмацненне канкурэнцыі на рынку Еўразійскай эканамічнай прасторы, лібералізацыя патокаў капіталу і валютнага заканадаўства, якая вынікае з ужо прынятых Беларуссю абавязацельстваў у межах «тройкі», прад'яўляе новыя патрабаванні да эфектыўнасці кіравання банкамі і фінансавымі інстытутамі, рэгулявання фінансавага рынку. «Пры гэтым існуючы ў краіне рынак капіталу адстае і ад патрэб эканомікі, і ад патрэб рэальнага сектара, і ад хуткасці развіцця банкаўскага сектара. Ёсць неабходнае заканадаўства, працуе фондавая біржа, але беларускі рынак капіталу пакуль яшчэ не ўспрымаецца як паўнавартасны інструмент, які дазваляе ўплываць на сітуацыю ў рэальным сектары эканомікі», — канстатаваў міністр. Пра гэта ж гаворыць і намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Калечыц: «Сёння ў Беларусі недастаткова развіты рынак каштоўных папер, з дапамогай якога фінансавыя і нефінансавыя арганізацыі мелі б магчымасць прыцягваць неабходныя рэсурсы, мінімізаваць рызыкі, а таксама вучыцца выпрацоўваць уласную стратэгію аперацый, якая забяспечвае найлепшы фінансавы вынік», — адзначыў спецыяліст.
Эканоміка краіны мае патрэбу ў фінансавых рэсурсах. «Унутраныя магчымасці, перш за ўсё банкаўскай сістэмы, абмежаваны, у тым ліку магчымасці прымянення інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі. Магчымасці бюджэту для падтрымкі эканомікі таксама паступова скарачаюцца. Знешні доўг краіны, хоць і знаходзіцца на бяспечным узроўні, ужо дасягнуў значных велічынь і не зможа з'яўляцца каналам прытоку капіталу ў бліжэйшыя гады», — лічыць Мікалай Снапкоў.
Падыходы да курсаўтварэння не зменяцца
Выпуск акцый і аблігацый ды іх далейшы продаж на біржы — больш надзейны інструмент прыцягнення фінансавых сродкаў яшчэ і таму, што працэнты па крэдытах залежаць ад розных фактараў і могуць змяняцца не на карысць прадпрыемства. Нягледзячы на гэта, сёлета працэнтная палітыка Нацыянальнага банка будзе накіравана на паступовае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, «прыярытэтам працэнтнай палітыкі застанецца іх падтрыманне на станоўчым у рэальным выражэнні ўзроўні», як паведаміў Сяргей Калечыц. «Гэта неабходная ўмова забеспячэння цэнавай стабільнасці і ўмацавання даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты, — звярнуў увагу ён. — На канкрэтныя тэмпы зніжэння працэнтных ставак будуць уплываць інфляцыйныя працэсы, эфектыўнасць работы рэальнага сектара эканомікі, а таксама сітуацыя на ўнутраным валютным рынку».
Прадпрыемствы таксама цікавіць і курс нацыянальнай валюты. Пакуль што падыходы да курсаўтварэння змяняцца не будуць, нягледзячы на значнае паслабленне нацыянальных валют у краінах — асноўных гандлёвых партнёрах рэспублікі. «Тая палітыка, якая праводзіцца сёння, цалкам адпавядае нашым фундаментальным фактарам, забяспечвае захаванне канкурэнтаздольнасці з пункту гледжання ўсёй эканомікі, улічваючы інтарэсы і экспарцёраў, і імпарцёраў, а таксама інтарэсы пазычальнікаў, паколькі ў нас значны аб'ём крэдытаў эканоміцы выдадзены ў замежнай валюце і нейкія сур'ёзныя ваганні курсу вельмі негатыўна адаб'юцца на такіх пазычальніках», — сказаў Сяргей Калечыц.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.