Днямі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама прайшоў вечар-партрэт генерал-маёра міліцыі Уладзіміра СЫЧЭЎСКАГА з нагоды яго выхаду ў запас. Перад вачамі прысутных ды і, мусіць, самога Уладзіміра Васільевіча быццам праходзіла ўся 33-гадовая міліцэйская кар'ера — ад лейтэнанцкіх пагонаў да генеральскага звання. Зрэшты, наша з ім гутарка датычылася не толькі ўспамінаў.
Што агульнага ў настаўнікаў і міліцыянераў?
— Уладзімір Васільевіч, хто «падштурхнуў» вас да выбару прафесіі?
— Скажу шчыра, што я не збіраўся быць міліцыянерам. Нарадзіўся ў пасёлку Кавыжаў Лельчыцкага раёна, ніхто са сваякоў у міліцыі не служыў. Праўда, як тады многія ў дзяцінстве, марыў быць вайскоўцам, падабалася насіць цяльняшку бацькі, які служыў у марскім флоце. Ужо потым, калі праходзіў тэрміновую службу ў арміі, хацеў паступіць у Разанскае ваенна-дэсантнае вучылішча, але не прынялі па ўзросце. На той час я ўжо скончыў Гродзенскі палітэхнічны тэхнікум і каля года адпрацаваў настаўнікам працы і чарчэння ў васьмігадовай школе ў вёсцы Бродніца Лунінецкага раёна. Дарэчы, мой дзед доўгі час працаваў настаўнікам, гэтай жа прафесіі прысвяціла жыццё яго дачка, мая цётка.
Пасля тэрміновай армейскай службы, ужо ў Гродне, зайшоў у Ленінскі райаддзел міліцыі, а там мяне пераканалі, што магу быць карысным у органах унутраных спраў: маўляў, і настаўнікі, і міліцыянеры працуюць з людзьмі. Гэтаму аддзелу я, дарэчы, прысвяціў 18 гадоў службы: ад супрацоўніка патрульна-паставой службы — да начальніка раённай міліцыі. А першыя лейтэнанцкія крокі рабіў следчым у Свіслачы.
— Памятаеце сваю першую следчую справу?
— Так, яна была звязана з хуліганствам з боку неаднойчы судзімага. Прыйшоў я на допыт, сеў у крэсла і хацеў падсунуць яго бліжэй да гэтага чалавека, але... не атрымалася. Тады я яшчэ не ведаў такой асаблівасці пенітэнцыярнай сістэмы, калі мэбля замацоўваецца да падлогі. Гэта нават выклікала ўсмешку грамадзяніна, у дачыненні якога была заведзена крымінальная справа. Тым не менш следства было завершана, справа накіравана ў суд і вінаваты панёс пакаранне.
Цяпер следчыя, як правіла, спецыялізуюцца па пэўных кірунках. А тады я быў адзіным следчым на ўвесь раён. Даводзілася займацца справамі розных катэгорый — звязанымі з непаўналетнімі, рабаўніцтвамі, эканамічнымі злачынствамі, пажарамі... Зразумела, гэта патрабавала пастаяннай працы над сабой, што і сёння вельмі важна для любога супрацоўніка міліцыі, калі ён хоча быць сапраўдным прафесіяналам.
— Вы пачыналі міліцэйскую службу ў СССР, а прадоўжылі ўжо ў незалежнай беларускай дзяржаве. Калі параўноўваць, то ў чым адрозненне?
— Зразумела, спецыфіка ёсць. Савецкі перыяд з пункту гледжання нас, работнікаў праваахоўных органаў, быў станоўчы тым, што мы цесна супрацоўнічалі на ўсёй тэрыторыі неабсяжнай краіны. Гэта было партнёрства, заснаванае не толькі на законе, але і вельмі таварыскае. Якое б пытанне ні ўзнікала — патэлефануеш калегам у самы далёкі пункт, і табе заўсёды гатовы аказаць дапамогу. Цяпер сітуацыя змянілася. Усе жывуць у асобных дзяржавах, дзе фарміруецца свой менталітэт у дачыненні да работы, суседзяў і г.д., адносіны паміж калегамі-праваахоўнікамі становяцца больш афіцыйнымі. Дапамога аказваецца, але ўжо ў іншай інтэрпрэтацыі, іншых часавых рамках, што ўплывае на аператыўнасць вырашэння пытанняў. Пакуль ідуць перапіска, узгадненні, то пры цяперашняй мабільнасці грамадзян, што ўчынілі незаконныя дзеянні, многае страчваем.
Грамадзяне і міліцыя: супрацьстаянне ці партнёрства?
— Уладзімір Васільевіч, як ацэньваеце з пункту гледжання работніка міліцыі тое, што цяпер адбываецца з вашымі калегамі ва Украіне? Для адных грамадзян краіны яны — ворагі, для іншых — героі...
— Самае страшнае — гэта супрацьстаянне людзей, якія жывуць у адной дзяржаве. Адна справа, калі ідзе вайна і зразумела, хто вораг. А калі па адзін бок супрацоўнікі міліцыі, а па другі — іх суграмадзяне, браты і сёстры... Нашы ўкраінскія калегі выконвалі сваю найважнейшую місію па падтрыманні грамадскага парадку, былі тым бар'ерам, што дазволіў пазбегнуць яшчэ большага кровапраліцця. Аднак органы правапарадку, лічу, аказаліся не абароненымі дзяржавай, былі кінуты, засталіся самі па сабе. І тады, калі, здавалася, хваля супрацьстаяння ў Кіеве пайшла на спад, міліцыя няўпэўнена, неадэкватна дзейнічала ў Данецку і Харкаве... Вельмі крыўдна за калег, што яны аказаліся «яблыкам разладу».
— Грамадства з цягам часу становіцца больш законапаслухмяным?
— На мой погляд, яно становіцца больш адукаваным, але гэта, на жаль, далёка не заўсёды спалучаецца з павагай да закона, прынцыпамі маральнасці. Часта бытуе такі падыход, што, маўляў, дайце мне больш правоў, а законапаслухмянасць — гэта для кагосьці іншага. Здараецца, замыкаемся ў сабе, і лічыцца нават у нейкай ступені «непрыстойным» сказаць іншаму, што ён неадэкватна сябе паводзіць. У чалавека нават узнікае дыскамфорт ад таго, што ён правільна робіць, адэкватна рэагуе на парушэнне тых ці іншых нормаў жыцця ў грамадстве, а яго прынцыповасць нікому быццам і не патрэбна. А многія і не задумваюцца аб маральнасці ўласных учынкаў, сваёй грамадзянскай пазіцыі. Паглядзіце на вынікі эксперыментаў, што праводзяць супрацоўнікі ДАІ, мадэлюючы сітуацыю дарожна-транспартнага здарэння з манекенам у якасці пацярпелага: са 100 кіроўцаў толькі 10 спыняцца і пацікавяцца, што адбылося, якая патрэбна дапамога. Гэта вельмі трывожна.
— Аднак ці заўсёды неабыякавыя работнікі міліцыі? Напрыклад, такая сітуацыя з рэальнага жыцця. У чалавека са службовага кабінета ўкралі кашалёк. Так, не варта было пакідаць дзверы адчыненымі, але... Такое ўражанне, што міліцыянеры, якія прыехалі па выкліку, былі не надта заклапочаны раскрыццём злачынства. Адразу ж пачалося з папрокаў, што трэба замыкаць дзверы, што ў будынку няма відэакамеры...
— На жаль, здараецца і так. Супрацоўнікі міліцыі — гэта ў асноўным прафесіяналы, якія перажываюць за сваю справу. Але ёсць і тыя, хто, як у гэтым выпадку, падмяняе рэальную работу лянотай, абыякавасцю. Зразумела, трэба быць уважлівым да сваёй маёмасці. Але спачатку супрацоўнік міліцыі павінен быў правесці дыялог па сутнасці здарэння, збор рэчавых доказаў. І напрыканцы даць рэкамендацыю наконт той жа відэакамеры. Але адбылося інакш, што ў корані няправільна. І такія факты мяне, як работніка органаў унутраных спраў, заўсёды засмучаюць. Бо наша галоўная задача — дапамагчы грамадзяніну, прафесійна выканаць свае абавязкі па раскрыцці злачынства.
Трэба разумець, што выключна маштабнымі мерапрыемствамі аўтарытэт міліцыі ў вачах людзей не сфарміруеш, усё пачынаецца з самага элементарнага. Па-першае, гэта акуратны знешні выгляд супрацоўніка міліцыі. Па-другое (што іншы раз ігнаруецца) — абавязковасць. Не павінна быць так, што паабяцаем чалавеку прыйсці — і не прыходзім. Выклікаем яго на пэўны час, а самі можам спазніцца. І трэцяе (я гэта лічыў бы нават першым) — трэба любіць выбраную справу, з суперажываннем ставіцца да людзей, чыімі праблемамі займаешся па абавязку службы.
— Па якіх крытэрыях цяпер ацэньваецца работа супрацоўнікаў міліцыі?
— Пытанне вельмі няпростае. Розныя крытэрыі існуюць, і адзін з галоўных сёння — грамадская думка. Праўда, хацелася б, каб гэтым маніторынгам дзеля максімальнай аб'ектыўнасці займаліся, акрамя сістэмы МУС, і іншыя ведамствы.
Для мяне, у нядаўнім мінулым кіраўніка абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, адзін з галоўных складнікаў якасці работы — прафілактыка злачынстваў. Не важна, колькі пратаколаў складзе ўчастковы інспектар. Важна, каб была стабільная сітуацыя на яго тэрыторыі. Ён павінен сістэмна працаваць з жыхарамі населеных пунктаў, з органамі мясцовага самакіравання, напрыклад, кантраляваць працаўладкаванне сваіх «падапечных». А не выбіраць просты варыянт: парушэнне ёсць, пратакол склаў, а да чалавека «не дабраўся». У нас нямала ўчастковых інспектараў, якім людзі ўдзячныя за іх няпростую, руцінную працу. Аднак праблема тут ёсць, бо сярод участковых інспектараў шмат маладых людзей, якія не маюць жыццёвага вопыту. Супрацоўнікам са стажам трэба падказаць ім, дапамагчы, нават разам з імі пабываць у нейкіх сітуацыях.
— А як рэагаваць на алкагалізацыю грамадства?
— На жаль, Гродзеншчына знаходзіцца сярод лідараў па ўзроўні спажывання моцных напояў на душу насельніцтва, колькасці начных крам, дзе прадаецца спіртное. Прычым практычна кожнае трэцяе злачынства ўчыняецца менавіта ў стане алкагольнага ап'янення, а забойствы — амаль усе. Быццам усім і зразумела, што патрэбны абмежаванні, аднак існуе пэўнае лабіраванне інтарэсаў у гэтай сферы. Тым не менш ёсць прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва вобласці, і колькасць такіх «начнікоў» скарачаецца. А ў тых, што застануцца, павінна прадавацца, лічу, спіртное толькі па высокіх цэнах. Трэба таксама абмежаваць альбо наогул забараніць яго продаж на аўтазаправачных станцыях. Заслугоўваюць падтрымкі і абмежавальныя захады па продажы спіртнога, якія прымяняюцца ў некаторых раёнах, напрыклад, падчас сельскагаспадарчых кампаній. Гэта дае вынік. Мажліва, ёсць нейкія нестыкоўкі з заканадаўствам, але гэта, мяркую, будзе ўрэгулявана.
За здаровы лад жыцця
— Вядома, што найлепшая альтэрнатыва «зялёнаму змею» — гэта здаровы лад жыцця. Ведаю, што, узначальваючы міліцыю Брэстчыны, вы падтрымлівалі мясцовых веласіпедыстаў. А ў Гродне?
— Пытанні здаровага ладу жыцця сёння, перакананы, павінны быць у краіне прыярытэтнымі. Бо, на жаль, нават падчас прыёму ў міліцыю высвятляецца, што многія юнакі слабыя, фізічна не падрыхтаваныя, не могуць здаць нарматывы. А наконт веласіпедыстаў... Калі ад'язджаў з Брэста, было вельмі прыемна атрымаць падзяку ад спартыўна-турысцкага клуба «Кола — бок» за наша супрацоўніцтва, прыязныя і паважлівыя ўзаемаадносіны. І ў Гродне імкнуўся і буду далей клапаціцца пра стварэнне спрыяльных умоў для веласіпедыстаў.
— У тым ліку і ўласным прыкладам?
— А як жа? Веласіпеды, якія прывёз з Брэста, з надыходам лета прастойваць не будуць. Жонка — на адзін, я — на другі... Праўда, у Гродне яшчэ трэба шмат зрабіць па прыстасаванні дарожнай інфраструктуры да веласіпеднага руху, як і павінна быць у сучасным еўрапейскім горадзе.
— Уладзімір Васільевіч, можна сказаць, што пакідаеце службовы кабінет начальніка УУС, але не міліцыю?
— Думаю, так і ёсць. Спадзяюся, мой вопыт будзе на карысць і маладым супрацоўнікам, і школьнікам нашых профільных міліцэйскіх класаў, створаных практычна ў кожным раёне Гродзеншчыны. Няхай гэта будзе грамадская работа, аднак для мяне яна вельмі цікавая і важная.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Фота Уладзіміра КОЗЫРАВА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.