У нумары «Звязды» за 16 студзеня г.г. быў надрукаваны матэрыял «Вуліца-прывід». Гаворка ў ім ішла пра засмучальны стан вуліцы Марата Казея.
Фактычна ад яе засталіся толькі сцены напаўразбураных дамоў ды бетонныя ліхтары. Былая праезная частка павольна зарастае пустазеллем. Побач валяюцца высачэзныя сцябліны баршчэўніку таўшчынёй у дзіцячую руку... І гэта напярэдадні 70-гадовага юбілею вызвалення Беларусі? Прычым не дзесьці ў чарнобыльскай зоне, а ў межах горада Мінска...
Вуліца Марата Казея аднесена да вытворчай зоны. У перспектыве яна падлягае забудове аб'ектамі камунальнага прызначэння, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей Хільман.
— Цяпер гэтая тэрыторыя прызнана непрыдатнай для пражывання, бо акурат па ёй праходзіць санітарна-ахоўная зона змешчаных побач буйных прамысловых аб'ектаў.
Горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання тэрыторыі, у якую ўваходзіць, сярод іншага, і вуліца Марата Казея, быў распрацаваны ў адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама ад 27 студзеня 2011 года. Ужо зроблены горадабудаўнічы пашпарт для размяшчэння аб'екта камунальна-гандлёвага прызначэння, які размесціцца па вуліцы Марата Казея.
Што ж, на шчасце, сталічны тапонім у гонар піянера-героя Савецкага Саюза да знікнення не прыгавораны. Аднак зараз ён сапраўды знаходзіцца ў «падвешаным стане» — ён як быццам бы ёсць, але дэ-факта пра яго нагадваюць толькі некаторыя карты Мінска.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.