Санет
Замёрзла ноччу
шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сляда,
І нават зверху слоем
снег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там,
пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыдзе чарада!
Здалее хваляў хор
на вольны свет прабіцца.
Прыклаў я гэты сімвал да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай
барацьбе,
І разгадаў прыроды роднай
словы.
Як — прамаўчу,
бо кожны з вас — паэт.
Рассейце ж самі лёгкі
змрок прамовы,
Сваей душы туды
пралліце свет!
М. Багдановіч.
Ён ведаў, што казаў. «Кожны з вас — паэт» — гэта пра яго краіну. Дзе людзі з пяшчотнымі, трапяткімі душамі, але часам вымушаны іх глыбока хаваць. Дзе словы самі, бывае, гучаць у пэўным рытме і складаюцца ў рыфмы — варта толькі адчуць! Дзе вобразы навокал — толькі ўхапі... І шмат тых, хто гэта робіць. А яшчэ колькі тых, хто робіць для сябе. А колькі не прызнаюцца сабе ў тым, што маглі б. Нездарма Беларусь называюць краінай паэтаў.
Таму дзень 21 сакавіка, па сутнасці, наш: Сусветны дзень паэзіі, паводле прапановы ЮНЕСКА, стаў адзначацца з 1999 года. І адзначаецца ў Беларусі. Напрыклад, Дзяржаўны літаратурны музей імя Якуба Коласа наладзіў вечарыну «Паэзія як прадчуванне...» Паколькі свята міжнароднае, то гучалі вершы, напісаныя паэтамі розных краін. Беларускіх творцаў прадстаўляў галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч. Праўда, не толькі. У Доме Коласа разумееш, наколькі жывая творчасць класіка. Яна жывая не толькі для Беларусі: чыталі Коласа ў іншых краінах дзякуючы перакладам. Напамінам аб перакладчыку твораў Якуба Коласа Сяргею Гарадзецкім стала выстава, што размясцілася ў музеі. Яна называецца «Май дарагі сябра, мой лепшы перакладчык» і змяшчае матэрыялы з фондаў музея. Расійскі і беларускі паэты сябравалі, ліставаліся, абменьваліся падарункамі. Незвычайны падарунак ад Гарадзецкага ў выглядзе рукапіснага альбома з вершамі-прысвячэннямі атрымаў Колас на 65-годдзе. Расійскія чытачы адчувалі творы Коласа дзякуючы перакладам Гарадзецкага. Але ёсць Колас, які заўсёды актуальны для нас. І лепш яго чытаць на мове арыгінала, калі напісана так, як задумана. Словы нясуць сэнс, нараджаюць думку і натхняюць на добрыя справы. Так і словы іншых беларускіх паэтаў: у іх ёсць наша сутнасць, наша адчуванне і разуменне жыцця.
І гэта першая прычына, каб чытаць беларускую паэзію. Тут і ЮНЕСКА працытаваць дарэчы: «Паэзія можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека, але для гэтага неабходна прыцягнуць да яе як мага шырэйшую грамадскую ўвагу». Узгадаць класікаў ад Купалы, Коласа і Багдановіча, у паэтычнай творчасці якіх, як у люстэрку, адбіліся ідэі і мары цэлага народа. І гэтыя ідэі і мары зразумелыя нават не на адно стагоддзе.
Другая: словы маюць вялікую сілу, прыроду якой цяжка бывае патлумачыць выключна матэрыяльным падыходам да жыцця. І таму здаецца, што сама з'ява паэзіі — гэта ўвасабленне перамогі духоўнага пачатку ў свеце. Сапраўдная паэзія — жывая з'ява, і яна жывіць, патрэбнае слова ў пэўны момант можа стаць і адказам на твае пытанні, і лепшым антыдэпрэсантам. Добрая паэзія — як дарагі суразмоўца: усё адчувае ці пра ўсё здагадваецца.
Трэцяя: можа, таму, што людзям дадзены словы ад Бога — і кожнаму народу ў тым варыянце, які найбольш яму падыходзіць. Мы, жывучы ў Беларусі, можам чытаць і разумець творы, якія напісаныя па-руску. Блізкія і зразумелыя нам будуць вершы на ўкраінскай ці польскай і іншых славянскіх мовах. Але ж нездарма ў нашай краіне сёння шмат паэтаў, якія пішуць па-беларуску. Нібыта ёсць адказ: наша мова вельмі пявучая, мае шмат галосных, яна ж сама просіцца ў вершаваныя радкі. Як жа гэта не заўважыць? А калі адчуў, то як жа на ёй не пісаць?
З гэтага вынікае чацвёртая прычына: у нас ёсць каго чытаць. Справа не толькі ў вялікай колькасці цікавых паэтаў. Справа яшчэ ў разнастайнасці паэтычнай творчасці айчынных аўтараў. Хочаце нешта сур'ёзнае, з грамадзянскім настроем — ёсць. Патрэбны адказы на філасофскія пытанні — шукаць іх далёка не трэба, усё ёсць тут, у сваёй культуры. Каханне рвецца вонкі праз словы і вобразы — і пра яго цудоўна гавораць па-беларуску ад імя і жанчын, і мужчын. Таму што ў нас багата паэтаў мужчын. Але ў нас цудоўныя жанчыны-паэткі. Чытаць іх — айчынных творцаў, дзякуй Богу, можна не толькі ў выдадзеных папяровых зборніках вершаў, але і ў інтэрнэт-выданнях ці парталах, у часопісах і іх асабістых старонках у сеціве.
Пятая: гэта прыемна. Як заўсёды прыемна дакранацца да мастацтва і захапляцца тым: як жа прыгожа, цудоўна сказана. І гэта ж амаль што тыя словы, якія жылі ў тваім сэрцы. І гэта вершы ад жыцця і зямлі. І гэта паэзія, якая ад нябёсаў. Яна існуе сярод нас, адкрываецца найбольш чулым істотам, якія, як радары, выхопліваюць думкі з прасторы (ці ад вышэйшага розуму?), акрэсліваюць іх у словах. І ніколі самі не могуць патлумачыць, як жа гэта ў іх атрымліваецца... Сапраўдныя паэты. Наша багацце. Але ж здаецца, што вершы пісаць у нас спрабаваў ці не кожны. Значыць, кожны — ці то патэнцыяльны паэт, ці як мінімум чытач. І не толькі ў Дзень паэзіі. Вось у чым свята!..
Ларыса ЦІМОШЫК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.