Балет па-за часам і прасторай. Такі сэнс быў вызначаны для праграмы «Вечар балета: са стагоддзя ХІХ у стагоддзе ХХІ», якая была прадстаўлена ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Можа быць, сапраўды было лагічна яе стварыць, каб праілюстраваць своеасаблівую эвалюцыю харэаграфічнага мастацтва: з рамантычных і класічных узораў ХІХ стагоддзя да новых формаў і сэнсаў, да якіх балет прыйшоў у ХХ стагоддзі.
Добра, што гэтае самае дваццатае ў нашым тэатры ёсць чым праілюстраваць: у апошнія гады з'явіліся пастаноўкі сусветных харэографаў, чыя творчасць у свой час стала рэвалюцыйнай. Спачатку наш тэатр набыў у свой рэпертуар адзін з балетаў Джорджа Баланчына «Серэнада» на музыку П. Чайкоўскага. Выхаванец рускай балетнай школы, які эміграваў у ЗША, Баланчын стаў прадстаўніком неакласічнага кірунку ў балеце. Але ён усё ж быў рэфарматарам у тым, што ў пастаноўках не прытрымліваўся канкрэтнага сюжэта, дзе дакладна прапісаны ролі. Хоць калі прыглядзецца да той самай «Серэнады», што ідзе ў нашым тэатры, то сюжэт можна ўсё ж убачыць. Іншая справа, што ў кожнага гледача ён атрымаецца, магчыма, свой. Зусім іншы варыянт пераасэнсавання класічнага балета прапанаваў чэх па паходжанні Іржы Кіліян, які працуе ў Галандыі: дзякуючы яму ўсе убачылі, што значыць постмадэрнізм у харэаграфіі. Убачылі і мы, таму што яго пастаноўка «Шэсць танцаў» на музыку В.-А. Моцарта таксама з'явілася ў рэпертуары беларускага балета. Вельмі іранічны балет, што дзіўна для гэтага віду мастацтва. І «Серэнада», і «Шэсць танцаў» — непрацяглыя па часе пастаноўкі, але абсалютна самастойныя творы. Кожны з іх — на адно невялікае аддзяленне. І натуральна, калі ёсць у афішы пастаноўкі, якія ілюструюць гісторыю развіцця харэаграфіі ў ХХ стагоддзі, то лагічна было б паказаць і тую эпоху, якая стварыла падмурак класічнага балета і, адпаведна, дала падставу для рэфарматарства.
Калі ласка: тры дывертысменты. Гэта асобныя танцавальныя нумары, якія ідуць адзін за адным. Яны былі прадстаўлены ў першым аддзяленні гістарычнага балетнага «Вечара...». Два як прэм'еры ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай: «Па-дэ-катр» і «Свята кветак у Чынзана». І яшчэ «Па-дэ-сіс» з балета «Эсмеральда» Пуні. Паводле задумы, усе яны сімвалізуюць абліччы еўрапейскага балета. Тры разам — свайго роду пралог да другога і трэцяга аддзялення з харэаграфіяй Баланчына і Кіліяна, асновай для якіх усё ж была добрая класіка. Усё разам у адным «Вечары...» — ілюстрацыя развіцця харэаграфіі і нават магчымасць выхоўваць айчыннага гледача, калі можна прасачыць развіццё класікі і зразумець, як адбываўся пераход да сучасных танцавальных формаў. Але ў кожным кірунку ёсць свая эстэтыка. Нават у абстрактным сучасным танцы, які скіраваны на іншае светаадчуванне, на іншую энергетыку і выяўленне ідэй праз рухі. Кожную з папярэдніх балетных эпох трэба адчуць, каб зразумець, як і чаму развіваецца харэаграфія ў стагоддзі ХХІ. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Можа, таксама для асобнага «Вечара...».
Ларыса ЦІМОШЫК
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.