У Францыі пабачаць балет з Беларусі
Дзе толькі не выконвалі артысты беларускага балета «Лебядзінае возера»: у розных краінах, у розных умовах — на тэатральных сцэнах, адкрытым паветры і нават на рэальным вадаёме. Загартаваныя, гатовыя да вялікай працы артысты. Чарговы гастрольны тур будзе не менш напружаным: 42 спектаклі за 43 дні. Адказнасць асаблівая яшчэ і таму, што гастролі з 23 сакавіка па 4 мая пройдуць у Бельгіі і Францыі (краіне, дзе балет атрымаў асаблівы штуршок да развіцця яшчэ з ХVІ стагоддзя).
Менавіта пад уплывам французскай харэаграфічнай школы развіваўся балет у Расіі, дзе былі створаны шэдэўры, якія сёння прызнаны класікай. Напрыклад, балеты Пятра Чайкоўскага. Адзін з іх — «Лебядзінае возера». Спектакль, які прысутнічае ў афішы беларускага Вялікага тэатра оперы і балета, адзін з самых запатрабаваных на гастролях у розных краінах. Цяпер гэты спектакль Беларускага балета паглядзяць у такіх гарадах, як Парыж, Бардо, Страсбург, Брусель, Антверпен, Грэнобль, Тулон, Ніца, Марсель, Тулуза, Ліён, Руан, Ліль, Нант і іншых. У Парыжы на сцэне Палаца Кангрэсаў спектакль пакажуць тройчы. Танцаваць галоўныя партыі будуць вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь: Вольга Гайко, Ірына Яромкіна, Алег Яромкін, Канстанцін Геронік, Ігар Аношка, Ягор Азаркевіч, Такатошы Мачыяма і іншыя.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.