...«Спадарыня, ну што вы сталі, як карова!» — «Якая я вам спадарыня?»
Прачытала ў «Звяздзе» гэты анекдот і спачатку ад душы пасмяялася, бо гэта ж трэба: параўнанне з каровай жанчыну, што называецца, не зачапіла, не абурыла, не абразіла, а вось зварот...
Калі быць шчырай, мне ён таксама раней не вельмі падабаўся, здаваўся нейкім штучным, не арганічным, за вушы прыцягнутым. Але ішлі гады, гэта слова ўсё часцей стала з'яўляцца на старонках «Звязды», якую я выпісваю, стала гучаць па радыё, нават па тэлебачанні. Яно вярнулася ў нашу мову, людзі ўжо прывыклі да яго, і цяпер, як мне падаецца, хацелі б чуць як мага часцей. Ну вось напрыклад: усе абвесткі ў сталічным грамадскім транспарце пачынаюцца са слоў: «Паважаныя пасажыры!». Як быццам, добра, правільна? Але ж, калі прыслухацца, неяк суха, казённа. Куды прыгажэй, цяплей, а галоўнае, па-нашаму, па-беларуску, гучаў бы зварот: «Шаноўнае спадарства!» Я мяркую, што ён працаваў бы, бо абсалютная большасць дастойных павагі, а тым больш вельмі паважаных (як тлумачыцца слова шаноўныя) спадароў і спадарынь, імкнулася б адпавядаць агучанаму званню і такім чынам паводзіць сябе больш паважліва, больш прыстойна.
Гэта — па-першае, а па-другое...
Беларусь, і ў першую чаргу яе сталіца, рыхтуецца цяпер да чэмпіянату свету, да прыезду шматлікіх гасцей. Сярод іх, напэўна ж, будуць лэдзі і джэнтльмены, мадам і мсье, сеньёры... Дык няхай бы ўсе яны — рускія, англічане, французы, немцы, палякі ды іншыя — даведаліся, што мы, беларусы, таксама не лыкам шыты, што ёсць у нас свая мова, ёсць свой адметны і досыць прыгожы зварот да людзей.
І як жа добра было б, каб ён загучаў такі па гучнай сувязі ў аўтобусах і тралейбусах, у нашым метро...
А. Сазонава,
г. Мінск
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.