Пра што нам могуць расказаць паштоўкі ў нашых альбомах? Пра горад у які ты марыш патрапіць, але пакуль не назапасіў грошай, пра далёкае і блакітнае Чорнае мора, салёныя хвалі якога спыніліся ў аб'ектыве фотамастака, пра стары, згублены Мінск, пра зімовае свята, якое пахне елкай і імбірным печывам... А яшчэ яна можа быць насычана паэзіяй, верай. Пацвердзілі гэта беларускія мастакі. Яны стварылі серыю паштовак, у якой зірнулі на свята Вялікадня праз прызму вершаў нашых паэтаў. Выстава, якая адкрылася ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены, так і называецца — «Вялікдзень з беларускай паэзіяй».
Ідэйнымі натхняльнікамі падобнай акцыі сталі валанцёры гродзенскага інтэрнэт-партала grodnensіs.by. Яшчэ восенню яны вырашылі стварыць паштоўкі пра Вялікдзень, заснаваныя на беларускай паэзіі, і на пачатку сакавіка ажыццявілі сваю мару.
— Наша выстава — гэта сустрэча мастака і паэта. Ёй мы хацелі зрабіць нешта добрае да Вялікадня, для распаўсюджвання беларускай мовы ў касцёлах Гродзеншчыны. Бо, шчыра кажучы, у нашых святынях выкарыстоўваюць пераважна польскую мову, — стоячы каля мальбертаў з павялічанымі карткамі, кажа Марына Белаблоцкая, адзін з арганізатараў праекта.
— Нам стала цікава, што пра Вялікдзень казалі ў сваіх творах айчынныя аўтары, і наогул, як тэма Бога развівалася ў паэзіі. У пошуках твораў у бібліятэцы правялі некалькі дзён. Мы літаральна абклаліся кніжкамі і ў выніку знайшлі шмат вершаў Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Валянціна Лукшы, Сяргея Новіка-Пеюна, Дануты Бічэль, Паўла Саковіча, Васіля Жуковіча. Пасля адаслалі вершы графікам, дызайнерам, дзецям, каб яны пасля чытання на паперы адлюстравалі сваё разуменне літаратурных твораў і свята. Усяго ў экспазіцыю ўключылі 18 твораў.
Айцец Юрый Жэгарын, рэдактар сайта grodnensіs.by, кажа, што ў Гродне падобная ініцыятыва стварыла сапраўдны рэзананс. Напярэдадні Вялікага посту адбыўся літаратурны вечар. Выступала Данута Бічэль, выкладчыкі з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, спяваў хор, а супрацоўнікі музея гісторыі рэлігіі прадэманстравалі старыя паштоўкі.
— Нашай выставай мы хочам паказаць грамадству, што беларускія пісьменнікі былі прасякнуты духоўнасцю і асаблівую ўвагу звярталі на Вялікдзень — найвялікшае свята хрысціянства. Гэтыя паштоўкі незвычайныя, нетрадыцыйныя, — працягвае ксёндз Юрый і дэманструе глянцавы чырвоны прамавугольнік, на які нібы прызямліліся саламяныя птушачкі. — У каталіцкай традыцыі вернікі прызвычаіліся бачыць на велікодных паштоўках уваскрэслага Езуса ці ягнё са штандарам, а ў нашай серыі яны крыху іншыя. Магчыма, людзі сталага ўзросту да канца гэта не разумеюць, чаго нельга сказаць пра моладзь, якая разважае прагрэсіўна.
На мальбертах позірк адразу трапляе на шчырыя, наіўныя дзіцячыя малюнкі з вялікімі рознакаляровымі яйкамі і маленечкімі кураняткамі, катамі і святочнымі кулічамі. Але хапае і канцэптуальных работ. Іна Пяткевіч (на фота), студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў паштоўкай нагадала, што адным з галоўных славянскіх сімвалаў Вялікадня з'яўляецца чырвонае яйка. Беларускі каларыт, хрысціянскае значэнне падкрэслівае на ім васьміканцовы крыж — спрадвечны сімвал дзіцяці.
— Мне даслалі некалькі твораў, але я адразу спынілася на вершы Рыгора Барадуліна «Прыходзіла Вялічка на сяло...», — узгадвае сваю задуму Іна. — Аповед пра Вялічку, чырвоныя яйкі з белатварым сырам, сонца мяне адразу захапіў. І мне захацелася, каб вобраз яйка быў на маёй паштоўцы не вельмі відавочным, каб чалавек узгадаў чырвоны колер свянцонкі і дадумаў сам, што яшчэ можа ляжаць у гэтым святочным кошыку. У выніку я выкарыстала мінімальную колькасць колераў і зрабіла трафарэтны адбітак. Сімвалічнасць бачу і ў тым, што прэзентацыя паштоўкі адбылася 2 сакавіка, у дзень, калі з жыцця пайшоў Барадулін. Паэт памёр, але яго верш нарадзіўся ў вобразе паштоўкі.
Паспець з дапамогай паштоўкі «адчыніць акно» ў Вялікдзень яшчэ можна. Выстава працуе да 23 сакавіка.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.