Адбор ахвотных атрымліваць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю пройдзе гэтым летам па новых «правілах гульні»: днямі кіраўніком дзяржавы была зацверджана новая рэдакцыя Правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Паводле слоў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, асноўныя моманты ўступнай кампаніі — тэрміны яе правядзення, структура іспытаў, цэнтралізаванае тэсціраванне — засталіся нязменнымі. Змены адбыліся хутчэй якасныя, якія дазволяць захаваць прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і ажыццявіць больш якасны набор. Былі вызначаны таксама і больш эфектыўныя механізмы прыцягнення моладзі на запатрабаваныя рынкам працы спецыяльнасці.
Пад якаснымі змяненнямі кіраўнік адукацыйнай галіны меў на ўвазе, напэўна, адмену асобнага конкурсу паміж сельскай і гарадской моладдзю і ўпарадкаванне льгот, якія прадастаўляліся пэўным катэгорыям абітурыентаў.
— Адмену асобнага конкурсу мы адназначна падтрымліваем, — падкрэсліла ў гутарцы з журналістам «Звязды» адказны сакратар прыёмнай камісіі Белдзяржуніверсітэта Людміла ХУХЛЫНДЗІНА.
— На жаль, але ў нас здараліся сітуацыі, якія супярэчылі здароваму сэнсу: калі дакументы ў прыёмную камісію падаваў толькі адзін абітурыент з сельскай мясцовасці, то ён — незалежна ад узроўню ведаў — паступаў фактычна без конкурсу. А гэта было несправядліва ў дачыненні да абітурыентаў, якія не станавіліся студэнтамі, нават маючы даволі высокія балы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.
Увогуле, па нашых назіраннях, кожны другі абітурыент з сельскай мясцовасці, які спрабуе паступіць у БДУ, у выніку становіцца студэнтам. Выпускнікі ўстаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, ужо не першы год паспяхова канкурыруюць з гараджанамі, таму сэнсу ў далейшым існаванні асобнага конкурсу мы не бачым.
У папярэднія гады ў БДУ рэгулярна ўзнікалі праблемы з залічэннем абітурыентаў на звышпрэстыжныя спецыяльнасці факультэта міжнародных адносін. Справа ў тым, што пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце «Грамадазнаўства» мелі права быць залічанымі на гэтыя спецыяльнасці без уступных іспытаў. І яны фактычна выціскалі абітурыентаў з вельмі высокімі баламі па выніках ЦТ. Так, летась з 15 залічаных на спецыяльнасць «Міжнароднае права» 14 аказаліся пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Затое не змог паступіць абітурыент, які меў 386 балаў з 400 магчымых.
Цяпер пры паступленні на такія спецыяльнасці, як «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права», пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве будуць выстаўляць аўтаматычна 100 балаў па гэтай дысцыпліне.
Не змогуць паступаць на гэтыя спецыяльнасці па-за конкурсам і дзеці-сіроты, а таксама дзеці, што засталіся без апекі бацькоў. Увогуле абмежаванне пазаконкурснага прыёму дзяцей-сірот на ўсіх спецыяльнасцях да 30 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму з'яўляецца, на думку Людмілы Хухлындзінай, апраўданым захадам:
— Не сакрэт, што некаторыя льготнікі паступалі з вельмі нізкімі баламі. Узровень іх ведаў не дазваляў асіліць праграму вышэйшай школы, і яны адлічваліся па прычыне акадэмічнай непаспяховасці. Для гэтых дзяцей вялікая псіхалагічная траўма быць адлічанымі пасля першай ці другой сесіі. Таму лепш яшчэ на ўваходзе ўстанавіць нейкі фільтр.
Раней пералік катэгорый абітурыентаў, якія мелі права на пераважнае залічэнне пры роўнай колькасці балаў, быў надзвычай вялікім. А цяпер пераважным правам будуць карыстацца толькі абітурыенты, якія атрымалі больш высокі бал на ўступных іспытах па першым прадмеце профільнага экзамену, затым — абітурыенты, якія маюць вышэйшы бал у дакуменце аб адукацыі па гэтым прадмеце, абітурыенты з вышэйшым балам па другім прадмеце профільных іспытаў і абітурыенты з больш высокім сярэднім балам дакумента аб адукацыі.
А вось як закране пашырэнне мэтавага набору абітурыентаў Белдзяржуніверсітэта, Людміла Хухлындзіна пакуль спрагназаваць не ўзялася, заўважыўшы, што раней мэтавы набор практыкаваўся ў БДУ толькі на педагагічных спецыяльнасцях і ў Інстытуце журналістыкі. Але тэарэтычна цяпер яго можна ажыццяўляць на ўсіх спецыяльнасцях. Таму галоўнае пытанне заключаецца ў тым, наколькі актыўны інтарэс праявяць да мэтавай падрыхтоўкі заказчыкі кадраў?
— Акрамя значнага павелічэння квоты на мэтавую падрыхтоўку па медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, адбылося змяненне прынцыпу мэтавага набору, — падкрэслівае міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. — З гэтага года прадпрыемствам, арганізацыям і іншым структурам дадзена магчымасць «вырошчваць» для сябе сваіх будучых работнікаў. Зняты ўсе абмежаванні для прэтэндэнтаў на мэтавую падрыхтоўку. Так што прадстаўнікі любых кампаній і прадпрыемстваў могуць ісці ў навучальныя ўстановы, весці агітацыю, дамаўляцца са старшакласнікамі, абяцаць ім дадатковае стыпендыяльнае забеспячэнне, клапаціцца пра будучых спецыялістаў яшчэ падчас іх навучання.
На думку міністра адукацыі, працадаўцы прызвычаіліся атрымліваць выпускнікоў па размеркаванні. І калі яны не перагледзяць сваё стаўленне да падрыхтоўкі кадраў, то ў бліжэйшай перспектыве будуць пазбаўлены магчымасці адабраць лепшых спецыялістаў для сваёй галіны. Раней за працэс падрыхтоўкі кадраў адказвалі толькі ВНУ. Але новыя правілы прыёму ўключылі ў гэты працэс прадпрыемствы — заказчыкі кадраў. ВНУ цяпер выступае толькі пасярэднікам, які бярэ на сябе адказнасць за якасную падрыхтоўку спецыяліста.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.