Дырэктыва №5 будзе скіравана на павышэнне канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў
Паўтара месяца ў Беларусі працуе міжведамасная камісія па рэфармаванні аграпрамысловага комплексу, якую ўзначальвае прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Яна была створана дзеля вырашэння надзённых праблем сельскай гаспадаркі — павышэння прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў, зніжэння сабекошту малака і мяса, мадэрнізацыі тэхнікі... Папярэднія вынікі працы камісіі падвёў учора міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.
За 2013 год рэсурсы для аграпрамысловага комплексу падаражэлі агулам на 6 трыльёнаў рублёў. Пры гэтым моцным стрымальным фактарам з'яўляюцца закупачныя цэны, калі параўноўваць іх памер з суседнімі краінамі. Недаатрымана з-за гэтага прыкладна 11 трыльёнаў. Аднак сёлета закупачныя цэны на прадукцыю па дзяржаўным заказе вырастуць на 10%.
Існуюць і няроўныя ўмовы крэдытавання суб'ектаў гаспадаркі — працэнтныя стаўкі па банкаўскіх пазыках нашмат перавышаюць аналагічныя паказчыкі Расіі, Казахстана, не кажучы ўжо пра краіны Еўрасаюза. А ўсё гэта ўрэшце адбіваецца на канкурэнтаздольнасці прадукцыі як на айчынных, так і на замежных рынках. Дзеля яе павышэння міжведамаснай камісіяй падрыхтаваны праекты некалькіх указаў.
Свабоднае цэнаўтварэнне і прыцягненне інвестыцый
Першы праект носіць назву «Аб асноўных напрамках дзяржаўнай аграрнай палітыкі Беларусі да 2020 года». Яна будзе скіравана не толькі на стабільнае развіццё АПК, але і на павышэнне ўзроўню жыцця сельскага насельніцтва. Яе распрацоўвалі спецыялісты міністэрстваў сельскай гаспадаркі, эканомікі і фінансаў. Праграма ўключыць у сябе, сярод іншага, пераход прадпрыемстваў на свабоднае цэнаўтварэнне, стварэнне добрага інвестыцыйнага клімату, а таксама падтрымку парытэту індэксу цэн. Гэта і бачыцца асноўнымі шляхамі аздараўлення эканомікі ў сельскай гаспадарцы.
Большая эфектыўнасць — праз аб'яднанне ў холдынгі
Праект другога ўказа скіраваны на павышэнне агульнай эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу. Ён закране тыя прадпрыемствы, якія апынуліся ў цяжкай фінансавай сітуацыі. Так, будуць стымулявацца ўмовы стварэння агракамбінатаў, холдынгаў шляхам далучэння такіх прадпрыемстваў да тых, хто працуе паспяхова. Для апошніх прадпрыемстваў плануецца стварыць адмысловыя прэферэнцыі — адтэрміноўкі да пяці гадоў выканання абавязацельстваў па доўгатэрміновых інвестыцыйных крэдытах, лізінгу. Знізяцца для іх і падатковыя нагрузкі.
— Мушу адзначыць, што аграпрамысловы комплекс ці холдынг трэба ствараць «пад канкрэтную асобу». Чалавек, які яго ўзначаліць, мусіць быць сапраўдным стратэгам, павінен маштабна разважаць. І такія людзі ў нас ёсць. Па прыклады далёка хадзіць не трэба — гэта агракамбінаты ў Дзяржынску і Скідалі, якія былі створаны некалькі гадоў таму. І па гэтым узоры ёсць магчымасць выцягнуць эканоміку суб'ектаў, — лічыць Леанід Заяц.
Калгасы рэарганізуюць праз тры гады?
— Зараз у Беларусі працуе 347 калгасаў. Іх будзе неабходна рэарганізаваць да канца 2016 года, калі, вядома, будзе прыняты праект адпаведнага ўказа. У такім разе калгасы пераўтворацца ў гаспадарчыя таварыствы, камунальна-ўнітарныя прадпрыемствы або іншыя формы. Выклікана гэта тым, што многія палажэнні статута, які быў прыняты яшчэ ў 2007 годзе, страцілі сваю актуальнасць. Ён не адпавядае некаторым палажэнням Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў. Прыняцце гэтага ўказа дазволіць, у прыватнасці, канкрэтызаваць адносіны, якія датычацца ўласнасці прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны эканомікі, — зазначыў Леанід Заяц.
Усе гэтыя праекты нарматыўна-прававых актаў ужо маюць подпіс прэм'ер-міністра. Выніковым дакументам, у якім будуць змешчаны высновы працы камісіі, і стане Дырэктыва №5. Неўзабаве ўсе гэтыя дакументы перададуць на разгляд Прэзідэнту.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.